Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет: выбары і байкот на фоне тысяч палітвязьняў


Пасьля галасаваньня ў Александрыі 18 кастрычніка 2015 году
Пасьля галасаваньня ў Александрыі 18 кастрычніка 2015 году

Сёньня ў Эгіпце — другі дзень парлямэнцкіх выбараў. Пра хаду кампаніі і сытуацыю ў гэтай паўночнаафрыканскай краіне распавядае з Каіру беларуска Вольга Чарных, якая цяпер стала жыве ў Эгіпце.

Радыё Свабода: Цяперашнія парлямэнцкія выбары — колькі дзён яны працягваюцца? Я прачытаў, што вынікі галасаваньня будуць падведзеныя толькі ў сьнежні.

Вольга Чарных
Вольга Чарных

Чарных: Трэба разумець спэцыфіку Эгіпту. Людзі тут удзельнічаюць у выбарах ня вельмі ахвотна. Па-першае, ўзровень адукацыі даволі нізкі. Па-другое, ў шэрагу рэгіёнаў жанчыны ня ходзяць на галасаваньне, бо лічаць гэта ня іх справай. Па-трэцяе, варта ўлічваць агульныя настроі ў краіне. У маёй сям’і, напрыклад, ніхто ня пойдзе галасаваць, бо мы лічым гэта бессэнсоўным. Бо ваенная дыктатура, якая пануе ў краіне, не пакідае людзям аніякага выбару. І гэтак думае вельмі шмат эгіпцянаў.

Выбары праходзяць 2 дні — 18-19 кастрычніка. І гэта першы тур галасаваньня. Другі тур будзе 22 лістапада.

Летась, калі былі выбары прэзыдэнта, яны працягваліся 3 дні, ў некаторых рэгіёнах іх працягнулі яшчэ на адзін дзень. Бо яўка выбаршчыкаў была вельмі нізкай.

РС: Паведамляецца, што ўчора, ў першы дзень галасаваньня ў Эгіпце яўка была ўсяго 10%. Гэта неяк вельмі мала. У Беларусі спрачаюцца, ці прыйшлі галасаваць 50%, а тут ў 5 разоў меней. Чаму?

Чарных: Мяне гэта не зьдзіўляе. Тут некалькі групаў. Заможныя эгіпцяне цяпер вельмі набліжаныя да ваеннай ўлады. Ёсьць бедная частка, якая выжывае ўсімі магчымымі спосабамі. І значная частка ўвогуле беспрацоўныя. Яны не прымаюць ніякага ўдзелу ў палітычным жыцьці краіны.

Бедныя і беспрацоўныя збольшага на выбары ня ходзяць.

Бедныя і беспрацоўныя збольшага на выбары ня ходзяць. Іх заахвочваюць, чальцы выбарчых камісіяў прыходзяць да іх дадому, тэлефануюць, дасылаюць ім смс-кі. Але атрымліваецца не надта.

Ёсьць яшчэ частка апазыцыі, якая яшчэ не сядзіць у турмах і ня зьехала за мяжу. Яны ведаюць, што ў выбарах у іх няма сваіх кандыдатаў.

Усе палітычныя партыі, якія ўдзельнічаюць у сёлетніх парлямэнцкіх выбарах, ня маюць нават ценю апазыцыйнасьці. Там ці афіцыйна праўладныя партыі ці праўладныя фактычна. Гэта выбары бяз выбару.

РС: Тыя групы, якія падтрымлівалі папярэдняга прэзыдэнта Мурсі, я маю на ўвазе найперш «братоў-мусульманаў», якія зазналі вельмі жорсткі перасьлед, сотні чальцоў гэтай групоўкі былі забітыя — якое іх стаўленьне да гэтых выбараў? Яны заклікаюць іх байкатаваць?

Лідэры тых партыяў, якія балятаваліся і праходзілі ў парлямэнт у 2012 годзе, цяпер знаходзяцца ў турмах.

Чарных: Збольшага так, заклікаюць байкатаваць. Лідэры тых партыяў, якія балятаваліся і праходзілі ў парлямэнт у 2012 годзе, цяпер знаходзяцца ў турмах. Лідэр партыі сацыяльнага разьвіцьця — у турме, лідэр партыі працоўных — у турме, лідэрка жаночага руху — у турме, лідэры «Братоў-мусульманаў» — усе ў турме. Цяпер у Эгіпце, паводле розных дадзеных, за кратамі знаходзіцца ад 5 тысяч да 8 тысячаў чалавек, якія прымалі ўдзел у палітычным жыцьці ў часы прэзыдэнцтва Мурсі і спрабавалі выяўляць палітычную актыўнасьць ужо пасьля прыходу вайскоўцаў да ўлады. Прыхільнікі гэтых палітычных сілаў заклікаюць на выбары не хадзіць. Усе друкаваныя СМІ тут пад кантролем вайскоўцаў, там махровая прапаганда.

А ў сацыяльных сетках больш пануе пэсымістычны настрой. Трэба адзначыць, што ў Эгіпце цяпер вельмі жорсткі эканамічны крызіс. Быў паліўны крызіс, калі на запраўках нельга было знайсьці бэнзіну. Растуць кошты на электрычнасьць і прадукты харчаваньня.

У 2013 годзе адной з нагодаў зрынаньня прэзыдэнта Мурсі называўся эканамічны крызіс і тое, што на запраўках не было паліва. Зьмянілася ўлада, прыйшоў , як піша афіцыёз, «выратавальнік Эгіпту» Абдэль Фатах Аль-Сісі, але паліва на запраўках і цяпер няма.

РС: Вольга, а калі спраецыраваць беларускія спрэчкі пра байкот і яго наступствы на Эгіпет, то што атрымліваецца? У першы дзень галасаваньня 90% выбаршчыкаў у ім не ўдзельнічалі. Гэты байкот — ці можа ён увасобіцца ў пратэст, ці гэта хутчэй байкот адчаю ці байкот абыякавасьці?

Чарных: Выбарчы адбудуцца ў любым выпадку. Ня прыйдуць людзі сёньня, працягнуць галасаваньне яшчэ на дзень, і яшчэ, і яшчэ. Улады будуць працягваць выбары да таго часу, пакуль не атрымаецца 50%.

Што да пратэстаў, то ў Эгіпце цяпер пратэставаць вельмі цяжка. Вайскоўцы трацяць вялікія грошы на бясьпеку. Тут каля кожнага ў нечым палітычна значнага будынку — царквы, амбасады, банку — стаіць танк ці вайсковы патруль.

Часам людзі проста зьнікаюць.

Што тычыцца пратэстаў, то калі людзі зьбіраюцца больш чым утрох, у іх правяраюць дакумэнты. Калі яны выклікаюць падазрэньні, то іх забіраюць у пастарунак. І часам людзі проста зьнікаюць.

Я даю прыклад, як чалавек прыйшоў наведаць сябра ў турме, яго там затрымалі, абвінавацілі ў «рэлігійным экстрэмізме» і пасадзілі ў тую ж турму. Такая моладзевая рэвалюцыя, рэвалюцыя сацыяльных сетак, як гэта было ў 2011 годзе і нават пасьля прыходу да ўлады вайскоўцаў — такога зараз ня будзе. Частка людзей сядзіць, частка зьехала з краіны.

Але ў краіне можа быць проста галодны бунт. Ты выяжджаеш з Каіру на 2 тыдні, вяртаесься і бачыш, што цэны на прадукты харчаваньня вырасьлі ў два разы. Так што галодныя бунты магчымыя, але рэвалюцыя інтэлігенцыі — наўрад ці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG