Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь хоча замяніць свае зьнішчальнікі на расейскія


Расейскі «Су-30СМ» у Крыме

Расейскі «Су-30СМ» у Крыме

Беларусь разглядае магчымасьць набыцьця ў Расеі зьнішчальнікаў «Су-30СМ».

Пра гэта паведаміў журналістам 20 кастрычніка камандуючы ВПС і войскамі СПА Ўзброеных сіл генэрал-маёр Алег Двігалёў.

Гэтыя самалёты павінны прыйсьці на зьмену «МіГ-29», якія старэюць. Закупкі новых расейскіх зьнішчальнікаў плянуюцца пасьля 2020 году.

Сёньня Двігалёў удзельнічаў у сустрэчы кіраўніцтва беларускага ДТСААФ з прадстаўнікамі кіраўніцтва расейскай карпарацыі «Іркут», якая выпускае «Су-30СМ».

Камандуючы расказаў, што на выставе «МАКС-2015» у падмаскоўным Жукоўскім беларускі вайсковы лётчык, начальнік штабу 61-й зьнішчальнай авіябазы ў Баранавічах апрабаваў новы самалёт, правёўшы ў паветры 40 хвілін. «У яго вельмі добрыя водгукі пра гэтую машыну», — цытуе БелаПАН Двігалёва.

Лукашэнка: Нам патрэбныя самалёты, а ня базы сёньня. Навошта мне сёньня завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?

Першай краінай у СНД, якая ўжо атрымала чатыры самалёты тыпу «Су-30СМ», стаў Казахстан.

Цяпер на тэрыторыі 558-га авіярамонтнага заводу ў Баранавічах знаходзяцца 18 машын тыпу «Су-30К», перададзеных Індыяй уласьніку (карпарацыі «Іркут») у абмен на больш сучасныя «Су-30МКІ». Машыны праходзяць мадэрнізацыю для пастаўкі новаму заказчыку, у якасьці якіх раней называліся Ірак і Ангола, перадае lenta.ru.

ВПС Беларусі эксплёатуюць 37 самалётаў тыпу «МіГ-29» (мадэлі 9-13) і «МіГ-29УБ», 12 зь якіх мадэрнізаваныя ўласнымі сіламі да мадэлі «МіГ-29БМ» з пашырэньнем спэктру высокадакладнай зброі, якая імі ўжываецца.

Таксама ВПС да 2013 году мелі 21 самалёт тыпу «Су-27П» і «Су-27УБМ1», аднак у далейшым яны часова былі выведзеныя з баявога складу ў сувязі з дарагім утрыманьнем і складанасьцямі пры рамонце.

На пачатку 2014 году было вырашана правесьці мадэрнізацыю гэтых машын і паступова вярнуць іх у строй.

Раней Лукашэнка заявіў, што Беларусі не патрэбныя расейскія вайсковыя базы:

«Нам патрэбныя самалёты, а ня базы сёньня. У нас выдатныя лётчыкі, у нас добрая школа лётчыкаў вайсковых, цывільных. І навошта мне ствараць базу? Навошта мне сёньня завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG