Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украінскія актывісты: Злачынствы на Эўрамайдане не расьследуюцца


Ці расьследуе ўкраінская ўлада належным чынам злачынствы падчас Эўрамайдану ў Кіеве, які доўжыўся з лістападу 2013 гаду па люты 2014 году? Бацькі загіблых і актывісты заяўляюць, што не. На іх думку, суды сабатуюць расьследаваньне гэтых справаў і не жадаюць прыцягваць да адказнасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Яны адзначаюць, што некаторыя з вінаватых працягваюць працаваць на сваіх пасадах. На думку ж некаторых народных дэпутатаў, гэтыя злачынствы будуць расьследаваныя толькі ў выпадку поўнай зьмены судзейскага корпусу.

Ігар Гурык, бацька 20-гадовага Рамана, які 20 лютага 2014 году загінуў на вуліцы Інстытуцкай ў Кіеве, у гутарцы з Радыё Свабода адзначыў, што з часу гібелі сына сьледзтва практычна не прасунулася.


Гурык: На дадзены момант не магу сказаць, што сьледзтва прасоўваецца так, як павінна. Застаецца шмат невядомага. Няма таго сьледзтва, якое павінна быць. Гэта так доўга расьследуецца і няма канкрэтных абвінавачаных. Там сядзіць некалькі «бэркутаўцаў». Але гэта толькі частка. Усё астатняе — утоена. Ніхто нічога ня ведае, ніхто нічога ня кажа. Наогул на працягу апошняга часу нават не было ніякай справаздачы генпракуратуры па расьследаваньні.


Між тым і грамадзкія актывісты скардзяцца на нежаданьне органаў сьледзтва і судоў расьследаваць справы аб злачынствах падчас Эўрамайдану. У якасьці аднаго з прыкладаў прыводзяць рашэньне Пячэрскага раённага суду Кіеву ў дачыненьні да былога камандзіра другой роты кіеўскага «Бэркуту» Анатоля Лагвіненкі.

Судзьдзя ня толькі не прыняла рашэньне ўзяць падазраванага пад варту, але і пастанавіла зьняць зь яго электронны бранзалет, які быў апрануты на Лагвіненку пасьля таго, як ён патрапіў пад хатні арышт. Аднак толькі за адзін эпізод Лагвіненку, калі яго віна будзе даказаная, будзе пагражаць да 15 гадоў пазбаўленьня волі, нагадвае каардынатар руху «Эўрамайдан-SOS» Аляксандра Матвійчук.

Анатоль Лагвіненка — адзін з кіраўнікоў расфармаванага спэцаддзелу МУС «Бэркут», які браў удзел у разгоне мірных дэманстрацыяў у Кіеве. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб сутыкненьнях паміж сілавікамі і мітынгоўцамі 18 лютага, калі загінулі я найменей 25 чалавек. Яго таксама абвінавачваюць у зьбіцьці аўтамайданаўцаў. Лагвіненку некалькі разоў зьмякчалі меру стрыманьня. Спачатку гэта быў хатні арышт і бранзалет, потым гаворка ішла толькі аб нашэньні бранзалета і інфармаваньня аб перамяшчэньні.

19 кастрычніка дэпутат Ігар Луцэнка таксама апублікаваў адказ на свой дэпутацкі запыт пра лёс яшчэ аднаго былога «бэркутаўца» Яўгена Антонава, чыё фота стала вядомым пасьля жорсткага зьбіцьця студэнтаў у Кіеве ў ноч на 30 лістапада 2013 году. У адказе гаворыцца, што Яўген Антонаў да гэтага часу працуе ў органах МУС.


«Усе гэтыя амаль два гады Антонаў працягвае працаваць камандзірам роты спэцпрызначэньня. Усе гэтыя два гады ён атрымлівае заробак і павялічвае свой стаж. Вось сьвежы адказ з ведамства Арсэна Авакава (міністра ўнутраных справаў Украіны — РС). Усе гэтыя амаль два гады міністэрства ўнутраных справаў у судах, у службовых расьследаваньнях абараняла і абараняе «бэркутаўцаў», — напісаў Луцэнка на сваёй старонцы ў Facebook.


Дэпутат ад «Народнага фронту», чалец парлямэнцкага камітэту па пытаньнях вяршэнства права і правасудзьдзя Леанід Емец згаджаецца, што зараз сілавікі аказваюць моцны супраціў расьследаваньню злачынстваў. На яго думку, гэтыя злачынствы будуць расьследаваныя толькі тады, калі будзе зьменены ўвесь судзейскі корпус.


«Судовая сыстэма ў цэлым, і кожны судзьдзя пэрсанальна адчувае страшную настальгію па часах Януковіча. Такі супраціў, які робіць судовая сыстэма і па люстрацыі, і па рэформах, і ў пытаньні адказнасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія рабілі злачынствы падчас Майдану, нават цяжка ўявіць. Актывісты, народныя дэпутаты і чыноўнікі прапанавалі рашучыя пэрсанальныя зьмены ўсяго судзейскага корпусу. Маецца на ўвазе пэрсанальнае вызваленьне ад пасадаў 8000 судзьдзяў», — адзначыў Леанід Емец у інтэрвію Радыё Свабода.


Таксама, на яго думку, варта праводзіць перастаноўкі і ў сыстэме пракуратуры.

«Мы чуем заявы пракурораў, што расьследаваньне ўжо амаль завершанае. Мы гэта чуем ад кожнага генпракурора. Двух генпракурораў мы ўжо памянялі, супраць трэцяга ўжо амаль сабраныя подпісы аб яго адстаўцы, мой подпіс таксама там стаіць. Але мы яшчэ пачакаем некалькі дзён, каб убачыць вынікі працы, пра якія кажа Шокін, і будзем спадзявацца, што гэтыя вынікі пакажуць нам рэальных забойцаў і рэальных замоўшчыкаў», — адзначае Емец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG