Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама распарадзіўся пачаць зьняцьцё санкцыяў з Ірану


Барак Абама

Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама даў афіцыйнае распараджэньне падрыхтаваць дакумэнты для прыпыненьня дзеяньня санкцыяў у дачыненьні да Ірану.

Пра гэта гаворыцца ў мэмарандуме амэрыканскага прэзыдэнта, перадае ТСН. Санкцыі будуць зьнятыя ў адпаведнасьці з палажэньнямі пагадненьня з Іранам.

Зьняцьцё санкцыяў будзе частковым: ЗША паступова здымуць санкцыі, якія тычацца іранскай ядзернай праграмы, але захаваюць санкцыі, зьвязаныя з праграмай распрацоўкі Тэгеранам крылатых ракет.

Пагадненьне па іранскай ядзернай праграме афіцыйна ўступіла ў сілу 18 кастрычніка.

Гістарычнае пагадненьне, перамовы па якім вяліся больш за 10 гадоў, Тэгеран і «шасьцёрка» міжнародных перамоўцаў заключылі ў ноч на 14 ліпеня ў Вене. Пагадненьне накіраванае на забесьпячэньне мірнага характару ядзернай праграмы Ірану. Яно прадугледжвае, што зброевае эмбарга захавае дзеяньне на працягу яшчэ 5 гадоў, а санкцыі, зьвязаныя з ракетнай зброяй, будуць дзейнічаць 8 гадоў. Абмежаваньні адменяць пасьля таго, як МАГАТЭ пацьвердзіць выкананьне дамоўленасьцяў Іранам, паведамляе УНІАН.

XS
SM
MD
LG