Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Foreign Policy: Узрушэньні ва Ўкраіне — падарунак для апошняга дыктатара Эўропы


Прэзыдэнты Расеі, Беларусі і Ўкраіны Ўладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка (зьлева направа) на перамовах у Менску 26 жніўня 2014 году.

Прэзыдэнты Расеі, Беларусі і Ўкраіны Ўладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка (зьлева направа) на перамовах у Менску 26 жніўня 2014 году.

Пра тое, як Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае ўкраінскую рэвалюцыю, піша амэрыканскі часопіс Foreign Policy.

Яшчэ да галасаваньня на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў мінулую нядзелю, было мала сумненьняў, хто пераможа. Дзейны прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка быў пераабраны на пяты тэрмін з больш за 83% галасоў у краіне, якую часта называюць «апошняй дыктатурай Эўропы».

Сёлета быў новы элемэнт гульні, бо крызіс у суседняй Украіне кінуў свой цень на беларускую палітыку. Але ўрэшце хаос у суседзяў паслужыў толькі ўмацаваньню пазыцыяў Лукашэнкі. Рэвалюцыя ва Ўкраіне ў 2014 годзе, наступныя палітычныя ўзрушэньні і ўкраінска-расейскі канфлікт дазволілі яму апраўдаць сваё аўтарытарнае кіраваньне ў якасьці сродку падтрыманьня стабільнасьці. Ён таксама скарыстаўся геапалітычнымі наступствамі канфлікту, каб пазыцыянаваць сябе на міжнароднай арэне ў якасьці нэўтральнага суразмоўцы, разбураючы ізаляцыю свайго рэжыму ў Эўропе.

Былы дырэктар саўгасу, Лукашэнка захаваў Беларусь як жывы музэй савецкай практыкі, дзе захоўваюцца калгасы, дзяржаўнае кіраваньне эканомікай і прапаганда савецкага кшталту. Нават спэцслужбы да гэтага часу маюць ганебную савецкую назву КДБ. Але вусаты дыктатар краіны — не спарахнелы савецкі рэлікт. Ён зарэкамэндаваў сябе як тонкі палітычны гулец, які вытрымлівае балянс паміж Расеяй і Захадам і часта выкарыстоўвае іх адну супраць другога на сваю карысьць.

Лукашэнка хіба што адзіны палітычны лідэр, чый вобраз палепшыўся ў выніку ўкраінскага канфлікту.

Пагаршэньне адносінаў Расеі і ЭЗ у сувязі з падзеямі ва Ўкраіне дало магчымасьць Лукашэнку праявіць яго здольнасьці. Ён хіба што адзіны палітычны лідэр, чый вобраз палепшыўся ў выніку ўкраінскага канфлікту. У ролі міратворца ён здолеў распачаць збліжэньне з Захадам, не паварочваючыся пры гэтым сьпінай да Масквы.

Пасьля мэтадычных рэпрэсіяў супраць іншадумства ў сваёй уласнай краіне на працягу многіх гадоў, Лукашэнка, натуральна, не вітаў пратэсты на Майдане ў Кіеве, якія зрынулі прарасейскі ўрад прэзыдэнта Віктара Януковіча ў 2014 годзе У лютым гэтага года Лукашэнка недвухсэнсоўна заявіў: «У Беларусі ня будзе Майдана».

Але Майдан стаў падарункам Лукашэнку. Зьвязваючы пратэсты ва Ўкраіне з наступнай анэксіяй Крыму Расеяй і канфліктам на усходзе краіны, Лукашэнка здолеў апраўдаць свае рэпрэсіі супраць апазыцыі ў Беларусі ў якасьці сродку падтрыманьня стабільнасьці.

Аднак адмоўнае стаўленьне да ўкраінскіх пратэстаў не азначала, што ён вітаў наступную агрэсію Расеі. У пачатку 2014 году Лукашэнка заявіў, што Украіна павінна быць «адзінай, цэласнай дзяржавай» і падкрэсьліў, што ён не пацерпіць падобнага ўмяшаньня ў Беларусі:
«Незалежна ад таго, хто ўварвецца на беларускую зямлю, я буду змагацца, — сказаў ён. — Нават калі гэта будзе Пуцін.»

Акрамя гэтых выпадаў, Лукашэнка падтрымлівае выразны нэўтралітэт ва ўкраінскім канфлікце, ён нават прадаставіў Менск у якасьці пляцоўкі для перамоваў на вышэйшым узроўні па ўкраінскай праблеме. Яго гатоўнасьць гуляць канструктыўную ролю пачала адлігу ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ у пачатку гэтага года. Пачынаючы з 2004 года, Эўропа ўвяла санкцыі, у тым ліку візавыя і замарожваньне актываў, супраць 200 беларускіх чыноўнікаў, якія, як мяркуецца, былі датычныя да фальсыфікацыі выбараў і парушэньня правоў чалавека. Але пасьля таго, як Лукашэнкі вызваліў шэсьць палітычных зьняволеных, якія яшчэ заставаліся ў краіне, у тым ліку былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколу Статкевіча, ЭЗ абвясьціў, што ён здыме вялікую частку сваіх санкцый у дачыненьні да Беларусі пры ўмове, што выбары адбудуцца мірна.

Час гэтага асьцярожнага збліжэньня з ЭЗ выбраны невыпадкова. Расея — найбуйнейшы гандлёвы партнэр Беларусі — сасьлізгвае ў рэцэсію. Танная энэргія і расейскія субсыдыі ўжо даўно былі чыньнікам эканамічнага росту, які быў нарожным каменем нэасавецкай грамадзянскай дамовы Лукашэнкі. Але з прычыны праблемаў у расейскай эканоміцы Лукашэнка пераацэньвае свае адносіны з заходнімі суседзямі. ЭЗ зьяўляецца другім паводле велічыні гандлёвым партнэрам краіны і паляпшэньне адносінаў патэнцыйна можа служыць для абароны ад расейскай рэцэсіі.

Абяцаньне Лукашэнкам стабільнасьці, здаецца, знайшло водгук у насельніцтва.

Абяцаньне Лукашэнкам стабільнасьці, здаецца, знайшло водгук у насельніцтва. Сьпіраль хаосу, які пачаўся пасьля Майдану, ўзмацніла ў Беларусі перасьцярогі наконт наступстваў радыкальных пераменаў. Дасьледаваньне, апублікаванае ў верасьні Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаваньняў, паказала, што мір і стабільнасьць былі галоўным прыярытэтам для беларускага электарату. Інстытут адзначае, што да канфлікту ва Ўкраіне пытаньні міру і стабільнасьці не былі ў сьпісе найвышэйшых прыярытэтаў беларускіх выбаршчыкаў.

Наступствы ўкраінскага крызісу таксама ўплываюць на апазыцыю. Кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі Тацьцяна Караткевіч старанна казала падчас сваёй кампаніі аб рабоце і з ЭЗ, і з Расеяй. Першая жанчына, якая балятавалася на пасаду прэзыдэнта, у адрозьненьні ад папярэдніх апазыцыйных кандыдатаў не заклікала да масавых дэманстрацый у ноч пасьля галасаваньня.

Беларусь не зьяўляецца краінай, якая часта стварае загалоўкі навінаў. Але ў мінулыя выходныя яна апынулася ў цэнтры міжнароднай увагі — не з-за прадказальнага пераабраньня Лукашэнкі, а таму што беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Гаворачы пра выбары ў сваёй краіне, яна адзначыла: «Як Сталін аднойчы сказаў, што ўсё роўна, хто і як галасуе, важна тое, хто падлічвае галасы». Аглушальнае пераабраньне Лукашэнкі, так выглядае, пацьвярджае яе падазрэньні. Але паміж Расеяй, якая вяртае сваю моц, і Эўропай, якая ня мае інтарэсу да Беларусі, паміж аўтарытарным лідэрам і нямоглай апазыцыяй магчымасьці выбару ў беларусаў ня надта прывабныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG