Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У найбліжэйшыя месяцы істотных ваганьняў курсу ня будзе», — экспэрт


Наколькі эканамічна абгрунтавана цяперашняе адноснае ўмацаваньне беларускага рубля? Ці магчыма спрагназаваць курс беларускай нацыянальнай валюты — у кароткачасовай і доўгатэрміновай пэрспэктыве?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць эканаміст Зьміцер Крук і былы старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Цыганкоў: У грамадзян Беларусі традыцыйна пасьля выбараў узьнікаюць хваляваньні наконт курсу нацыянальнай валюты, ці ня будзе чарговы раз дэвальвацыі. Пасьля гэтай выбарчай кампаніі прайшоў ужо тыдзень, а курс рубля толькі ўзмацніўся. Ці адбылося гэта натуральным чынам, ці можна падазраваць нейкае адміністратыўнае і палітычнае ўмяшаньне?

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Багданкевіч: Я лічу, што цяпер мы маем натуральны курс, які вызначаецца попытам і прапановай на рынку. У цэлым цяперашні курс — гэта адлюстраваньне стану эканомікі, і дэвальвацыя, якая адбылася цягам апошняга году, адпавядае эканамічнаму крызісу ў Беларусі.

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Крук: Курс утвараецца рынкавым чынам, і няма падставаў казаць, што гэта штучны курс. У курсавой палітыцы шмат чаго зьмянілася, і няма падставаў заяўляць, што існуе нейкае адміністратыўнае ўмяшаньне.

Цыганкоў: На курс беларускага рубля вельмі моцна ўплывае курс расейскай валюты, якая ў сваю чаргу залежыць ад коштаў на нафту. Цяпер, калі гэтымі днямі цэны на нафту зноў растуць, — ці варта чакаць умацаваньня беларускага рубля?

Крук: Вы слушна заўважылі, што ад коштаў на нафту мы залежым не непасрэдна, а праз расейскі рубель. Напачатку наступнага году ў Расеі мяркуецца нейкае дадатнае сальда плацяжоў, і гэта стварае перадумовы для ўмацаваньня расейскага рубля. Гэтыя ваганьні будуць абумоўліваць і ваганьні беларускага рубля, і мы будзем залежаць ад коштаў на нафту ў крыху меншай ступені.

Цыганкоў: Гэта замежныя чыньнікі. А як на курс уплываюць унутрыпалітычныя эканамічныя рашэньні?

Багданкевіч: У нас моцная залежнасьць ад стану бягучага рахунку плацёжнага балянсу. І тут мы назіраем пэўную стабільнасьць, я ня бачу нейкага ўнутранага ціску. Думаю, рубель упадзе да 18 тысяч, бо гэта зьвязана зь вялікімі праблемамі ў беларускай эканоміцы: ростам стратнасьці, складзкіх запасаў, зьніжэньнем экспарту. Але прычынаў для абвальнага падзеньня я ня бачу.

Цыганкоў: Але гэтыя нэгатыўныя працэсы парадаксальным чынам могуць добра уплываць на стабільнасьць рубля. Бо ў нікога няма грошай: і ў прадпрыемстваў, і ў грамадзянаў — адпаведна няма за што і купляць валюту?

Нам патрэбныя радыкальныя рашучыя рэформы. Толькі ў гэтым выйсьце на пэрспэктыву

Багданкевіч: Вы самі і далі адказ. Я таму і лічу, што пэўная стабільнасьць курсу будзе працягвацца да канца году. Рублёвая грашовая маса амаль не павялічваецца, яна стабілізаваная.

Цыганкоў: Зьміцер Курс, у адной з нашых «Экспэртыз» у канцы жніўня вы заявілі: «Чакаць далейшай істотнай дэвальвацыі я ня бачу падставаў». Тады даляр быў каля 17800, і акурат пасьля вашых словаў беларускі рубель пачаў умацоўвацца. Паспрабуйце і зараз даць прагноз.

Крук: Трэба разьмяжоўваць доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя тэндэнцыі. Што зьмянілася за апошні год? Палітыка абменнага курсу, які сёньня сапраўды ў адміністратыўным рэжыме не кіруецца. То бок у гэтай сытуацыі мы даволі гнутка рэагуем на зьнешнія тэндэнцыі.

Для доўгатэрміновай пэсрпэктывы курс — гэта люстэрка прадукцыйнасьці эканомікі. І калі ня зьменіцца эканамічная палітыка, то, хутчэй за ўсё, беларускі рубель будзе абясцэньвацца. Калі ж казаць пра 2-3, нават 6 месяцаў, то тут даволі істотных ваганьняў ня будзе.

Цыганкоў: Вы гэты прагноз робіце незалежна ад таго, ці атрымае Беларусь крэдыты ад МВФ і Расеі?

Крук: Фактычна цяпер крэдыт — гэта ўжо не пытаньне абменнага курсу. Бо за кошт плаваючага абменнага курсу мы амаль аўтаматычна маем нулявое сальда бягучага рахунку. Таму крэдыт — атрымаем мы яго ці не — істотна на курсаўтварэньне ўплываць ня будзе.

Багданкевіч: Я паслухаў апошнія выказваньні Лукашэнкі. Ён заявіў, што ўрад мяняць ня будзе, што радыкальнага пераўтварэньня эканамічнай сыстэмы ён не прадугледжвае.

Таму мая выснова такая, што стагнацыя эканомікі прадоўжыцца, і прадоўжыцца падзеньне курсу. Не абвальваньне, але павольнае пагаршэньне сытуацыі.

Мяркую, што нам патрэбныя радыкальныя рашучыя рэформы. Толькі ў гэтым выйсьце на пэрспэктыву. А падфарбоўваць фасад — ні да чаго добрага не прывядзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG