Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Электронік замест Рудольфа Дызэля


Вокладка кнігі Алеся Пашкевіча «Рух»

Вокладка кнігі Алеся Пашкевіча «Рух»

Ёсьць кнігі-містыфікацыі, а ёсьць кнігі-фікцыі. Да ліку апошніх належыць новая аповесьць Алеся Пашкевіча «Рух».

Літаратурны крытык, чыё прозьвішча не пазначана ў анатацыі да кнігі (насамрэч гэта Леанід Галубовіч — дзіўна, чаму яго «схавалі»), прэзэнтуе «Рух» як «сучасны эўрапейскі раман, кампактны і цэльны, надта займальнае чытво, якое зацягвае і не адпускае да самага фіналу... Тут — і гісторыя, і эканоміка, і навука, і постаці вядомых людзей. Твор напісаны яснай літаратурнай мовай, рухавым незамыленым стылем».

І гэтак далей, і да таго падобнае. Кніжныя анатацыі заўсёды бадзёрыя, узьнёслыя, бо слугуюць пісьменьнікам і выдаўцам — карысьці чытачу ад дадзеных мікратэкстаў няшмат, і добра яшчэ, калі яны не раскрываюць сюжэт кнігі (у выпадку з «Рухам» гэтага не адбылося).
Да таго ж нехта пусьціў пагалоску, што Пашкевіч напісаў аповесьць у такім паджанры кібэрпанку, як «дызэльпанк». Відавочна, той языкасты маладзён пабачыў вокладку мастацкай кнігі з выявай шасцярэнек, выхапіў зь яе тэксту прозьвішча Рудольфа Дызэля — і «пайшла пісаць губэрнія»! Аднак «Рух» — не фантастыка, якая вымагае ад аўтара не абы якога інтэлекту і фантазіі, і навуковага прадбачаньня. Гэта традыцыйны літаратурны твор, у якім прыдуманыя пэрсанажы ўзаемадзейнічаюць з рэалістычнымі гістарычнымі асобамі ў «нармальным» сьвеце, дзе няма нэўрамантаў, як у амэрыканца Ўільяма Гібсана, альбо Міністэрства зімы, як у паляка Яцэка Дукая.

Самай неверагодна маляўнічай і ўвадначас строга навуковай фантастыкай ёсьць гісторыя чалавецтва — усе прыдумкі, фантазіі ў параўнаньні зь ёй выглядаюць бледнымі зданямі. Вось і тэма, абраная Пашкевічам (вынаходніцтва дызэльнага рухавіка), здавалася б, магла паслужыць рухавіком для аповеду пра неймаверныя зьмены ў жыцьці сусьветнага грамадзтва напачатку XX стагодзьдзя. На жаль, не атрымалася.

У мяне няма адказу на пытаньне, чаму некаторыя сучасныя беларускія пісьменьнікі лічаць, што для напісаньня мастацкай кнігі ім дастаткова пачытаць «Вікіпэдыю», намаляваць шырокімі мазкамі яркі фон, стварыць некалькіх герояў і некаторы час пасоваць іх туды-сюды, прымусіўшы агучыць загадзя падрыхтаваныя рэплікі, зрабіць прадвызначаныя ўчынкі. Няўжо паважаныя творцы не разумеюць, што тое выглядае як танны лялечны тэатар, што бачныя ўсе ніткі, драпіны і шчыліны на сьпехам збудаваных дэкарацыях?

Прывяду характэрны прыклад з аповесьці «Рух».

Вось перад намі Адам Мацкевіч — інжынэр, адзін з будаўнікоў Эйфэлевай вежы. Выпадкова ён сустракае ў парыскай кавярні вынаходніка Рудольфа Дызэля. Мужчыны знаёмяцца, замаўляюць віно і хутка хмялеюць, бо «неабароненыя ад алькаголю, паколькі сустракаліся зь ім нячаста». Пачынаецца размова, у часе якой Мацкевіч згадвае, што ягоны бацька выкладаў гісторыю ў Віленскім унівэрсытэце. На пытаньне новага знаёмага, дзе знаходзіцца гэта навучальная ўстанова, Адам адказвае, што ў Літве-Беларусі, і дае ўсе неабходныя тлумачэньні, у тым ліку пра барацьбу ліцвінаў супраць царызму. Пасьля сустрэчы ўзбуджаны Мацкевіч, які, памятайма, знаходзіцца нападпітку, вяртаецца дахаты і, абдымаючы свайго старэнькага бацьку, «нечакана выдыхае»: «Нешта ты даўно не расказваў мне пра свае маладыя гады». Бацька просіць у сына прабачэньня, што ўжо кладзецца спаць, і раіць паглядзець у шафе неабходныя дакумэнты, кнігі.

Пасьля гэтай мастацкай часткі, схематычнай і з «раялямі ў кустах», даюцца кавалкі з хронікі паўстаньня 1863 году, багата «аздобленыя» шматкроп’ямі і клічнікамі. Прычым зьвесткі пра славу і геройствы паўстанцаў выкладаюцца, ведаеце, такім дрыжачым, мэлядраматычным голасам. І вось ужо сам пэрсанаж, малады Мацкевіч, расчулена жагнаецца: «Дзядзька Яраслаў [маецца на ўвазе Яраслаў Дамброўскі, адзін з правадыроў паўстаньня], даўно я не наведваў тваю магілку».

Тэма паўстаньня 1863 году ў нашай сучаснай літаратуры выглядае ўжо, як дзеці ў рэкляме.

Уся кніга пабудавана падобным немудрагелістым чынам: спачатку ідзе фрагмэнт мастацкі, потым фрагмэнт — навуковы. Нейкі слоены торт атрымаўся, прычым прытарна-салодкі, з масьленымі ружачкамі. Нам абяцалі «кампактны і цэльны» раман, аднак даводзіцца чытаць звычайны разухабісты нарыс, зроблены ў стылі папулярызатара беларускай гісторыі і культуры Алеся Марціновіча. Дарэчы, колькі можна мэханічна скарыстоўваць тэму паўстаньня 1863 году — яна ў нашай сучаснай літаратуры выглядае ўжо, як дзеці ў рэкляме. Усе любяць дзетак, усе любяць Каліноўскага — адчуйце гаму пазытыўных эмоцыяў! І не забудзьцеся набыць наш тавар, спадарства!

Незапамінальныя твары, рухі, словы пэрсанажаў; замест псыхалягічнай дакладнасьці і складанасьці — аголеная зададзенасьць, прадвызначанасьць.

Аднаго за адным Пашкевіч уводзіць новых пэрсанажаў, знаёміць іх між сабою, выкарыстоўваючы пераважна прыём «deus ex machina». Цягнецца 17-я старонка, а ўжо зусім нецікава, што будзе далей — не чапляе тэкст розум, памяць, уяўленьне. Незапамінальныя твары, рухі, словы пэрсанажаў; замест псыхалягічнай дакладнасьці і складанасьці — аголеная зададзенасьць, прадвызначанасьць. Лёгка «чытаецца», навошта аўтару спатрэбіўся той ці іншы герой. Нават выбітныя асобы (вынаходнікі, прадпрымальнікі, кіраўнікі дзяржаў) не «запальваюць» аповед, не даюць руху. Прыкладам, у «Вайне і міры» Льва Талстога дзейнічаюць Аляксандр I і Напалеон I, у «Руху» Алеся Пашкевіча — Аляксандр III і Вільгельм II. Толькі вось першы пісьменьнік дапамог нам уявіць, пабачыць імпэратараў як жывых людзей у вялікім мікрасьвеце, забясьпечыўшы неверагодны ўзровень дэталізацыі, а другі — дастаў лялек з куфэрка, правёз іх перад чытачамі ў вазку (у немца сьмешныя вусы, у расейца галава як гарбуз) і ўсё на гэтым.
Сапраўды, літаратурныя творы нельга раўнаць, тым больш асобы клясыкаў і сучасьнікаў. Але ж задача ўсіх пісьменьнікаў — як бы патасна гэта не прагучала — заўсёды адна і тая ж: праз мастацкае пераўвасабленьне і асэнсаваньне сьвету даць нам панараму жыцьця, дапамагчы наблізіцца да разуменьня космасу чалавечай душы. Альбо, як адзначае аўтар «Руху» ва ўступе, «выпісаць рэальнасьць». На жаль, той рэальнасьці нямашака, і «гушчыні падзей», як казалі савецкія літаратурныя крытыкі, таксама — толькі стос гістарычных і навуковых зьвестак, старанна выпісаных у нататнік з адкрытых крыніцаў, толькі драўляныя пэрсанажы — нежывыя, нерухавыя, бо ня маюць, небаракі, унутранага агменю, штучнага інтэлекту ці хаця б шасцярэнек.

