Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На колькі ставак трэба працаваць лекару, каб зарабіць амаль 10 мільёнаў?


Васіль Жарко

Васіль Жарко

Міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко паабяцаў у 2016 годзе цалкам вырашыць кадравую праблему ў сваім ведамстве. «Вакантных пасадаў у наступным годзе ўжо ня будзе, каэфіцыенту сумяшчальніцтва 1,39 таксама ня будзе», — заявіў міністар пасьля прэсавай канфэрэнцыі 20 кастрычніка. А сярэдняя заработная плата лекара на сёньняшні дзень складае 9 мільёнаў 800 тысяч, паведаміў міністар.

На колькі ставак трэба працаваць, каб зарабіць амаль 10 мільёнаў? Як лекары ставяцца да таго, што неўзабаве давядзецца працаваць толькі на адну стаўку?.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасьць практыкуючых лекараў у 2014 годзе склала 38 700 чалавек. У цэлым сыстэма аховы здароўя ўкамплектаваная мэдычнымі кадрамі на 95%. Але гэта за кошт высокага працэнту сумяшчальніцтва, які ў лекараў складае ў сярэднім 1,4. Вось жа, бальшыня лекараў працуе на паўтары стаўкі. Калі б лекары працавалі на адну стаўку, то ўзровень укамплектаваньня кадрамі не перавысіў бы і 70%. Але міністар аховы здароўя Васіль Жарко перакананы:

«Вакантных пасадаў у наступным годзе ўжо ня будзе. Таму што сёлета было 3,5 тысячы выпускнікоў мэдычных ВНУ, у мінулым годзе — 3200. Такога каэфіцыенту сумяшчэньня — 1,39 — ужо ня будзе. Мы дамо магчымасьць працаваць лекарам максымум на 1–1,2 стаўкі, і на гэтым спынімся. Але стаіць у нас задача — захаваць гэты ўзровень заработнай платы, які ёсьць цяпер. А на сёньняшні дзень сярэдняя заработная плата ў доктара — 9 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Так, гэта з улікам сумяшчэньня».

Карэспандэнтка: «А ў маладых спэцыялістаў?»

«Ну, малады спэцыяліст — ён жа павінен падрасьці. Дзесьці 4–4,5 мільёна».

Дарэчы, Нацыянальны статыстычны камітэт прыводзіць крыху іншыя лічбы: сярэдняя заработная плата лекараў у жніўні 2015 году склала 9029,6 тысячы рублёў, сярэдняга мэдычнага пэрсаналу — 5 мільёнаў 624,6 тысячы.

Лекар вышэйшай катэгорыі, які працуе ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры, дзе ёсьць усялякія даплаты, быў зьдзіўлены лічбамі, якія агучыў міністар аховы здароўя спадар Жарко:

«Гэта сярэдні заробак? Я так разумею, павінны быць людзі, у якіх больш, чым 9 мільёнаў 800 тысяч... (Сьмяецца.)

Скажам так: атрымаць 9 мільёнаў 800 тысяч проста па акладзе сваім — гэта ў прынцыпе немагчыма. Калі прыбраць адсюль розныя прэміі, даплаты гарадзкія, ці, напрыклад, прэзыдэнцкі ўказ, які павялічвае ў два разы заробак тым, хто выконвае складаныя тэхнічна ўмяшаньні, калі гэта ўсё прыбраць — гэта немагчыма. Нават на дзьве стаўкі. Таму што звычайны аклад лекара — добрага, са стажам — будзе 3,5 мільёна. Працуючы на адну стаўку, лекар ня можа зарабіць такіх грошай».

Але рэальна гэтыя пачатковыя аклады — 2–2,5 мільёна

Карэспандэнтка: «Яшчэ міністар казаў, што малады спэцыяліст зарабляе 4–4,5 мільёна...»

«Гэта гледзячы дзе. Ёсьць месцы, дзе кіраўніцтва больш рупліва ставіцца да іх. Але рэальна гэтыя пачатковыя аклады — 2–2,5 мільёна. І калі малады спэцыяліст працуе на голы аклад, 4,5 мільёна нерэальна зарабіць».

Не сакрэт, што шукаць падпрацоўкі, згаджацца на дадатковыя начныя дзяжурствы мэдыкаў прымушаюць менавіта нізкія заробкі. Самі мэдыкі жартуюць: працаваць на адну стаўку — жыць няма на што, на дзьве стаўкі — жыць няма калі, на паўтары стаўкі — у самы раз. Але наколькі якасна можа выканаць сваю працу стомлены лекар? Ня так даўно ў СМІ трапілі зьвесткі пра выпадак, калі замест 173 гадзін, якія складаюць адну стаўку, загадчык аддзяленьня анэстэзіялёгіі — рэанімацыі адпрацаваў 529 гадзін за месяц. Хірург, які ў прыватным мэдцэнтры ўвечары рабіў апэрацыю па рынаплястыцы, пасьля якой пацыентка памерла, з 8-й раніцы да 17-й гадзіны адпрацаваў за апэрацыйным сталом па месцы асноўнай працы ў дзяржаўнай клініцы. Калі зьнікнуць чэргі ў паліклініках і дэфіцыт участковых лекараў? Чаму ў галіне такая цякучасьць кадраў?

«Мы вырашым кадравае пытаньне ў наступным годзе, і тады будзе кожны ў свой асноўны рабочы час працаваць не на паўтары-дзьве стаўкі на ўчастку, а кожны ўчастак будзе ўкамплектаваны», — перакананы міністар аховы здароўя Васіль Жарко.

А вось практыкуючы лекар выказаў сумнеў, што гэта разьвяжа праблему дэфіцыту кадраў:

«Калі ня будзе рознага кшталту сумяшчальніцтваў, усе будуць працаваць на адну стаўку, людзі ўсё роўна будуць сыходзіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG