Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Санкцыі зьнятыя. Дзейнічайце


Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў на нарадзе стан і пэрспэктывы сацыяльнага і эканамічнага разьвіцьця Беларусі.

«Адгортваецца новая старонка ў разьвіцьці нашай дзяржавы... Наперадзе нас чакаюць вельмі сур’ёзныя выпрабаваньні. Неабходна забясьпечыць ня толькі далейшае разьвіцьцё, але і захаваньне гэтай сувэрэннай незалежнай краіны, якую мы з вамі стварылі», — заявіў кіраўнік краіны.

Паводле Лукашэнкі, з 1 студзеня пачынаецца новы пяцігадовы пэрыяд, і ён павінен быць адметны ад іншых сваёй навізной. Менавіта таму патрабаваньні да новага ўраду асаблівыя: «Па-старому працаваць будзе немагчыма».

Трэба вырабіць прадукцыі як мага больш і прадаць яе па максымальнай цане.

Лукашэнка патрабуе максымальную ўвагу аддаць экспарту прадукцыі.

«Трэба вырабіць прадукцыі як мага больш і прадаць яе па максымальнай цане. Грошы вярнуць у краіну».

«Вы заўсёды казалі, што вельмі высокія цэны на энэрганосьбіты і сыравіну, якіх у нас няма. Усё астатняе ёсьць — тэхналёгіі, пісьменныя падрыхтаваныя людзі. Сёньня цэны на сыравіну самыя нізкія. Вырабляйце і прадавайце».

Лукашэнка рэзюмаваў: «Санкцыі зьнятыя. Дзейнічайце».

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ня будзе рэформаў, накіраваных на злом цяперашняга парадку.

«Рэфармаваць будзем, удасканальваючы тое, што ёсьць.

Калі будзеце прэзыдэнтамі, тады будзеце рэзаць па жывым

Некаторыя кажуць: ёсьць крэдыт даверу, і трэба правесьці непапулярныя меры, прычым вельмі хутка, чытай — трэба хуценька рэзаць па жывым. Калі будзеце прэзыдэнтамі, тады будзеце рэзаць. Я нікога і нічога рэзаць ня маю намеру. А калі хочаце разануць, пачнём з тых, хто гэта прапаноўвае», — цытуе БелТА Лукашэнку.

«Падманваць людзей я не зьбіраюся, тым самым падносячы падарунак сваім ворагам і як мінімум супернікам. Гэта зусім ня значыць, што мы спынімся і застынем. Сыстэма толькі тады здольная жыць і выжываць, калі яна пастаянна знаходзіцца ў руху і ўдасканальваецца».

XS
SM
MD
LG