Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Караткевіч прачытаў і ўвесь страпянуўся» — Пазьняк пра свой аўтограф на партрэце Каліноўскага


«Няхай тваё жыцьцё будзе вартым ягонай сьмерці», — знакаміты партрэт Кастуся Каліноўскага з такім надпісам 21-гадовы Зянон Пазьняк падарыў Уладзімеру Караткевічу 26 лістапада 1965 году. Караткевічу ў той дзень споўнілася 35. Ужо напісаныя «Дзікае паляваньне Караля Стаха» і «Каласы пад сярпом тваім».

«Гэта быў яго дзень нараджэньня, — згадвае Зянон Пазьняк. — Мы зь ім пазнаёміліся ў 64-м і неяк зблізіліся. Я вырашыў яму зрабіць падарунак. Зрабіў вялікі партрэт Каліноўскага. Той здымак з Каліноўскім, які ходзіць у інтэрнэце, — гэта мой здымак. Я тады зрабіў дзясяткі экзэмпляраў і распаўсюдзіў паміж сваіх знаёмых. Бо тады гэта была праблема. Такога здымка не было, я яго знайшоў. І якраз гэты здымак, якога Караткевіч ніколі, я думаю, ня бачыў, яму вырашыў падараваць. Зрабіў вялікі партрэт і на хаду пэндзлікам напісаў.

Яго гэта ўразіла. Я памятаю, што Валодзя прачытаў і ўвесь страпянуўся, сьцяўся і кажа: „Дзякуй, дарагі! Дзякуй!“. Аж зашаптаў. Яго праняло тое, што я там напісаў».

Зянон Пазьняк, фота 1968 году

Зянон Пазьняк, фота 1968 году

Зянон Пазьняк згадвае пэрыяд сярэдзіны 60-х як пэрыяд «узьнёслага рамантызму».

«Для Караткевіча, для нас зь Лявонам Баразном, Мішы Чарняўскага, яшчэ людзей. Караткевіч надрукаваў „Дзікае паляваньне караля Стаха“ ў 1964-м, мы яго ўсе пачыталі, пазнаёміліся зь ім. Шмат цікавых гісторый ёсьць. Ноччу былі ў Батанічным садзе, праз плот пералезьлі, зіма была... шмат было рамантычных гісторый.

Вялікія былі надзеі на Караткевіча. Мы нават гаварылі між сабой, каб яго неяк аберагаць, каб яго не зьвялі. Як КДБ працуе, мы тады ведалі тое, што цяпер яшчэ ня ведаюць. Караткевіч, мне здаецца, таксама вельмі рамантычна адносіўся ў той пэрыяд да сваёй творчасьці, да свайго жыцьця.

Гэты пэрыяд пакінуў эмацыйны адбітак у маёй душы. Думаю, каб жыў бы Караткевіч, сказаў бы тое самае. 60-я гады былі вельмі ўзьнёслыя, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, якія былі пад Саветамі».

Надпіс на партрэце, безь якога цяжка ўявіць сабе кабінэт знакамітага пісьменьніка, знайшлі зусім нядаўна — пры падрыхтоўцы да друку дзёньніка Караткевіча.

«Для сям’і было адкрыцьцё, што на адвароце быў надпіс, — распавядае Ціхан Чарнякевіч. — Гэта мэмарыяльны кабінэт, дзе нічога не чапаецца ніколі. Яны там выпадкова перавярнулі гэты партрэт, а там — каліграфія Зянона Станіслававіча. Ён у дзёньніку таксама згадваецца як малады здольны хлапец. Цікава, што Караткевіч яго ўжо тады вельмі адзначыў як здольнага цікавага чалавека».

Уладзімер Караткевіч, 1967

Уладзімер Караткевіч, 1967

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG