Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі напалі на офісы партыі Саакашвілі


Дэнамнстрацыя каля офісу партыі «Адзіны нацыянальны рух» у Тбілісі, 19 кастрычніка 2015 году

Дэнамнстрацыя каля офісу партыі «Адзіны нацыянальны рух» у Тбілісі, 19 кастрычніка 2015 году

Эскаляцыі напружанасьці адбылася пасьля абнародаваньня ў сацсетках відэа катаваньняў і згвалтаваньня супрацоўнікамі МУС падазраванага ў тэрарызме падчас кіраваньня прэзыдэнта Саакашвілі.

У сваю чаргу гэтыя відэа зьявіліся неўзабаве пасьля публікацыі вынікаў апытаньня, праведзенага «Нацыянальным дэмакратычным інстытутам» (NDI) ЗША, паводле якога калі б парлямэнцкія выбары, намечаныя ў Грузіі на 2016 год, адбыліся зараз, апазыцыйная партыя Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» вярнулася б да ўлады, а кіроўная кааліцыя «Грузінская мара» заняла б другое месца, перайшоўшы ў апазыцыю.

У грузінскім горадзе Поці раніцай у аўторак праціўнікі экс-прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі напалі на офіс яго партыі «Адзіны нацыянальны рух» (АНР). Паліцыя ніяк не адрэагавала на тое, што адбылося. Напярэдадні, аналягічныя выпадкі адбыліся ў Горы, Кутаісі, Тэлаві, а таксама каля цэнтральнага офісу АНР у Тбілісі, дзе слоўная сварка перарасла ў бойку, а адзін чалавек быў зьбіты.

У нападзе на офіс партыі экс-прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі ў партовым горадзе Поці ўдзельнічалі актывісты аб’яднаньня «Палітвязень рэжыму нацыянальнага руху», вызваленыя па амністыі пасьля зьмены ўлады ў краіне.

Яны закідалі офіс яйкамі і памідорамі. Прычым усё адбывалася насупраць будынку адміністрацыі Поці.

Тое, што адбылося ў Поці стала шостым інцыдэнтам за апошнія некалькі дзён. Напярэдадні ў Кутаісі некалькі чалавек уварваліся ў офіс АНР. Яны запатрабавалі забараніць апазыцыйную партыю як «фашысцкі рух, які зрабіў мноства злачынстваў». Падчас сутычкі з паліцыяй адзін чалавек на кароткі час быў затрыманы.

Апазыцыянэры выратаваліся ўцёкамі. Такія ж выпадкі адбыліся ў Горы, Тэлаві і Зугдзідзі.

Найбольш сур’ёзны характар супрацьстаяньне набыла ў Тбілісі: каля офісу АНР праціўнікі Міхаіла Саакашвілі зьбілі журналіста тэлекампаніі «Табула».

Прычынай выбуху эмоцыяў як у сталіцы, гэтак і ў рэгіёнах стала публікацыя ў сацыяльных сетках відэа пяцігадовай даўніны з жахлівымі кадрамі катаваньняў супрацоўнікамі МУС Грузіі ураджэнца Абхазіі, які падазраваўся ў падрыхтоўцы і ўчыненьні тэрактаў у Тбілісі.

Той скандал, на думку многіх, стаў адной з галоўных прычынаў паразы партыі Саакашвілі на парлямэнцкіх выбарах.

Адзін з лідэраў АНР, дэпутат Давід Дарчыяшвілі сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што напады на офісы партыі «зрэжысаваныя ўладамі», як, зрэшты, і скандальныя кадры катаваньняў і зьдзекаў у турме. Інакш, па меркаваньні палітыка, цяжка растлумачыць, чаму практычна ніхто з тых, хто непасрэдна катаваў людзей, здымаючы ўсё на камэру, не панёс пакараньня пасьля прыходу да ўлады кааліцыі «Грузінская мара».

XS
SM
MD
LG