Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: Прэзыдэнцтва Асада для Масквы «не зьяўляецца прынцыповым». Аналітыкі: Захаваць твар пасьля аплявухі


Празь некалькі дзён пасьля таго, як у Вашынгтоне адмовіліся прыняць расейскую дэлегацыю на чале з прэм’ер-міністрам Дзьмітрыем Мядзьведзевым, якая мела намер прыехаць у ЗША для абмеркаваньня сытуацыі ў Сірыі, кіраўнік ураду Расеі даў інтэрвію тэлеканалу «Расія». У ім Мядзьведзеў сьцьвярджаў, што Масква не абараняе асабістую ўладу цяперашняга прэзыдэнта Сірыі Башара Асада. Па словах прэм’ера, пытаньне прэзыдэнцтва Асада «не зьяўляецца для расейскага кіраўніцтва прынцыповым».

«Мы змагаемся не за канкрэтных лідэраў, мы адстойваем нашы нацыянальныя інтарэсы, з аднаго боку. Прэзыдэнт (Пуцін. — РС) пра гэта сказаў: відавочна, што калі гэтых тэрарыстаў ня зьнішчыць там, яны прыедуць у Расію. Ну і другое — ёсьць зварот легальных уладаў. Вось з гэтага мы і зыходзім», — патлумачыў Мядзьведзеў.

Незалежны палітоляг Юры Фёдараў бачыць у гэтай заяве жаданьне Крамля захаваць твар пасьля відавочнага правалу спробы наладзіць дыялёг з ЗША:

Юры Фёдараў

Юры Фёдараў

— Я думаю, што ў Крамлі дастаткова добра разумеюць, хочацца верыць, прынамсі, што супрацоўніцтва са Штатамі пасьля дэманстратыўнай адмовы Белага дом прыняць расейскага прэм’ера, — а гэтая адмова была дэманстратыўнай, па сутнасьці, гэта была аплявуха, аплявуха Крамлю, — пасьля гэтага трэба было прыдумаць нейкае апраўданьне таго, што Масква зьвярнулася да Вашынгтону з просьбай аб супрацоўніцтве, з просьбай аб наладжваньні адносін або хаця б не пагаршэньня існых адносін, і без таго вельмі напружаных, паміж Расеяй і ЗША ў сувязі з вайной у Сірыі. Таму выказана была такая досыць стандартная формула, маўляў «Расея ваюе з тэрарызмам». Цяпер пытаньне ў тым, з кім ваюе Расея ў Сірыі? Калі паглядзець на структуру цэляў, якія бамбуе ракетамі расейская авіяцыя, там ад 5 да 10% цэляў належаць «ісламскай дзяржаве» (тэрарыстычнай групоўцы). Усё астатняе — гэта незразумела якія аб’екты, таму што гэтыя аб’екты зьяўляюцца функцыяй сірыйскага Генэральнага штабу, сірыйскай выведкі. Таму вельмі цяжка казаць, ці гэта нейкія фабрыкі, склады харчаваньня, ці ўсё ж такі ваенныя аб’екты. Але, так ці інакш, гэтыя ўсе аб’екты знаходзяцца ў зонах, якія кантралююцца альбо свабоднай сірыйскай арміяй, альбо іншымі апазыцыйнымі рэжыму Асада групоўкамі. Усё гэта дастаткова добра вядома. Назваць любога суперніка рэжыму Асада тэрарыстам, вядома, можна, але, па-першае, далёка ня ўсе яны тэрарысты. Па-другое, не зусім зразумела, што маецца на ўвазе ў дадзеным выпадку пад «тэрарызмам».

Нарэшце, ёсьць даволі цікавая інфармацыя, якая апошнім часам прайшла па шэрагу СМІ. Гэта інфармацыя пра тое, што дзесьці пачынаючы зь мінулага году расейскія спецслужбы стварылі так званы «зялёны калідор» з Паўночнага Каўказа праз Баку, праз Турцыю ў Сірыю. Па сутнасьці адкрылі мяжу, і баевікі гэтага «Імарата Каўказ» выціскаліся ў колькасьці некалькіх тысяч байцоў з Паўночнага Каўказа ў Сірыю. І там яны папоўнілі шэрагі як баевікоў «Ісламскай дзяржавы», так і некаторых іншых гранічна радыкальных фундамэнталісцкіх, ісламскіх баявых арганізацый. Так што, з аднаго боку, Масква выціскае сваіх радыкальна настроеных або па-экстрэмісцку настроеных ісламскіх баевікоў у Сірыю, а з другога боку, яна ж іх і бамбуе. Так што тут ёсьць маса розных нюансаў, якія ня ўсім бачныя, тым ня менш яны ёсьць. І сьведчаць пра вельмі дваістую ролю Расеі ў грамадзянскай вайне ў Сірыі.

— То бок, баявікоў выціскаюць, каб зь імі не ваяваць на тэрыторыі Расеі?

— Так. Там ёсьць дзьве задачы. Першая задача — зьняць, зьнізіць тэрарыстычную пагрозу ў Расеі, перш за ўсё, у зоне Паўночнага Каўказа і ў прылеглых рэгіёнах, населеных у асноўным рускімі. Зь ёй, увогуле, досыць пасьпяхова справіліся. Пра гэта сьведчыць зьніжэньне колькасьці тэрактаў і баявых сутыкненьняў у зоне Паўночнага Каўказа за апошнія два гады. Там яна, сапраўды, упала разы ў два — два з паловай. І другое — гэта папоўніць баевікамі гэтую самую радыкальную частку сірыйскай апазыцыі. Магчыма, туды засылалася нейкая агентура, але гэта звычайна так робіцца. І называецца ўся гэтая гісторыя «зялёны калідор». Можа быць, трошкі гэта гучыць ня надта акадэмічна, тым ня менш такая назва ёсьць.

— Заява Мядзьведзева ўнутранага ці вонкавага ўжываньня? Ці разьлічваюць у Крамлі, што хоць нейкая рэакцыя Вашынгтона будзе на гэтыя яго словы?

— Калі ў Крамлі разьлічваюць на тое, што Вашынгтон неяк адрэагуе на такую заяву, то, мне здаецца, крамлёўскія кіраўнікі і аналітыкі, якія іх абслугоўваюць, проста ня вельмі добра разумеюць характар і прыроду пазыцыі ЗША ў адносінах да расейскага ваеннага ўмяшаньня ў Сірыі. Я думаю, што зараз Белы дом ніяк ня схільны да якіх-небудзь кантактаў з Расеяй, сур’ёзных кантактаў, якія маюць палітычнае значэньне, можа быць, за выключэньнем праблем, зьвязаных з выратаваньнем экіпажаў і самалётаў, калі яны аказваюцца на варожай тэрыторыі, што-небудзь у такім духу. Але гэта чыста тэхнічныя пытаньні. А ў палітычным пляне ніякіх кантактаў няма. І я думаю, што вось гэтая сірыйская авантура крамлёўская ў чарговы раз, можа быць, нават больш пераканаўча, чым усе падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне, прадэманстравала амэрыканскаму істэблішмэнту, у тым ліку і той яго частцы, якая была ў той ці іншай ступені настроеная на супрацоўніцтва з Расеяй, паказала прыроду крамлёўскай зьнешняй палітыкі — авантурыстычную, непрадказальную. І, паколькі Расея ядзерная дзяржава, як мы ведаем, ніякага энтузіязму ў Вашынгтоне гэта не выклікае. І супрацоўнічаць з Расеяй, па-мойму, там цяпер не зьбіраюцца.

А што тычыцца заявы Мядзьведзева. Разумееце, трэба ж неяк ратаваць твар. Я думаю, што гэта нейкая ня вельмі ўдалая і, я б сказаў, нязграбная спроба выратаваць твар. Тым больш, што Мядзьведзеў нічога новага не сказаў — «легітымны рэжым», «барацьба з тэрарызмам». Усё гэта ўжо было сказана неаднаразова ў Маскве.

XS
SM
MD
LG