Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-гадовы назіральнік: «Выбары» — гэта апагей сыстэмы, тут ёсьць беззаконьне, паказуха, страх, падман і самападман


Пра назіральнікаў зь ініцыятывы #87працэнтаў СМІ неаднаразова пісалі падчас гэтай выбарчай кампаніі. Спачатку хлопцы арганізавалі першую ў гісторыі Беларусі відэатрансьляцыю з участку для галасаваньня. Потым пры іх актыўным назіраньні тут абвясьцілі ледзь не сэнсацыйныя вынікі. У асноўны дзень галасаваньня за Аляксандра Лукашэнку тут прагаласавалі толькі 50% выбаршчыкаў. Пра тое, чаму 20-гадовыя актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцьці, Свабода пагаварыла зь Пятром Маркелавым.



«У 12 год мяне першы раз затрымала міліцыя»

— Адкуль вы родам? У якім асяродку гадаваліся?

— Я нарадзіўся ў Менску ў 1994-м, але першыя пяць год пражыў у Маладэчне. Мне пашчасьціла — мае бацькі дактары, таму са здароўем ніколі праблемаў асаблівых ня меў, а ў паліклініку наведваўся раз на колькі год. Бабулі ў мяне — настаўніцы фізыкі й хіміі, таму й з дакладнымі навукамі было добра.

Вучыўся ў беларускамоўнай школе № 60 да пятай клясы, потым — у гімназіі № 23. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ліцэі БДУ.


— З чаго і калі вы зацікавіліся палітыкай?

— Першае, што памятаю, — як у 2006 (мне тады было 12) разам з аднаклясьнікамі хадзілі на сядзібу БНФ, якая тады яшчэ мясьцілася на праспэкце Машэрава, побач з Акадэміяй МУС. Набіралі значкаў «За свабоду», рознага кшталту налепкі («Нам лгут», «Джынсавая рэвалюцыя», «Свабода», зь Мілінкевічам). Потым хадзілі, ляпілі па ўсім горадзе.

Памятаю, наляпіў аднойчы налепку наўпрост на слуп ля ўваходу ў Акадэмію. Выбег міліцыянт, зацягнуў мяне ў будынак і кажа: «Паказвай, што ў сумцы». Я прымяніў вядомую фішку — дастаў загадзя пакладзены ў маленькі аддзел невялічкі стос налепак зь «Мілікам». «Ды гэтым можна ўвесь Менск абляпіць!» — дзівяцца міліцыянты. Адпусьцілі. А сумка — поўная тых налепак... І водар сьвежага друку, паперы й клею.

Потым яшчэ ежу перадаваў у намётавае мястэчка. На плошчу на Дзень Волі маці не пусьціла.

«Мяне зарэгістравалі, а Лябедзьку — не»

— Ці ўдзельнічалі актыўна ў палітычным жыцьці да мясцовых выбараў?

— Ляпіў налепкі і ў 2010. Быў на плошчы. Ну й пра Зянона крычаў направа й налева: «Толькі Зянон!». Вучыў, што адказваць трэба: «Толькі ён». Я, у прынцыпе, і зараз гэтым займаюся.

— Калі вы далучыліся да нейкага палітычнага руху афіцыйна? Чым займаліся?

На тых выбарах я таксама назіраў і меў пазытыўны досьвед. Мне дазволілі падыйсьці да стала, дзе лічылі галасы, рабіць фота й здымаць відэа.

— Далучыўся да Руху «За Свабоду» у 2013, пасьля «Школы руху». Акурат тады й пачалася перадвыбарчая кампанія. Дарэчы, на тых выбарах я таксама назіраў і меў пазытыўны досьвед. Мне дазволілі падыйсьці да стала, дзе лічылі галасы, рабіць фота й здымаць відэа.


— Чаму вырашылі балятавацца ў дэпутаты ў 2014-м?

— Ідэя ўзьнікла нечакана, падчас шпацыру з даверанай асобай па раёне. Першае — гэта прастора для творчасьці. Студэнт-фізык, «валасацік», як мяне некаторыя звалі, які балятуецца ў дэпутаты ў Беларусі — абсурд, але нешта новае. Пасьля ўжо, калі думалі над зьместам кампаніі, сфармулявалі мэты: мы ператвараем апалітычнасьць людзей праз страх у цікавасьць да палітыкі праз сьмех. Таксама прыцягваем увагу да несамастойнасьці мясцовых Саветаў.

Ніхто, акрамя мяне з даверанай асобай, ня верыў, што я атрымаю рэгістрацыю ў якасьці кандыдата. «Яны рэгіструюць толькі тых, каго патрэбна», — казалі мне. У выніку Лябедзьку не зарэгістравалі, бо падаў дакумэнты з парушэньнямі закона, яшчэ некага — бо не сабраў дастатковую колькасьць сапраўдных подпісаў.

Людзі адмаўляюцца нешта рабіць, упэўнена аргумэнтуючы: «нас не зарэгіструюць», «нам не дазволяць», «толькі час і нэрвы змарнуем». Насамрэч трэба казаць «мне лянота».

І такое адбываецца ўвесь час. Людзі адмаўляюцца нешта рабіць, упэўнена аргумэнтуючы: «нас не зарэгіструюць», «нам не дазволяць», «толькі час і нэрвы змарнуем». Насамрэч трэба казаць «мне лянота».

А мы вырашылі паспрабаваць, і ў нас атрымалася. Ня трэба загадзя казаць, што нічога ня выйдзе. Трэба працаваць з гэтай сыстэмай, не ленавацца. Нават у нашых умовах можна нешта зрабіць.

— Вы сур’ёзна зьбіраліся стаць дэпутатам ці гэтая кампанія была больш жартам?

— Канешне, гэта была жартоўная кампанія. Я да гэтага часу ня ведаю, колькі адсоткаў атрымаў.

«Дэкан сказаў, што я клоўн, ганьба для факультэта»

— Як паставіліся да вашага намеру бацькі?

— Пасьмяяліся.

— Ці неяк адрэагавалі на кандыдацтва ў дэпутаты ва унівэрсытэце?

— Так. Была размова з дэканам. Ён называў мяне клоўнам, казаў, што я — ганьба факультэту. Такога ж меркаваньня прытрымліваліся некаторыя студэнты. Але большасьць іх і некаторыя выкладчыкі з гумарам ставіліся да ініцыятывы, разумелі жарты й не лічылі гэта ганьбай.

— Вашае адлічэньне з унівэра было чаканым?

— Шчыра кажучы, я ня верыў, што мяне адлічаць, бо я дастаткова добра вучыўся, паступіў на катэдру тэарэтычнай фізыкі. На зімовай сэсіі ўзьнік канфлікт з выкладчыкам радыёэлектронікі.

Мяне адлічылі з унівэрсытэту за прагулы ўвесну 2015 года. Я сапраўды прапускаў шмат, збольшага — няпрофільныя прадметы. Але навошта мне ўставаць зранку ды ехаць праседжваць парткі, калі я магу першы раз пабачыць выкладчыка на іспыце й здаць на адзнаку, якая будзе вышэй, чым у тых, хто адседзеў усе лекцыі? З майго пункту гледжаньня, наадварот, трэба выключаць тых, хто ходзіць на лекцыі, а потым на іспыце нічога ня ведае.

Таму я б ня зьвязваў маё выключэньне толькі з палітыкай. Гэта сыстэма думак і сыстэма каштоўнасьцей. Там галоўнае — гэта не твае веды, фармальнае наведваньне заняткаў. Гэта праблема нашай сыстэмы адукацыі.

«Мне патрэбная палітыка, каб адчуваць сябе гаспадаром сваёй зямлі»

— І чым займаецеся пасьля адлічэньня з унівэра?

— Шукаю працу ў грамадзка-палітычным сэктары ці магчымасьць працягнуць вучобу, падарожнічаю. За выбарамі вось назіраў. Жыву ў кайф.

— Мала каго з моладзі сёньня цікавіць палітыка. Для чаго яна вам?

Большая частка моладзі звыклася з безадказнасьцю, з тым, што за іх рашэньні прымае нехта іншы. Але адказнасьць — гэта неад’емная частка свабоднага грамадзтва.

— Палітыка — інструмэнт прасоўваньня сваіх інтарэсаў. Я хачу жыць у Беларусі і адчуваць сябе тут камфортна, гаспадаром сваёй зямлі. Большая частка моладзі звыклася з безадказнасьцю, з тым, што за іх рашэньні прымае нехта іншы. Але адказнасьць — гэта неад’емная частка свабоднага грамадзтва, такога, у якім я хачу жыць.

— Ці вы лічыце, што сваёй актыўнай дзейнасьцю можаце нешта зьмяніць у гэтай краіне?

— Зьмяняць трэба ўсё: ад эканомікі, сыстэмаў адукацыі й аховы здароўя, сацыяльнай ды ідэалягічнай палітык. Але пачынаць трэба са зьменаў у галовах людзей, бо дзяржава — гэта адлюстраваньне народу.

— Кандыдацтва ў дэпутаты, досьвед назіральніка, чым плянуеце займацца далей?

— У наступным годзе — выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Сур’ёзную парлямэнцкую кампанію пакуль не пацягну, але хачу папрацаваць у выбарчым штабе кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Алеся Лагвінца, напрыклад. Таксама мы з камандай маем пляны пашырыць незалежнае назіраньне, прыцягнуць новых людзей. «Выбары» — гэта апагей існуючай сыстэмы, тут ёсьць усё: беззаконьне, паказуха, страх, падман і самападман. Дастаткова пабачыць гэтае шоў адзін раз, каб зразумець: гэта не мая сыстэма, не мая дзяржава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG