Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут выдатна відаць рука Крамля, які кіруе ідэалёгіяй у Беларусі...» — апытаньне ў Горадні


Вучні кадэцкай вучэльні ў Ястрамблі, што каля Баранавічаў, сфатаграфаваліся са старажытным беларускім гербам «Пагоня» пад вайсковай формай

Вучні кадэцкай вучэльні ў Ястрамблі, што каля Баранавічаў, сфатаграфаваліся са старажытным беларускім гербам «Пагоня» пад вайсковай формай

Падлеткаў, якія сфатаграфаваліся ў цішотках з выявай старадаўняга беларускага герба «Пагоня», зьбіраюцца адлічыць з кадэцкай вучэльні. Як вы да гэтага ставіцеся? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенскай моладзі.

Малады хлопец, студэнт: «Я лічу, няправільна, што іх хочуць адлічыць з вучэльні і наагул на іх ціснуць. Мне проста цікава — ці разумеюць яны самі, што надзелі гістарычныя сымбалі, што некалі воіны ВКЛ выходзілі пад імі бараніць сваю краіну? А тое, што іх зьбіраюцца адлічваць — не разумею. Хаця, у нас многія рэчы робяцца невядома дзеля чаго».

Малады мужчына: «Ад іх хаваюць гэтую сымболіку, а яны пра яе ведаюць, яны яе надзяюць на сябе і фатаграфуюцца. А з боку вучэльні мы бачым антынацыянальную палітыку, паколькі гэта сымбалі хоць сёньня і не афіцыйныя, але нацыянальныя, патрыятычныя. Тут выдатна відаць рука Крамля, які кіруе ідэалёгіяй у Беларусі».

Малады хлопец, студэнт: «Я думаю, што ня трэба іх адлічваць з вучэльні, бо ўсе мы людзі і ўсе можам рабіць памылкі».

Карэспандэнт: «А якую памылку зрабілі гэтыя хлопцы?»

Малады хлопец, студэнт: «Магчыма, гэта супярэчыць статуту іх вучэльні... але адлічваць іх ня варта».

Маладая дзяўчына, студэнтка: «Па-мойму, іх несправядліва хочуць адлічыць, несправядліва. Я нічога не магу вам больш патлумачыць, але гэта несправядліва, хлопцы нічога дрэннага не зрабілі. Нічога...»

Юнак, вучань 10-е клясы: «Ну і што, надзелі кашулю, сфатаграфаваліся, і што? Яны нічога дрэннага не зрабілі, не крычалі, не парушалі парадак...»

Ягоны аднаклясьнік: «І я гэтаксама думаю. Магчыма, гэта іх улюбёныя кашулі. Ну дык калі я сфатаграфуюся ў сваёй улюбёнай кашулі, то што, мяне за гэта павінны адлічыць са школы? Я ж нічога дрэннага не раблю, спакойна фатаграфуюся, і ўсё...»

Маладая дзяўчына, студэнтка: «Я адмоўна стаўлюся да гэтага, бо гэта няправільна. А падлетак, да ўсяго, яшчэ чалавек не сасьпелы, каб яго за такія рэчы выключаць з вучэльні. Яны, напэўна, яшчэ шмат чаго не ўсьведамляюць пра тое, што і як адбываецца ў нашай краіне. Мне здаецца, бацькі ім павінны патлумачыць, што ў гэтым жыцьці некаторыя ўчынкі рабіць ня варта...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG