Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарскі банк «Credit Suisse» апублікаваў вынікі дасьледаваньня дабрабыту жыхароў Эўропы. Беларусь паводле прыбыткаў насельніцтва разьмясьцілася ў самым хвасьце сьпісу, апярэдзіўшы толькі Ўкраіну. Але паўднёвыя суседзі ня першы год жывуць у стане фактычнай вайны, тым часам як беларускія ўлады хваляцца дасягненьнем стабільнасьці ва ўсім.

Банкаўскія аналітыкі параўналі дабрабыт сярэднестатыстычнага дарослага жыхара кожнай эўрапейскай краіны, адштурхоўваючыся ад рэальных індывідуальных даходаў насельніцтва. Безумоўным лідэрам выніковага рэйтынгу стала Швайцарыя, дзе сярэдні ўзровень заможнасьці асобна ўзятага жыхара ацэньваецца больш як у паўмільёна даляраў — калі дакладна, у 576 тысяч. З прыкметным адставаньнем далей разьмясьціліся Ісьляндыя, Нарвэгія, Вялікая Брытанія, Швэцыя, Люксэмбург — толькі пяць гэтых краінаў перасягнулі плянку 300 тысяч даляраў у эквіваленце.

Пасьля іх — фінансавая прорва, а «дно» з блізкімі паказьнікамі падпіраюць Украіна і Беларусь. Пры тым, што ўмовы ў дзьвюх гэтых дзяржавах прынцыпова розныя: ва Ўкраіне, якая спачатку перажыла анэксію Крыму, а потым акупацыю Данбасу, лічбавае выражэньне дастатку насельніцтва складае 1437 даляраў, а ў мірнай Беларусі — 1551 даляр. Яшчэ больш паказальна, што Малдова, якая стала трэцяй сярод найбяднейшых краінаў Эўропы, паводле дабрабыту ўдвая апярэджвае Беларусь, маючы 3104 даляра на чалавека.

Наколькі дакладныя высновы фінансавых аналітыкаў? Ці сапраўды беларусы стаяць на адной прыступцы з украінцамі і жывуць горш за малдаванаў? Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан перакананы, што Беларусь моцна «недаацэненая». З аднаго боку, ацаніць яе як мае быць перашкаджае дзяржаўная манаполія ў большасьці сфэраў эканомікі, зь іншага — абмежаванасьць доступу замежных экспэртаў да аб’ектыўнай інфармацыі:

Валянцін Лопан

Валянцін Лопан

«На падобныя рэйтынгі трэба глядзець досыць крытычна. Магчыма, па тых паказьніках, якія швайцарскі банк мае, гэта і так. Але калі, прыкладам, улічваюцца актывы фінансавыя і нефінансавыя, то Беларусь у бальшыні выпадкаў недаацэненая, кошт яе дакладна ня вызначаны. Самыя выгадныя актывы, мабыць, нават не разглядаюцца. Справа ў тым, што ў нас няма нармальнага рынку зямлі, няма прыватных актываў у прамысловасьці, рынак нерухомасьці ёсьць, але нейкі дэфармаваны. У нас не разьвіты акцыянэрны капітал, ніхто ня ведае, колькі рэальна каштуюць нашы прадпрыемствы, рынак яшчэ іх не ацаніў. Паколькі прамысловасьць у асноўным уся ў руках дзяржавы, колькі яна каштуе насамрэч — ніхто ня ведае. Зноў жа, няма актыўнага абароту акцыяў, каштоўных папераў і г.д. Якраз тое, што ў іншых краінах даўно працуе і ўплывае на вызначэньне дабрабыту ці нацыянальнага багацьця на кожнага жыхара. У нас гэтыя рынкавыя інструмэнты папросту не „раскідваюцца“ на кожнага дарослага жыхара — гэта, падобна, нават ня ўлічваецца».

У аб’ектыўнасьці дасьледаваньня сумняецца і дырэктар дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык. Па ягоных разьліках, паказьнік дабрабыту беларусаў павінен быць як мінімум у чатыры разы большы за прыведзеную лічбу, якая складае паўтары тысячы даляраў:

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

«Калі гаворка пра валавы ўнутраны прадукт, які вымяраецца не праз парытэт пакупніцкай здольнасьці, а ў абсалютных лічбах, то летась у Беларусі ВУП на аднаго дарослага жыхара быў каля 7 тысяч даляраў. Калі ж гаворка пра прыбыткі, то трэба разумець, што яны меншыя за ВУП. Спажывецкія выдаткі, якія можна лічыць пэўным адпаведнікам даходаў (даходы крыху большыя, бо людзі яшчэ штосьці ашчаджаюць), складаюць дзесьці 60% ад ВУП. То бок прыбыткі беларусаў будуць 0,6×10 — 6 тысяч даляраў на аднаго дарослага чалавека. Шчыра кажучы, крыху дзівіць, адкуль „Credit Suisse“ узяў іншыя лічбы. Прынамсі, трэба глядзець на мэтадалёгію. Але тое, што ў Малдове паказьнік удвая большы, чым у Беларусі, — нават само параўнаньне выглядае каструбавата. Прыгожае імя арганізацыі не заўсёды гарантуе, што дадзеныя вартыя даверу. Напрыклад, Transparency International зь яе рэйтынгам успрыманьня карупцыі: карупцыя ў Беларусі ніяк ня можа быць параўнальнай з азэрбайджанскай ці ўкраінскай, а ў рэйтынгу мы вельмі падобныя».

Як зазначаюць экспэрты, трэба мець на ўвазе і розныя магчымасьці пакупніцкай здольнасьці у кожнай краіне. На эквівалент 100 даляраў аўтсайдэры рэйтынгу — украінцы, беларусы ці малдаване — могуць сабе дазволіць істотна больш, чым лідэры: швайцарцы, нарвэжцы ці люксэмбурцы. Іншая справа, што ў шмат якіх постсавецкіх краінах тыя ж 100 даляраў паступова набліжаюцца да месячнага заробку, тым часам як на Захадзе нават дапамога па беспрацоўі ў разы большая, а сярэдні заробак у той жа Швайцарыі ў пераліку на даляры сягае 5–6 тысяч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG