Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Guardian: Менскія казыно пацярпелі ад спаду ў Расеі


Пра ўплыў расейскага эканамічнага крызісу на казыно ў Беларусі — у рэпартажы, які публікуе брытанская газэта The Guardian.

У казыно беларускай сталіцы некалі было так шмат багатых гульцоў з Масквы, што некаторыя называлі Менск «расейским Лас-Вегасам».

Невялікая адлегласьць — 8 гадзінаў язды на машыне — рабіла Менск прывабным месцам для гульцоў з Расеі, дзе азартныя гульні былі забароненыя з 2009 году. За кошт багатых расейцаў у Менску вырасьлі цэны на элітную нерухомасьць.

Казыно ў цэнтры Менску, якія зьзяюць агнямі, кідаюцца ў вочы сярод сталінскай архітэктуры і помнікаў дзеячам савецкай эпохі, такім, напрыклад, як заснавальнік савецкай тайнай паліцыі Фелікс Дзержынскі. Але за гульнявымі сталамі цяпер шмат пустых месцаў.

Вечарам будзёнага дня бізнэс-кансультант з Масквы Аляксандар Ісаенка самотна гуляе ў покер у Casino Royal непадалёк ад плошчы Леніна, ў той час як ягоныя сябры адно назіраюць. Гульцы рэдкія і за іншымі дзесяткамі сталоў у казыно.

«Шмат масквічоў прыяжджалі сюды, але цяпер крызіс і большасьць з іх зьніклі — кажа Ісаенка. — Яны альбо працуюць, або збанкрутавалі.»

У выніку падзеньня коштаў на нафту і заходніх санкцыяў расейскі рубель страціў больш за палову сваёй вартасьці на працягу 2014 году, а сёлета Расея ўступіла ў рэцэсію. Беларуская эканоміка, якая ў значнай ступені залежыць ад Расеі, таксама скарачаецца, але менавіта гатоўнасьць расейцаў траціць грошы ўдарыла па казыно найбольш моцна.

Па словах Алены Кін, генэральнага мэнэджэра казыно «Шангры Ла», да 80% кліентаў казыно — расейцы. Яны не маюць патрэбы ў візе, каб прыбыць у Беларусь, адлегласьць — паўтары гадзіны на самалёце, у Менску дамінуе расейская мова.

Казыно ў Мінску прапаноўваюць гульцам, якія купляюць, па меншай меры на 10 тысячаў даляраў фішак, пакет паслугаў, якія ўключаюць чартарныя рэйсы з Масквы і браніраваньне нумароў клясы люкс. Але яшчэ больш гульцоў прыяжджала самастойна. З пачатку крызісу, аднак, менш расейцаў выяжджаюць за мяжу, каб гуляць.

«Раней я мог бы выдаткаваць 10 тысячаў даляраў. Цяпер я буду гуляць на тысячу» — гаворыць Андрэй Сяргееў, гандляр нерухомасьцю з Масквы, які прынамсі раз на месяц раней прыяжджаў у Менск для бізнэсу і азартных гульняў. Цяпер ён прыехаў у менскае казыно упершыню за паўгода.

Экспэрты кажуць, што крызіс будзе працягвацца, і каскад зачыненьняў, здаецца, азначае канец буму менскіх казыно. Да крызісу ў Менску працавала больш за дзесятак буйных казыно. Але сёлета зачыніліся «Бакара», «Міленіюм», «Міраж», «Вікторыя» і «Залаты Кавун».

Гатэль казыно «Шангры Ла» мае на 10-20% менш кліентаў, чым да крызісу, паведамляе мэнэджар казыно Алена Кін. «Мы згубілі няшмат кліентаў. У многіх нашых гульцоў стала менш грошай, але яны ўсё роўна прыяжджаюць», — сказала яна.

Нягледзячы на спад, паводле расейскіх гульцоў, Менск застаецца значна больш прывабным месцам для азартных гульняў, чым чатыры прызначаныя гульнявыя зоны Расеі, дзе інфраструктура знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Адно з казыно ў гульнявой зоне Азоў-Сіці, якая месьціцца пасярод калгасных палёў, працуе ў гіганцкім шатры. Азоў-Сіці, як чакаецца, у хуткім часе будзе зачынены цалкам на карысьць гульнявой зоны ў Сочы, са стратай мільёнаў даляраў інвэстараў.

Па словах Алены Кін, якая пачала кар’еру у гульнявой індустрыі 30 гадоў таму ў якасьці круп’е на брытанскім курорце Блэкпул, некалькі высакаякасных казыно ў Менску выжывуць, у той час як многія дробныя казыно і гульнявыя салёны, хутчэй за ўсё, зачыніцца.

«Мы адчуваем спад у даходах, але не да такой ступені, каб зачыніць наш бізнэс. Скарачаем выдаткі. Расея прайшла празь некалькі крызісаў, але заўсёды выжывала, і заўсёды ёсьць тыя, хто будзе гуляць. Калі вы мільярдэр, і вы страціце некалькі мільёнаў, вы па-ранейшаму застанецеся мільярдэрам» — кажа Алена Кін, генэральны мэнэджэр менскага казыно «Шангры Ла»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG