Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадэта, які выклаў фота з «Пагоняй», адлічылі з вучэльні, — «Салідарнасьць»


Хлопец, у акаўнце якога зьявілася фота, ужо адлічаны. Іншых рыхтуюцца адлічаць. Кадэт апавёў карэспандэнту «Салідарнасьці», што аднаклясьнікі «стаяць за іх да апошняга».

Хлопец таксама выдаліў сваю старонку «Ўкантакце», дзе было разьмешчана фота.

Тэлефоны адміністрацыі Берасьцейскай кадэцкай вучэльні, дзе вучацца хлопцы, не адказваюць.

Здымак юнакоў у кадэцкай форме, пад якой цішоткі з «Пагоняй», апублікавала суполка «Мая краіна Беларусь» з подпісам «Прывітаньне з Баранавічаў». Ён імкліва разышоўся па сацсетках.

Адзін з хлопцаў на фота пацьвердзіў Радыё Свабода, што ягонага сябра выключылі з вучэльні. Канчатковае рашэньне пра выключэньне іншых будзе прымацца ў панядзелак.

Напярэдадні Радыё Свабода пагаварыла з адным з гэтых кадэтаў:

«Ня толькі гэтыя чатыры чалавекі, што былі на фота, у нас падзяляюць такія погляды. Раней сюды паступалі проста так, бацькі аддавалі дзяцей, каб выхоўвалі ў строгасьці. Толькі ў гэтым годзе нам сказалі, што ўсе павінны паступаць у ваенную структуру. Калі я хачу ісьці на таго ж геадэзіста, мяне будуць прымушаць ісьці вайскоўцам. Мне здаецца, калі ў нас такі прэзыдэнт, мо ня прыйдзецца бараніць радзіму, а мо і прыйдзецца. Але я не на вайсковую спэцыяльнасьць пайду, можна ламаць гэтую сыстэму.

Гісторыю сваёй краіны, як мне здаецца, павінен ведаць кожны. Нам па 16 гадоў, узрост хоць і маленькі, але мы любім сваю краіну, цікавімся яе гісторыяй спакон вякоў. Цікаўнасьць да ўсяго гэтага, да «Пагоні», — гэта само прыйшло. У 10-м годзе я глядзеў на тыя выбары, як «Плошча» была, у гэтым годзе глядзеў гэта ўсё. Ад гэтага і палітычныя погляды склаліся нейкія. Плянаваў прыехаць на «Плошчу», але ў нас у вучэльні такая справа...

Выбары-выбары, усе за гэта баяцца, ведаюць, што навучэнцы схільныя да апазыцыі, таму нікога не выпускалі яшчэ 10-га, а мо і раней.

Мне здаецца, калі менавіта ў гэты момант палітыкі, кандыдаты пачнуць пра зьмену сымболікі гаварыць, народ за гэтым не пацягнецца. Варта, каб кандыдаты пра гэта не казалі, а потым неяк зрабілі. Усе памятаюць, што ў 95-м годзе Лукашэнка яе замяніў. Ды большасьць народу думае, што гэта калябаранты выкарыстоўвалі і Міхал Вітушка (а то і Сьцяпан Бандэра, думаюць). Хоць я такога не адмаўляю, але ўсялякія домыслы ачарняюць бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». Для мяне гэта сьцяг незалежнай Беларусі і БНР.

Я б на гэтых выбарах не галасаваў ні за кога. А далей — я ня ведаю, што і казаць. Мне здаецца, ня будзе ніякага моцнага палітыка. Пакуль здаецца, што Лукашэнка будзе ў нас заўсёды, да канца свайго жыцьця прэзыдэнтам: яго падтрымліваюць з расейскага боку, цяпер ён наладзіў яшчэ крышачку адносіны з Эўропай. А акрамя Лукашэнкі, народ нікога больш ня ведае, ні ў Беларусі, ні нават палітыкаў за мяжой, з Украіны, з Расеі. Магу дапусьціць, што хіба Статкевіча могуць ведаць. Калі б Статкевіч пайшоў на наступныя выбары, я б за яго прагаласаваў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG