Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26-гадовая актывістка Майдану ўзначаліла Адэскую мытню


Ва Ўкраіне кіраўніцай Адэскай мытні стала 26-гадовая актывістка Эўрамайдану Юлія Марушэўская, якая займала больш за месяц пасаду намесьніка старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Міхаіла Саакашвілі. У Адэсе Марушэўскую яшчэ да завяршэньня абвешчанага конкурсу на гэтую пасаду прадставіў асабіста кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка. Як камэнтуюць гэта прызначэньне сама Марушэўская, палітыкі і экспэрты?

Конкурс на пасаду начальніка Адэскай мытні быў абвешчаны Фіскальнай службай Украіны па ініцыятыве адэскага губэрнатара Міхаіла Саакашвілі ў канцы сёлетняга лета. Ранейшы кіраўнік ведамства Ўладзіслаў Ракша звольніўся па ўласным жаданьні пасьля таго, як грамадзкія актывісты гораду абвінавацілі яго ў выкарыстаньні карупцыйных схемаў, а Саакашвілі зьвярнуўся да праваахоўных органаў з заявай аб зьдзяйсьненьні злачынства службовымі асобамі Адэскай мытні.

Паводле дадзеных Фіскальнай службы, для ўдзелу ў конкурсе было зарэгістравана як найменей 70 заявак, у тым ліку ад намесьніка старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юліі Марушэўскай. Прыём дакумэнтаў афіцыйна працягваўся да 18 кастрычніка, хоць 16 кастрычніка прэзыдэнт Пятро Парашэнка асабіста абвясьціў у Адэсе, што мытню ўзначаліць менавіта Марушэўская. Чаму Парашэнка ня стаў чакаць заканчэньня конкурсу і неабходнага зацьвярджэньня кандыдатуры на пасаду старшыні мытнай службы Кабінэтам міністраў? Гэтае пытаньне Радыё Свабода адрасавала самой Юліі Марушэўскай:

Парашэнка прадстаўляе Юлію Марушэўскую

Парашэнка прадстаўляе Юлію Марушэўскую

Марушэўская: Вы ведаеце, я не магу камэнтаваць дзеяньні прэзыдэнта, гэта не мая кампэтэнцыя. Я думаю, што гэтае пытаньне вы можаце задаць прадстаўнікам адміністрацыі прэзыдэнта.

РС: Тады іншае пытаньне: мяркуючы па актыўнасьці ў сацыяльных сетках, многіх цікавіць ваш прафэсійны вопыт, які дазволіць вам быць эфэктыўным кіраўніком мытні. Што вы можаце на гэта адказаць?

Марушэўская: Мы гаворым пра тое, што гэта прызначэньне палітычнае, яно прадугледжвае прыняцьце канкрэтных рашэньняў, якія ў прынцыпе не патрабуюць наяўнасьці адпаведнай адукацыі. Я цалкам усьведамляю, што гуманітарная адукацыя не зьяўляецца тэхнічнай, эканамічнай. Але, на жаль, людзі з эканамічнай адукацыяй на мытні ўжо гадамі бяруць хабар і не даюць разьвівацца вобласьці і краіне ў цэлым.

Мы адразу ж пачынаем аналіз кадравых пытаньняў і падрыхтоўку новых конкурсаў, новых прызначэньняў. І будзем кіравацца празрыстымі стандартамі, і запрашаць людзей-прафэсіяналаў, якія змогуць на гэтых пасадах у новай зоне мытнага кантролю сумленна рабіць сваю працу. Таксама будзе конкурс і на маю пасаду, таму што я для сябе стаўлю тэрміны: гэта чатыры месяцы, за якія я хачу (і гэтага хоча ўся нашая каманда) стварыць празрыстую зону мытнага кантролю і паўплываць на зьмены ў сыстэме. У нас ёсьць законапраекты, над якімі мы працуем для таго, каб зьмяніць сытуацыю з мытнямі па ўсёй Украіне. І натуральна, што, паколькі мая пасада хутчэй палітычная, я іду на гэтую пасаду з камандай прафэсіяналаў, магчыма, ледзь ня з самымі лепшымі прафэсіяналамі ў сьвеце, якія маюць ужо вопыт рэфармаваньня мытняў не ў адной краіне.

Юлія Марушэўская

Юлія Марушэўская

РС: Умовы конкурсу не апублікаваныя для шырокай грамадзкасьці, там толькі напісана, што заяўкі і рэзюмэ трэба накіроўваць на пэўны адрас. А ў чым галоўная сутнасьць гэтага конкурсу?

Марушэўская: Глядзіце, гэты конкурс яшчэ нават не абвешчаны. Будзе намі праведзены конкурс на розныя пасады: на тыя новыя пазыцыі, якія адкрыюцца ў новым мытным тэрмінале, і на тыя пасады, дзе ў нас узьнікнуць праблемы з карумпаванымі чыноўнікамі, і таксама на пасаду кіраўніка мытні. Але гэта ўсё будзе зроблена на працягу наступных чатырох месяцаў, цяпер гэтыя конкурсы яшчэ не абвешчаныя. Гэта задача, якую мы ставім перад сабой на наступныя чатыры месяцы.

РС: Але кіраўнік мытні таксама павінен быць абраны па выніках конкурсу? Якія патрабаваньні вылучаліся да гэтай пасады?

Марушэўская: Мы зараз гаворым аб дзьвюх розных рэчах. Вы кажаце пра той конкурс, які праводзіў Кабінэт міністраў, а я кажу пра тое, што мы будзем праводзіць уласны конкурс.

РС: Такім чынам, вы атрымалі гэтую пасаду ў выніку прызначэньня. Гэта ж ня быў конкурс, дзе вас, скажам, выбралі сярод дзевяці чалавек?

Марушэўская: Працэдурна праводзіўся такі конкурс. Але я скажу, што па зьмесьце гэта палітычнае прызначэньне, таму што відавочна, што гэтую пасаду мы разглядаем як пасаду, якая мае для нас прынцыповае і палітычнае значэньне. І я іду туды не адна, а са мной ідзе каманда прафэсійных людзей.

РС: Вы думаеце, што маеце дастаткова сілаў і вопыту, каб справіцца з гэтай пасадай? Таму што вельмі шмат кажуць пра тое, што ўсё ж у такім узросьце — вам 26 гадоў — прафэсійнага вопыту яшчэ недастаткова.

Марушэўская: Вы ведаеце, я да гэтага займала пасаду намесьніка старшыні Адэскай абласной адміністрацыі, і гэтая пасада патрабуе яшчэ большай адказнасьці і больш шырокага кола абавязкаў. І ўжо ёсьць у мяне першыя вынікі. Я разумею, што гэта выклік, што гэта няпроста, што мытня — гэта больш небясьпечна і больш карупцыйна, але я гэты выклік прымаю і зраблю ўсё магчымае для таго, каб за чатыры месяцы паказаць вынік.

РС: Цяпер шмат пытаньняў узьнікае ў сувязі з вашай замежнай адукацыяй. Не маглі б вы канкрэтна сказаць, які ўнівэрсытэт скончылі?

Марушэўская: Я маю базавую адукацыю — Кіеўскі ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі, факультэт філялёгіі. Акрамя таго, я праходзіла стажыроўку за мяжой. Я была слухачом летняй школы Гарвардзкага ўнівэрсытэта па гуманітарным профілі, і ў Стэнфардзкі ўнівэрсытэт я была запрошаная ў якасьці студэнта-дасьледчыка ў міжнародным інстытуце Freeman Spogli на катэдры дэмакратыі і вяршэнства права. Там я вывучала працэс рэфармаваньня постсавецкіх краінаў.

Юлія Марушэўская нарадзілася ў 1989 годзе. Скончыла Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі па спэцыяльнасьці «ўкраінская мова і літаратура, нямецкая мова». З 8 верасьня — намесьнік старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Марушэўская — актывістка Эўрамайдану, аўтар англамоўнага відэазвароту I Am a Ukraine (Я — Украіна). Міхаіл Саакашвілі, прадстаўляючы свайго намесьніка, заяўляў: «Мы яе вырвалі са Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі».


Апазыцыя ў Вярхоўнай Радзе дапускае, што прызначэньне Юліі Марушэўскай на пасаду кіраўніка Адэскай мытні можа быць абскарджанае ў судзе. Гэтага, у прыватнасьці, не выключае намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны па пытаньнях прадухіленьня і процідзеяньня карупцыі, прадстаўнік апазыцыйнай Радыкальнай Партыі Ігар Папоў:

Папоў: Асабіста ведаю Юлію Марушэўскую, яна — прафэсіянал, мае высокія маральна-этычныя якасьці, але гэтая пасада, магчыма, занадта вялікі выклік для яе. Ёсьць падазрэньне, што пэўныя фінансава-карупцыйныя кланы будуць выкарыстоўваць яе ў цёмную для таго, каб усё ж такі працягнуць паток кантрабанды праз Адэскую мытню, перапрафіляваць нейкія патокі карупцыйных грошай. А фармальная прэтэнзія палягае ў тым, што мы — як апазыцыя — усяляк змагаемся за тое, каб прызначэньні на кіроўныя пасады дзяржаўных прадпрыемстваў праходзілі праз працэдуру адкрытых конкурсаў.
Гэтыя конкурсы не ідэальныя, але яны значна лепш, чым вось такія прызначэньні. У дадзеным выпадку на пасаду кіраўніка Адэскай мытні конкурс быў абвешчаны, людзі пачалі падаваць дакумэнты, але яшчэ да завяршэньня конкурсу адбылося вось такое прызначэньне. Больш за тое, прызначаць кіраўніка мытні — гэта не абавязак прэзыдэнта краіны, і прадстаўляць яго не ўваходзіць у рамкі яго паўнамоцтваў. Фармальная працэдура парушаная, і я не выключаю, што гэта прызначэньне можа быць абскарджанае.

Ігар Папоў

Ігар Папоў

РС: Ці можа гэта прызначэньне, на вашу думку, узмацніць канфлікт паміж прэзыдэнтам Пятро Парашэнкам і ўрадам Арсенія Яцанюка?

Папоў: Урад мае дастаткова мэханізмаў уплыву на Адэскую мытню, на Адэскую вобласьць: і праз грузапатокі, і праз міністэрства транспарту, і праз фіскальныя органы, і праз міністэрства ўнутраных справаў. І таму барацьба, вядома ж, будзе працягвацца. Нельга сказаць, што прызначэньне Юліі Марушэўскай цалкам зьменіць расклад сілаў на Адэскай мытні, гэта значыць, па-ранейшаму будзе канкурэнцыя, але, на жаль, канкурэнцыя не за дзяржаўныя інтарэсы, а за «прыватную поўсьць», якая асядае ў прыватных кішэнях.

Як сьцвярджае адэскі губэрнатар Міхаіл Саакашвілі, штогод з-за злоўжываньняў і карупцыі на Адэскай мытні дзяржаўная казна губляе 1 мільярд даляраў. Дэпутат Вярхоўнай Рады ад Блёку Пятра Парашэнкі, адэсіт Аляксей Ганчарэнка расцэньвае прызначэньне Марушэўскай як вялікі аванс Міхаілу Саакашвілі:

Аляксей Ганчарэнка

Аляксей Ганчарэнка

Ганчарэнка: Таму што менавіта ён прапанаваў спадарыню Марушэўскую на гэтую пасаду. Улічваючы, што яна маладая і ня мае вопыту ў гэтай сфэры, то, вядома, гэта такі экспэрымэнт, на які ідзе прэзыдэнт — ён падтрымаў гэтую кандыдатуру, таму што Саакашвілі сёньня дадзеныя ўсе рычагі ўлады ў Адэскай вобласьці. Ні ў аднаго адэскага губэрнатара не было такіх паўнамоцтваў, як у Міхаіла Саакашвілі. Лёгіка тут наступная: ніхто не прызначае спадарыню Марушэўскую, прызначаюць намесьніка Міхаіла Саакашвілі, за якую ён ручаецца. Ён кажа: мне, каб паказаць вынік, неабходныя рычагі, і я хачу паказаць, як мы можам працаваць, а мытня для Адэскай вобласьці — ключавы напрамак, таму яму даецца вялікі аванс, карт-блянш, і потым менавіта зь яго будуць пытацца.

А вось як камэнтуе прызначэньне Юліі Марушэўскай на пасаду кіраўніка Адэскай мытні палітоляг Андрэй Залатароў:

Залатароў: На першы плян тут выходзіць ня столькі карупцыя, колькі піяр-палітыка, якая асацыюецца з тым жа Міхаілам Саакашвілі, з нашым урадам, гэта значыць, як у показцы: «вам шашачкі ці ехаць». Вось у нас гуляюць у шашачкі, вось так і з гэтым прызначэньнем. Зразумела, што дзяўчына, якая не мае ані досьведу, ні прафэсійнай падрыхтоўкі, апынецца закладнікам сваіх намесьнікаў, і часьцяком будзе падпісваць, абсалютна не разумеючы, дакумэнты, якія ёй будуць класьці на стол. Бо сыстэма нікуды не падзелася, і Марушэўскай давядзецца дзейнічаць у рамках гэтай сыстэмы. І тут мы атрымліваем такую сабе Барбі. Адносна кадравага аднаўленьня ўжо зьявілася вельмі шмат анэкдотаў. Вось адзін зь іх. Ляжыць на апэрацыйным стале Саакашвілі, яму павінны выразаць апэндыцыт, і замест хірурга прыводзяць маладога чалавека. А ён кажа: прывядзіце мне хірурга! А яму адказваюць: хірурга няма, затое ёсьць малады актывіст Эўрамайдану і без карупцыйнага вопыту. Вось адбываецца ў нас нешта ў гэтым духу.

XS
SM
MD
LG