Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра мэты Расеі ў Сырыі піша ў амэрыканскім выданьні The New York Times cтарэйшы аналітык вашынгтонскага інстытуту арабскіх краінаў Пэрсыдзкай затокі Хусэйн Ібіш.

Скарыстаўшыся паралюшам амэрыканскай палітыкі ў Сырыі, Расея рэзка актывізавала ваенныя дзеяньні ў гэтай краіне, імкнучыся зьмяніць стратэгічны ляндшафт на Блізкім Усходзе.

Здаецца, мала хто ўсьведамляе ў поўнай меры, што спрабуе зрабіць прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Збольшага гэта зьвязана з тым, што тэарэтычна гэта выходзіць за рамкі магчымасьцяў Расеі. Але Пуцін добра адчувае магчымасьць прынамсі вярнуць пазыцыі Расеі на Блізкім Усходзе, страчаныя ў 1970-х гадах.

Умяшаньне Расеі прадугледжвае рашэньне сырыйскага канфлікту шляхам фактычнага падзелу Сырыі. Агенцтва Reuters паведаміла, што яшчэ месяц таму Іран прапанаваў Расеі плян сумесных дзеяньняў, каб уратаваць дыктатуру Башара Асада ад немінучага краху.

Мэтай ваенных удараў Расеі зьяўляецца ўтрыманьне шырокай заходняй часткі «абрубленай» сірыйскай дзяржавы, якая яшчэ падкантрольная Асаду і на тэрыторыі якой знаходзяцца расейскія паветраныя і ваенна-марскія базы ў Латакіі і Тарусе. Сілы Ірану і «Хізбалы», у асноўным, засяроджваюцца ў ніжняй палове гэтага сэктару, які цягнецца ад мяжы зь Лібанам да Дамаску і адтуль да партовых гарадоў і прыбярэжнага цэнтру алявітаў.

Нягледзячы на ўсе размовы аб барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» сапраўднай мэтай Расеі зьяўляецца імкненьне адкінуць паўстанцкія групоўкі і абараніць гэтую міні-дзяржаву.

«Ісламская дзяржава» стала б адным з галоўных пераможцаў пры рэалізацыі расейскага пляну.

Такі падзел Сырыі пакінуў бы іншыя часткі краіны ў руках паўстанцаў, нацыяналістаў і ісламістаў, у руках курдаў — рэгіён на поўначы і, што найбольш небясьпечна — «халіфат» «Ісламскай дзяржавы» на поўначы і ўсходзе. Насуперак крамлёўскай прапагандзе, «Ісламская дзяржава» стала б адным з галоўных пераможцаў пры рэалізацыі гэтага расейскага пляну. У канцы мінулага тыдня баявікі «Ісламскай дзяржавы», скарыстаўшыся тым, што 90% расейскіх авіяўдараў наносяцца па іншых паўстанцкіх групоўках, захапілі некалькі вёсак каля Алепа.

Як паведамляе агенцтва Bloomberg ёсьць шэраг амэрыканскіх урадоўцаў, якія гатовыя пагадзіцца з расейскім плянам. Уласная палітыка ЗША ў Сырыі імкліва ператвараецца ў фарс.

Аднак згода з расейскім плянам пакідае сырыйцаў сам на сам ня толькі з Асадам (ці зь яго пераемнікам, прызначаным расейцамі), але і з «Ісламскай дзяржавай».

Масква відавочна спрабуе завяршыць стварэньне магутнага альянсу зь Іранам, Іракам, «Хізбалой» і «міні-Сырыяй». Для рэалізацыі гэтага альянсу яна гатовая рызыкаваць адносінамі ня толькі з Захадам, але і з рэгіянальнымі дзяржавамі, такімі як Турэччына.

У Вашынгтону няма ніякіх падставаў ісьці ў фарватэры гэтага альянсу. Расея відавочна менш магутная, чым ЗША, у ваенным, эканамічным і дыпляматычным сэнсе.

Але гэта не пытаньне магчымасьцяў, гэта пытаньне волі. Пасьля ўмяшаньня ва Ўкраіне, анэксіі Крыму і фіяска з сырыйскай хімічнай зброяй Пуцін правільна ўсьвядоміў, што ніхто яго не спыніць.

Пасьля ўмяшаньня ва Ўкраіне, анэксіі Крыму і фіяска з сырыйскай хімічнай зброяй Пуцін правільна ўсьвядоміў, што ніхто яго не спыніць.

Пуцін досыць разумны, каб разумець, што яму пагражае патэнцыйнае загразаньне ў канфліктах, і ў яго ёсьць сур’ёзныя разыходжаньні з меркаванымі саюзьнікамі, такімі як Іран. Так што ў любы момант ён будзе гатовы замацаваць свае заваёвы і заключыць з амэрыканцамі зьдзелку — ужо з выгаднай для яго пазыцыі.

Застаецца пытаньне: як далёка яму дазволяць зайсьці. Цяпер адказ гучыць — як заўгодна далёка.

XS
SM
MD
LG