Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 19 кастрычніка: 125-годзьдзе Сяргея Палуяна


Фота дня: Ліліі. Натальля Велігурава
Фота дня: Ліліі. Натальля Велігурава

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. На фасадзе дому-музэю «Лошыцкая сядзіба» будзе адкрыта памятная шыльда, прысьвечаная 70-годзьдзю працы ў Беларусі першай гуманітарнай місіі ААН — Адміністрацыі дапамогі і абнаўленьня Аб’яднаных Нацый. У цырымоніі бяруць удзел міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, часовы павераны ў справах ЗША Скот Роланд і прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха.

Менск (да 5 лістапада). Менгарвыканкам праводзіць грамадзкае абмеркаваньне горадабудаўнічага праекту: Генэральны плян г. Менску (карэкціроўка). Азнаёміцца з праектам можна з панядзелка па пятніцу — з 14.00 да 18.00, у суботу і нядзелю — з 10.00 да15.00 ) у будынку УП «Мінскграда» (вул Камсамольская, 8, 2 паверх, каб. 204)

Менск, (да 23 кастрычніка). У кінатэатры «Перамога» адкрываецца фэстываль італьянскага кіно. 19 кастрычніка ў праграме «Трымайся ад мяне далей» (2013)

Менск (да 25 кастрычніка). Юрыдычнаму факультэту БДУ спаўняецца 90 гадоў. Гэтай падзеі прысьвечаны цыкл мерапрыемстваў. У панядзелак у залі Рады БДУ (вул. Бабруйская, 5а) адкрыецца міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя. Пачатак а 10.00

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1453 — капітуляцыя ангельцаў у Бардо; канец Стогадовай вайны.

1813 — разгром арміі Напалеона ў «Бітве народаў» каля Ляйпцыгу, што прывяло да вызваленьня Нямеччыны і Галяндыі.

1831 — Расейскі ўрад прыняў Закон пра аднадворцаў. Паводле яго, у катэгорыю аднадворцаў пераводзілася беларуская дробная шляхта, якая складала каля 10 адсоткаў насельніцтва краю. У краіне было фактычна ліквідаванае сваё, беларускае дваранства — як сацыяльная сіла. Закон быў помстай расейскай адміністрацыі за паўстаньне 1831 году. Дробных дваран пазбавілі зямельнае ўласнасьці і саслоўных адзнакаў. Такім чынам быў радыкальна зьменены сацыяльны партрэт Беларусі — краіна пазбаўлялася сваёй эліты. Яшчэ праз трыццаць гадоў, пасьля чарговага паўстаньня, аднадворцы будуць прыроўненыя да сялянаў.

1859 — у Беларусі ўведзена ў эксплёатацыю першая тэлеграфная лінія Менск — Бабруйск. У 1896 г. у Менску пабудавана тэлефонная станцыя на 100 нумароў. У пачатку ХХ стагодзьдзя тэлефонныя станцыі мелі ўжо 16 беларускіх гарадоў, працавала каля 400 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа.

1933 — Нямеччына выходзіць зь Лігі нацый.

1988 — створаны аргкамітэт БНФ «Адраджэньне». Паседжаньне, на якое сабраліся заснавальнікі таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», адбывалася ў Чырвоным касьцёле — тагачасным Доме кіно ў Менску. Ідэя стварыць аргкамітэт фронту на ўзор народных франтоў у краінах Балтыі выклікала ў залі працяглую авацыю. З таго часу Беларускі Народны Фронт стаў галоўнай сілаю дэмакратычных пераменаў у краіне.

У гэты дзень нарадзіліся:

1890 — Сяргей Палуян, беларускі літаратуразнаўца. Яму прысьвечаныя паэма «Курган» і верш Янкі Купалы «Памяці С.Палуяна», першы і апошні прыжыцьцёвы зборнік твораў «Вянок» Максіма Багдановіча.

1899 — Мігель Анхель Астурыяс, гватэмальскі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат. Як і многія іншыя нобэлеўскія ляўрэаты, Астурыяс мусіў уцячы ад дыктатуры ў сябе на радзіме ў эміграцыю і жыў у Эўропе. Быў у яго і адтыдыктатарскі раман, які называўся «Сэньёр Прэзыдэнт».

У гэты дзень памерлі:

1745 — Джанатан Сьвіфт, англа-ірляндзкі пісьменьнік-сатырык, публіцыст, паэт і грамадзкі дзяяч.

1937 — Язэп Каранеўскі, дзяржаўны дзяяч, пэдагог, публіцыст, другі рэктар БДУ, правадзейны сябра Інбелкульту, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

1984 — спэцслужбамі ПНР быў забіты Ежы Папялушка, каталіцкі сьвятар. Лічыўся адным з духоўных пастыраў арганізацыі «Салідарнасьць». Публічна крытыкаваў камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захаваньня ідэалаў «Салідарнасьці». Служыў літургіі за Бацькаўшчыну ў парафіі Сьв. Станіслава Косткі ў Варшаве падчас ваеннага становішча.

ЦЫТАТА ДНЯ

Ты быў, як месяц, адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.
Хоць сьвет і людны, і шырокі, —
Ты быў, як месяц, адзінокі.
Красу і сьветласьць, і прастор
Шукаў — і, ад усіх далёкі,
Ты быў, як месяц, адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.

Максім Багдановіч. «С.Палуяну»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG