Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка знайшоў крыжы, скрадзеныя ў «віцебскіх Курапатах»


Усталяваньня крыжоў у лесе каля вёскі Хайсы. 31 траўня 2015

Усталяваньня крыжоў у лесе каля вёскі Хайсы. 31 траўня 2015

Паводле старажылаў вёскі Хайсы Віцебскага раёну, у бліжэйшым лесе адбываліся «сталінскія расстрэлы». Дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў віцебскія актывісты ўсталявалі пяць драўляных крыжоў. У верасьні сёлета крыжы зьніклі.

Актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў, стваральнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы», падаў заяву ў міліцыю. 7 кастрычніка супрацоўнікі раённага сьледчага камітэту і райаддзелу міліцыі выяжджалі на месца здарэньня. Са словаў актывіста быў складзены пратакол, што ён разам з аднадумцамі ўсталяваў пяць крыжоў, якія потым зьніклі.

Намесьніца старшыні Мазалаўскага сельсавету Кацярына Каралёва сказала актывісту, што мясцовыя ўлады таксама ня ў курсе, хто гэта мог зрабіць. Які адказ яна дала супрацоўнікам міліцыі і сьледчага камітэту, актывіст ня ведае.

Яну Дзяржаўцаву не паведамілі, ці была распачатая па яго заяве адміністрацыйная або крымінальная справа. Аднак два зь пяці крыжоў знайшліся: іх адшукалі самі актывісты.

Спадар Дзяржаўцаў і ягоны аднапартыец Сяргей Каваленка прыехалі ў лес каля вёскі Хайсы, каб паразмаўляць з байцамі пошукавага батальёну, які праводзіць там раскопкі. Вяртаючыся, актывісты заўважылі тое, чаго не змаглі адшукаць міліцыянты. Два крыжы ляжалі ў балоце, зусім недалёка ад ям, у якіх раней знаходзілі чалавечыя парэшткі, кажа Сяргей Каваленка:

«Гэта было блізка каля ям. Мы ўжо вярталіся і крыху заблукалі. Ідзем, там такая нізіна балоцістая. Гляджу: нешта падобнае да крыжоў. Прыгледзеўся — так, крыжы! А мне Ян Дзяржаўцаў казаў, што яму расказваў лясьнічы, нібыта гэтыя крыжы зьнішчылі пошукавікі. Я паклікаў Яна Аляксеевіча, кажу: „Бярыце фотаапарат і здымайце!“ І ён зьняў, як я крыжы дастаў. Іх было толькі два, астатнія мы пашукалі, але не знайшлі. Кажу: „Давайце, мы іх на месца ўсталюем! Раз Бог захацеў, каб мы іх знайшлі, значыць і на месца вернем“. Так мы і зрабілі».

Крыжы насамрэч зьніклі неўзабаве пасьля таго, як у Хайсах пабывалі прадстаўнікі пошукавага батальёну — яны прыяжджалі, каб агледзець аб’ём будучых работ. Пошукавы батальён паклікаў старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна, бо актывісты настойвалі, каб чалавечыя парэшткі, якія не адзін год ляжалі ў лесе, былі належным чынам пахаваныя.

Цяпер работы ўжо пачаліся: байцы 52-га адмысловага батальёну праводзяць раскопкі ў ямах, дзе ляжалі чалавечыя парэшткі. Косткі складаюць асобна, фрагмэнты адзеньня і абутку асобна. Тэрыторыя, дзе праводзяцца раскопкі, абцягнута ахоўнай стужкай. Фатаграфаваць працу пошукавікі забараняюць.

Ян Дзяржаўцаў падаў заяву ў Віцебскі райаддзел міліцыі, што два крыжы знайшліся. Ён настойвае, каб міліцыя працягвала пошукі злодзеяў, якія ўчынілі акт вандалізму і скралі мэмарыяльныя крыжы ў «віцебскіх Курапатах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG