Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусі «дагнаць» Казахстан?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Як заўважыў адзін дасьціпны чалавек, у дэмакратычнай сыстэме вынік выбараў невядомы, затое вядома, што будзе рабіць той ці іншы кандыдат, калі ён апынецца пераможцам. У аўтарытарнай сыстэме наадварот — вынік выбараў да болю прадказальны, затое невядомыя наступствы, незразумела куды павядзе краіну стары-новы лідэр.

І падчас перадвыбарчай кампаніі, і раней Аляксандр Лукашэнка ня раз заяўляў, што ніякіх кардынальных зьменаў не плянуе, што існая сацыяльна-эканамічная і палітычная сыстэма вытрымала выпрабаваньне часам, а ад дабра дабра не шукаюць. Такі погляд не пазбаўлены падставаў, аднак наконт выпрабаваньня часам, як той казаў, ёсьць пытаньні.

Цяперашнія прэзыдэнцкія выбары былі першымі, якія праводзіліся ва ўмовах істотнага пагаршэньня эканамічнага становішча.

Цяперашнія прэзыдэнцкія выбары былі першымі, якія праводзіліся ва ўмовах істотнага пагаршэньня эканамічнага становішча. Гэта было ў значнай ступені кампэнсавана «украінскім фактарам», тым, што на першы плян выйшлі пытаньні бясьпекі. Для таго, каб на выбарах не адбылося ніякіх нечаканасьцяў, гэтага хапіла з лішкам. Але ці хопіць надоўга?

Існуе пункт гледжаньня, што Лукашэнка ня пойдзе на рынкавыя рэформы ніколі і ні пры якіх абставінах, гэта, маўляў, не толькі супярэчыць яго палітычнай філязофіі, яго натуры, але і зьяўляецца для яго па сутнасьці сьмерцю ў растэрміноўку: рынкавая эканоміка ліквідуе жорсткі дзяржаўны кантроль, створыць сярэднюю клясу, якая запатрабуе зьмены і палітычнай сыстэмы і пішы прапала — Майдан, зьвяржэньне і іншыя жахі.

Аднак варта заўважыць, што вопыт вельмі многіх краін сьвету абвяргае гэтую прыгожую схему. Паводле ацэнкі заходніх экспэртаў, напрыклад, Сынгапур — краіна з адным з самых высокіх у сьвеце паказчыкаў эканамічнай свабоды. Але хіба пры гэтым Сынгапур дэмакратыя? Зусім не. Запаветы «бацькі» сынгапурскага эканамічнага цуду Лі Кван Ю там захоўваюць строга і ў палітычнай сыстэме краіны «чужыя не ходзяць».

Ну, можна сказаць, што вопыт далёкай азіяцкай краіны з канфуцыянскай традыцыяй мэрытакратыі — гэта не пра Беларусь. Экзатычны Сынгапур згаданы толькі для таго, каб паказаць, што дэмакратыя ня ёсьць непазьбежным і хуткім вынікам наяўнасьці рынкавай эканомікі. Але і рынкавая эканоміка мае шмат мадэляў, варыяцый, і досыць ўстойлівы сымбіёз з аўтакратыяй ўтвараюць многія з іх.

І далёка хадзіць не трэба, можна паглядзець на Казахстан, які ўваходзіць разам з Беларусьсю ў Эўразійскі саюз.

Калі карыстацца крытэрыем легітымнасьці ўлады, які Аляксандр Лукашэнка агучыў на выбарчым участку 11 кастрычніцкай: чым больш галасоў атрымаў лідэр паводле вэрсіі Цэнтравыбаркаму, тым лепш, то з гэтым у Нурсултана Назарбаева поўны ажур. На фоне яго 98% на выбарах гэтага году 84% Лукашэнка выглядаюць проста нейкім разгулам дэмакратыі.

Ёсьць мноства іншых паказчыкаў, якія сьведчаць аб тым, што палітычная сыстэма Казахстану — сталы, кансалідаваны аўтарытарызм, ніякіх сур’ёзных дысфункцый, грамадзкіх выклікаў ўладзе Назарбаева там не назіраецца.

Аднак пры гэтым тамтэйшая сацыяльна-эканамічная сыстэма вельмі непадобная на беларускую квазісацыялістычную мадэль. Некалькі гадоў таму адбыўся завочны дыялёг паміж Лукашэнкам і Назарбаевым наконт калгасаў. Беларускі лідэр казаў пра іх з захапленьнем, Назарбаеў — з пагардай, як пра рэлікт «саўка», даўно адкінуты Казахстанам. Можна прыводзіць мноства аргумэнтаў, якія сьведчаць аб тым, што казахстанская эканоміка куды больш рынкавая, чым беларуская.

Пры гэтым яна непадобная ня толькі да эканомікаў заходніх краін, але і да эканомікі згаданага вышэй Сынгапуру. Сынгапур — адна з самых некарумпаваных краінаў сьвету, улада там жорстка аддзеленая ад уласнасьці. Усе ж вопыт шматгадовага брытанскага кіраваньня адчуваецца.

Ну а ў Казахстане з гэтым інакш. Эканоміка квітнее разам з карупцыяй, улада і ўласнасьць зьліваюцца да поўнай неадметнасьці пры першынстве, зразумела, улады.

Вядома ж, і тут можна сказаць, што гэта Азія, Усход (які, як вядома, рэч далікатная), што Казахстан — краіна, багатая прыроднымі рэсурсамі, якімі бедная Беларусь. Але тым не менш, гэта мадэль, якая выглядае куды больш дасягальнай, чым далёкі Сынгапур.

Стабільная аўтарытарная палітычная сыстэма, адносная эканамічная свабода і зрошчваньне ўлады і ўласнасьці.

Зрэшты, рэч не ў абавязковасьці прыкладу, а хутчэй у прэцэдэнце, у наборы парамэтраў, якія спалучаюцца: стабільная аўтарытарная палітычная сыстэма, адносная эканамічная свабода і зрошчваньне ўлады і ўласнасьці.

Да зьменаў у гэтым кірунку Аляксандра Лукашэнкі падштурхоўваюць дзьве акалічнасьці. Першае — цана збудаванай ім сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Роўнасьць (Беларусь застаецца краінай з вельмі нізкімі паказчыкамі няроўнасьці даходаў), гіганцкі дзяржаўны сэктар, у якім вырабляецца 70% ВУП (у суседзяў, уключаючы Расею, і ў таго ж Казахстана ён менш у разы), досыць шчодрая сацыяльная палітыка — усё гэта па-свойму нядрэнна, звыкла, але гэтую прыгажосьць цяжка падтрымліваць бяз сталага вонкавага фінансаваньня.

Доўгі час яго атрымлівалася здабываць, магчыма, будзе атрымлівацца і ў далейшым, балазе нармалізацыя адносінаў афіцыйнага Мінска з ЭЗ можа адкрыць новыя, дадатковыя крыніцы гэтага фінансаваньня. А можа яшчэ і нафта пойдзе ўверх.

Казахстанская мадэль мае перад беларускай тую перавагу, што яна таньнейшая.

Усё можа быць. Але ўжо даволі доўга зоркі для беларускай эканомікі складваюцца неспрыяльна. А тая ж казахстанская мадэль мае перад беларускай тую перавагу, што яна таньнейшая. Яна прынамсі ў меншай ступені патрабуе здабываць па ўсім сьвеце рэсурсы для аплаты абавязаньняў дзяржавы.

І другая акалічнасьць падштурхоўвае беларускую ўладу да рэформаў — гэта грамадзкі запыт, групавыя інтарэсы. Некалі прэзыдэнт з пагардай казаў: апазыцыя «гвалтам крычыць — няма рэформаў». Так, крычала і крычыць. А пра што «крычыць», напрыклад, Нацыянальны банк? А пра што — памочнік прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды? А чаму прэм’ер Андрэй Кабякоў атрымаў ад прэзыдэнта папрокі за прапанову «стварыць буржуазнае або буржуазна-дэмакратычнае грамадзтва»?

А пра тое ж і таму ж. Але гэта ж ножкі трону, апора найвышэйшай улады, людзі ёю правераныя, адабраныя і прызначаныя.

Як жа так? То Міхаіл Мясніковіч рэформы «падкідаў», цяпер Кабякоў — туды ж. Ды што ж гэта робіцца, няўжо нельга прызначыць «нармальных» людзей, якія б не пярэчылі кіраўніку дзяржавы і падзялялі яго сацыяльна-эканамічныя погляды?

А вось не атрымліваецца неяк. Чаму? На паверхні — акадэмічнае тлумачэньне, што аўтары адпаведных прапановаў больш дасьведчаныя ў эканамічнай мудрасьці, чым іх шэф, і прапануюць тое, што сама эканоміка настойліва патрабуе. Можа і не без таго, але тлумачэньне няпоўнае. Эканоміка сама па сабе нічога не патрабуе, заўсёды магчымы набор варыянтаў вырашэньня праблем. Але пры гэтым кожны варыянт — гэта варыянт дзяльбы нацыянальнага «пірага», вызначэньне таго, хто ад зьменаў або захаваньня таго ці іншага варыянту выйграе, а хто прайграе.

Ад схем рэформаў, якія ўпарта прапаноўваюцца, выйграе чынавенства і буйны бізнэс.

Дык вось — ад схем рэформаў, якія ўпарта прапаноўваюцца, выйграе чынавенства і буйны бізнэс. Гэтыя людзі і стануць багацейшымі, і, што можа быць важней, легалізуюць ўжо наяўную немалую ўласнасьць. Куршавэль, яхты, легальныя мільёны даляраў, паказное спажываньне: расейкія, украінскія, казахскія «гаспадары жыцьця», «жывуць як людзі», усё гэта маюць і ад усяго гэтага атрымліваюць асалоду, а чаму іх беларускія калегі павінны строіць зь сябе «камісараў у пыльных шаломах»?

Не, прама, вядома, пра гэта ніхто не піша, прама пішуць аб структурных рэформах, новых рынках, нават аб прадухiленьнi зрошчваньня уласнасьці і ўлады. Толькі на самай справе жыцьцё, так бы мовіць, возьме сваё і мадэль атрымаецца казахстанская або расейская. Бо за тым, каб атрымалася менавіта так, стаяць магутныя інтарэсы уплывовых групаў. Можна прагнаць чыноўніка, нават некалькіх, нельга прагнаць чынавенства як сацыяльны пласт.

На гэтую «матрыцу» ня моцна ўплывае нават палітычная сыстэма. Ну вось у Назарбаева ў палітыцы ўсё строга, а Малдова, напрыклад, «выдатнік» эўраінтэграцыі і рынкавых рэформаў, дэмакратыя і грамадзянская супольнасьць квітнеюць там пышным колерам. А што нядаўна вывела дзесяткі тысяч людзей на плошчу ў Кішынёве? А тое самае — кажуць, карупцыя там таксама квітнее, разам з дэмакратыяй і эўраінтэграцыяй.
Варта сказаць, што ціск на Лукашэнку ў напрамку такіх пераўтварэньняў аказваецца ўжо даўно, ужо гадоў 10 таму зьяўляліся тэксты, у якіх адпаведны паварот прагназаваўся і рэкамэндаваўся.

І больш-менш зразумела, чаму беларускі кіраўнік гэтаму ціску супрацьстаяў. Структурныя рэформы — рэч добрая, але за іх сацыяльныя наступствы тлумачыцца з раззлаваным народам, з тымі, хто ад рэформаў прайграе, давядзецца не разумным дарадцам, а таму, чыёй палітычнай апорай просты люд і зьяўляецца. Назарбаеў тлумачыцца даўно і вельмі эфэктыўна, а вось у Януковіча атрымалася не вельмі. Апынуцца ў яго ролі Лукашэнка не хацеў і не хоча. Да таго ж рынкавыя пераўтварэньні часта спараджаюць алігархаў, наяўнасьць якіх робіць усеўладзьдзе не зусім ўсеўладным. Што і крыўдна, і можа мець непрыемныя наступствы.

Раней такія асьцярогі блякавалі сцэнар «казахстанізацыі» Беларусі. Цяпер да ціску дадаўся яшчэ адзін фактар - грошай мала. Дэмантаж шчодрай сацыяльнай сыстэмы адбываецца ўжо цяпер, злаваць народ даводзіцца нават пры адмове ад выбару іншага шляху. А пераход да казахстанскай мадэлі спародзіць новыя апоры, новыя інструмэнты стабільнасьці.

Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка цяпер узважвае рызыкі і выгады.

Дарэчы, выбар на карысьць зьменаў і праславутых рэформаў не азначае ўсеагульнага шчасьця. Як гаворыцца, усё будзе так, як ты хочаш, але не так, як ты гэта сабе ўяўляеш. Падзел дзяржмаёмасьці і яго легалізацыя, рост няроўнасьці, паказное спажываньне нуварышаў — задавальненьне на аматара. Але справа ня ў тым, што нехта з-за кепскай натуры заводзіць гэта. Гэта адваротны бок эканамічных пераўтварэньняў. Па меншай меры на прасторы ад Кішынёва да Астаны гэты адваротны бок менавіта такі.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG