Лінкі ўнівэрсальнага доступу

– Чаму перасьледуюць за «Пагоню», калі яна даўно легалізаваная?! – Чуваць тут і там апошнім часам.

Раней і затрымлівалі, і судзілі за нацыянальную сымболіку: ня тое што на стадыёне, ці на акцыі – а проста, калі, напрыклад, бачылі на вуліцы хлопца з тату. Афармлялі за «мат». Так было ад сярэдзіны 1990-х.

Амонаўцы рэагуюць на нацыянальную сымболіку як быкі на чырвоную анучу, а начальства іх прыкрывае, бо ўсе яны нутром адчуваюць, што ў выпадку вяртаньня «Пагоні» на Дом Ураду ім – канец. Як мінімум – звальненьне і разьбіральніцтва. Заявы ад пацярпелых, тых жа самых з тату ці шалікамі на стадыёне. Шмат розных гісторый.

Фантастыка? Неўзабаве ўгодкі пачатку Ўкраінскай рэвалюцыі. Мала хто не заўважыў як зьмяніўся сьвет за гэтыя два гады. Дзе цяпер той украінскі «Беркут»? Гастарбайтэры ў Расеі.

Так, у Беларусі перамены адбудуцца інакш. Але яны адбудуцца. І тое, што гісторыі зь перасьледам за нацыянальную сымболіку пачалі рабіцца мэдыйнымі падзеямі – прыкмета гэтых пераменаў.

Сяржант-амонавец і ягоны бос у міністэрскім фатэлі жывуць паводле карпаратыўных правілаў, а не паводле заканадаўства. І вось яны бачаць – іхныя патэнцыйныя супернікі з нацыянальнай сымболікай у руках «адчулі свабоду». А значыць іх трэба ставіць на месца. Мэханізм стары – «лаяўся матам», «не падпарадкаваўся законным патрабаваньням супрацоўніка міліцыі».

«Акупанцкая ўлада ў нас цяпер», – рэфрэнам гучаць камэнтары. Ідэалягічна так. А практычна ўсё яшчэ прасьцей – карпаратыўны інтарэс. Хоць уся міліцыя як бы адно міністэрства, насамрэч, ёсьць вялікая розьніца між участковым, патрульным, опэрам крымінальнага вышуку, і «разгоначнымі» структурамі, якія ў адрозьненьне ад астатняй міліцыі найперш абслугоўваюць адну канкрэтную ўладную карпарацыю, а ня ўсю дзяржаву.

Прыклад з амонам – найбольш яскравы. Зьява значна больш шырокая. Цяпер усе сочаць за гісторыяй з хлопцамі з кадэцкай вучэльні, якія сфатаграфаваліся ў майках з «Пагоняй». Кадэцкія вучэльні і клясы, дзе пануе дух Суворава, Кутузава ды Расейскай імпэрыі наагул. Вайсковая адукацыя ў Беларусі? Так, гэта таксама карпарацыя са сваімі галоснымі і негалоснымі правіламі. Карпарацыя, для якой «Пагоня» – ідэалягічна варожы знак. А таксама наўпроставы сыгнал пэрспэктывы канца «лавачкі» і вяртаньня вяршэнства закону над паняцьцямі карпарацыі.

Амонаўцы, сувораўцы, казакі, западна-русы, «белагвардзейцы», «чарнасоценцы». Яны жывуць і дзейнічаюць побач з намі. І для ўсіх іх «Пагоня» – код іх адсутнасьці ў будучыні Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG