Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце заклікаюць прыйсьці на матч БАТЭ-Барсэлёна ў цішотках з «Пагоняй»


Гульня пройдзе 20 кастрычніка на «Барысаў-арэне». Па словах міністра ўнутраных спраў, міліцыя ня можа затрымліваць грамадзян толькі за цішоткі з нацыянальнай сымболікай.

Прадпрымальнік з Барысава Віктар Гарбачоў прапанаваў правесьці акцыю ў падтрымку аштрафаваных нібы за шалікі з «Пагоняй» футбольных фанатаў і кадэтаў, якім за фота ў цішотках з «Пагоняй» пагражае адлічэньне.

«20 кастрычніка! Гэты дзень рэальна можа быць перамогай „Пагоні“! Як? На „Барысаў-Арэне“ адбудзецца матч БАТЭ — Барсэлёна, — піша прадпрымальнік. — На матчы будзе 14 тысяч гледачоў! Самы час з інтэрнэтаўскай падтрымкі футбольных фанатаў (затрыманых за „Пагоню“) і кадэтаў (за „Пагоню“ таксама) перайсьці да рэальнай падтрымкі на гэтым матчы. Пару тысяч у цішотках з „Пагоняй“ (хай і пад курткамі) у адзін момант раскрыюцца! І паспрабуй аштрафуй тысячы і ўжыві да іх меры. Вось быў бы ўдар па ўладах і падтрымка ўсіх, каго перасьледуюць. А самае галоўнае — увесь сьвет пабачыць сапраўдны сымбаль краіны!»

Пра час, у які прыхільнікі акцыі пакажуць цішоткі з «Пагоняй», ён прапануе дамовіцца ў дзень гульні.

БАТЭ сёлета прабілася ў групавы этап Лігі Чэмпіёнаў, здабыўшы перамогі ў кваліфікацыйных раўндах у гульнях з «Дандолкам» (Ірляндыя), «Відэатонам» (Вугоршчына) і «Партызанам» (Сэрбія). У групавым этапе БАТЭ гуляе з «Барсэлёнай» (Каталёнія, Гішпанія), «Баерам» (Нямеччына) і «Ромай» (Італія). На сёньня барысаўчане маюць тры балы: каманда прайграла «Баеру» 1:4, але перамагла «Рому» 3:2.

Раней міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч нагадваў, што за адзеньне з выявай «Пагоні» міліцыя ня мае права затрымліваць людзей — у адміністрацыйным кодэксе няма такога парушэньня.

XS
SM
MD
LG