А на заднім фоне буяюць зарасьнікі штампаў, іншае літаратурнае пустазельле; позірк чытача сьлізгае па гэтым нудным «краявідзе». Вось, прыкладам, адно з «дэталёвых» апісаньняў Парыжу, дадзенае Пашкевічам: «На тратуарах паменела людзей, зрэдку праяжджаў экіпаж, на лаўках шапталіся закаханыя пары». Ці, паглядзіце, наколькі «праўдападобна» падаюцца зьмены ў характары пэрсанажа: «З кожнай старонкі для Адама зноў адкрываўся таямнічы сьвет: сьвет яго бацькі, сьвет яго маці, сьвет іх далёкіх продкаў, — тое, што здавалася хоць і мітычнай атлянтыдай, але падсьвядома пульсавала ў ягонай ліцьвінскай крыві». Незапамінальна, сумнеўна — і на дапамогу аўтару «прыходзяць»... фотаздымкі гістарычных асобаў, мясьцінаў, будынкаў, якіх багата ў аповесьці. Яны недарэчныя хаця б па той прычыне, што Пашкевіч, па ягоным уласным прызнаньні, імкнуўся «абыйсьці цянёты калядакумэнтальнай прозы».

Але галоўнае, цікавая кніжная гісторыя — дзе яна?

Напрыканцы яшчэ некалькі слоў пра мову кнігі. Як цьвердзіць Галубовіч, «твор напісаны яснай літаратурнай мовай, рухавым незамыленым стылем». Наконт «яснасьці» мушу пагадзіцца. Калі сустрэў у тэксьце фразу «І — толькі вецер, і — толькі неба...», то пасьміхнуўся, бо пазнаў тут радок песьні «Крылатыя арэлі» з савецкай кінастужкі «Прыгоды Электроніка» з прыгожым і лягічным працягам, які Пашкевіч «прыхаваў» шматкроп’ем.

Іншым разам у аповесьці адбываюцца немагчымыя (найперш для гэтай кніжнай рэчаіснасьці) дыялёгі; сама мова аповесьці часам не падпарадкоўваецца аўтару. Так, генэрал-маёр расейскай арміі кажа падначаленаму палкоўніку, які толькі-толькі ажаніўся, што той мусіць узяць адпачынак, бо «зь цябе ўсё роўна толку — як з казла малака, гаворыш, а ў вачах жончыны цыцкі скачуць». Як ні дзіўна, але палкоўнік, пецярбуржац і службоўца Генштабу Ваеннага міністэрства, пачуўшы грубыя прастанародныя словы ў свой адрас, нават вокам не маргнуў. Ня веру я і ў тое, як інжынэр размаўляе са сваім калегай: «Мэталічныя дэталі — ад адной да дзясяткаў тон вагой! І па праекце трымацца будуць на двух з паловай мільёнах балтоў-заклёпак. А яны, як разумееш, мусяць быць мацнейшымі за асноўны мэтал. Вось я і сачу за іх закалкай. Ну ды ты і сам як інжынэр ведаеш...»

Некаторыя добразычліўцы ўжо залічылі аповесць «Рух» у лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца новага сэзону. Не сьпяшайцеся, панове! Бо імчаць да прэміі няма на чым. Прыгожы лякаматыў з рухавіком фантастычнай моцы фактычна не пакінуў кабінэт праекціроўшчыка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG