Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар «Паліміру»: сытуацыя на прадпрыемстве правальная


У рамках адзінага Дня інфармаваньня перад работнікамі наваполацкага заводу «Палімір» выступіў генэральны дырэктар Алег Жэбін. 2015 год ён загадзя назваў «вельмі складаным».

Газэта «Вестник Нафтана» цытуе кіраўніка прадпрыемства, які наўпрост назваў сытуацыю «правальнай», акрэсьліўшы некалькі прычынаў, якія да гэтага прывялі. Перадусім, нездавальняючая якасьць рамонту другой чаргі вытворчасьці «Поліэтылен» з прыпыненьнем вытворчага цыклю; адсутнасьць належнага кантролю з боку кіраўнікоў, у тым ліку — за падрыхтоўкай і якасьцю рамонтных працаў; нізкі ўзровень тэарэтычнай і практычнай падрыхтаванасьці асобных работнікаў.

Вынікам стала неатрыманьне заводам заплянаванага прыбытку і зьніжэньне прэміяльных выплатаў для калектыву «Паліміру».

Апроч таго, Алег Жэбін канстатаваў, што сёньня «Паліміру» патрабуюцца кардынальныя зьмены: пэрспэктыва далейшага разьвіцьця, на яго думку, адкрыецца толькі пасьля рэалізацыі найважнейшага праекту — будаўніцтва ўстаноўкі, якая дазволіць істотна нарасьціць вытворчыя магутнасьці. Цяпер разглядаецца варыянт супрацоўніцтва з рознымі інжынірынгавымі і будаўнічымі кампаніямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG