Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павераны ЗША: У нас было пацяпленьне, але пра вяртаньне амбасадара ЗША гаворкі не вядзецца


У Менску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця мэмарыяльнай шыльды ў гонар місіі Адміністрацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля дапамогі і адбудовы (UNRRA), якая працавала ў Беларусі ў 1946–1947 гадах. Памятная шыльда ўсталяваная на сядзібе ў Лошыцкім парку, дзе месьцілася штаб-кватэра місіі. Удзел у цырымоніі адкрыцьця ўзяў павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Скот Роланд, а таксама міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, прадстаўнікі некаторых дыпляматычных місіяў і дзяржаўныя чыноўнікі.

Адкрыцьцё мэмарыяльнай шыльды ў гонар UNRRA было прымеркавана да 70-годзьдзя ўтварэньня ААН. У свой час UNRRA, у якую ўваходзілі 45 краін сьвету, стала своеасаблівай папярэдніцай ААН. Дзейнасьць UNRRA была скіраваная на дапамогу краінам, якія найбольш пацярпелі ў выніку Другой усясьветнай вайны. Значны ўнёсак у дзейнасьць арганізацыі зрабілі ЗША.

У Беларусі ў складзе місіі UNRRA працавалі пятнаццаць чалавек, а ў фінансавым вымярэньні дапамога ЗША па гэтай лініі склала 60 мільёнаў даляраў.

Павераны ў справах ЗША Скот Роланд прывітаў прысутных на беларускай мове і падкрэсьліў, што адкрыцьцё памятнай шыльды — гэта ўшанаваньне старонак супольнай гісторыі. Ён выказаў таксама задавальненьне, што ЗША мелі магчымасьць дапамагаць Беларусі аднаўляць краіну пасьля вайны:

«Як амэрыканец я ганаруся тым, што ў складзе місіі працавалі мае суайчыньнікі. Дзейнасьць місіі заслугоўвае памяці і ўдзячнасьці».

Скот Роланд таксама ўзгадаў амэрыканку Рут Ўолер, якая загінула, ратуючы беларускіх дзяцей. Дыплямат нагадаў, што савецкія ўлады зьбіраліся надаць яе імя аднаму з карпусоў шпіталя № 1 у Менску. І скончыў свой выступ пытаньнем: «Можа, прыйшла пара гэта зрабіць?».

Скот Роланд дадаў, што часта бывае ў Лошыцкім парку. І хоць ніколі ня быў усярэдзіне Лошыцкай сядзібы, яна для яго мае асаблівае значэньне ў зьвязку зь дзейнасьцю UNRRA і ягоных суайчыньнікаў у Беларусі.

Адказваючы на пытаньне Свабоды пра супрацоўніцтва Беларусі і ЗША пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Скот Роланд сказаў:

«Мы спадзяёмся на далейшы рух наперад. У нас было пацяпленьне апошнім часам, і спадзяёмся на лепшае і ў будучыні».

Дыплямат таксама паведаміў журналістам, што пра аднаўленьне дзейнасьці амбасадара ЗША ў Беларусі гаворкі пакуль не вядзецца.

Уладзімер Макей, Санака Самарасыхна і Скот Роланд

Уладзімер Макей, Санака Самарасыхна і Скот Роланд

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей, прамаўляючы падчас адкрыцьця, падкрэсьліў асаблівую ролю ЗША ў працы місіі ў Беларусі. У прыватнасьці, ён сказаў:

«Варта асабліва адзначыць, што асаблівае фінансавае і экспэртнае спрыяньне ў дзейнасьці праграмы місіі зрабілі ЗША. Мы ўдзячныя за гэта. І я думаю, што гэты пасьпяховы вопыт нашага ўзаемадзеньня ў мінулым можа і павінен паслужыць прыкладам добрага ўзаемадзеяньня і ў будучыні».

Санака Самарасыхна

Санака Самарасыхна

Каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасыхна, прамаўляючы на цырымоніі, таксама падкрэсьліў, што ў Лошыцы ў першыя пасьляваенныя гады працавала прадстаўніцтва UNRRA — арганізацыі-пачынальніцы ААН. І ЗША, дзякуючы ахвярнасьці і шчодрасьці сваіх жыхароў, змаглі праз UNRRA выдзеліць дапамогу Беларусі ў памеры 60 мільёнаў даляраў. Санака Самарасыхна таксама паведаміў, што з ініцыятывы ААН і пры падтрымцы ўладаў Беларусі распачынае дзейнасьць экспрэс-цягнік, прысьвечаны ўстойліваму разьвіцьцю і 70-годзьдзю ААН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG