Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакеры ўзламалі пошту кіраўніка ЦРУ і дырэктара Міністэрства нацбясьпекі ЗША


Хакеры ўзламалі электронныя паштовыя скрыні дырэктара ЦРУ ЗША Джона Брэнана і кіраўніка Міністэрства нацыянальнай бясьпекі Злучаных Штатаў Джэя Джонсана. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на ABC News.

Як удакладняе ВВС, спэцслужбы ЗША правяраюць паведамленьні аб тым, што асабістую электронную пошту дырэктара ЦРУ Джона Брэнана ўзламаў старшаклясьнік. Сам меркаваны хакер даў ананімнае інтэрвію New York Post, у якім распавёў, што выявіў рабочыя файлы Брэнана.

У яго запісе ў «Твітэры», як сьцьвярджаецца ў СМІ, можна знайсьці сьпіс кантактаў Брэнана, тэлефонныя нумары і нумар страхоўкі.

Меркаваны хакер сьцьвярджае, што ўзламаў пошту і міністра ўнутранай бясьпекі ЗША Джэка Джонсана.

У СМІ адзначаецца, што пошта Брэнана была ўзламаная на сэрвісе AOL, якой ён не карыстаўся ў працоўных мэтах пасьля таго, як быў прызначаны на пасаду кіраўніка ЦРУ.

«Мы ў курсе паведамленьняў у сацыяльных сетках і накіравалі справу ў адпаведныя органы», — сказалі ў ЦРУ.

Таксама падкрэсьліваецца, што электронная пошта кіраўніка Міністэрства нацыянальнай бясьпекі ЗША не ўтрымлівала якой-небудзь значнай або каштоўнай інфармацыі.

Пытаньне выкарыстаньня амэрыканскімі палітыкамі асабістых паштовых адрасоў у апошні час стаіць асабліва востра, пасьля таго, як высьветлілася, што былы дзяржсакратар ЗША і кандыдат у прэзыдэнты Гілары Клінтан ўжывала асабісты паштовы сэрвэр для службовай перапіскі на пасадзе кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства.

XS
SM
MD
LG