Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя пачала пошук крыжоў, скрадзеных невядомымі вандаламі ў «віцебскіх Курапатах»


Ян Дзяржаўцаў на месцы расстрэлаў рэпрэсаваных, архіўнае фота

Ян Дзяржаўцаў на месцы расстрэлаў рэпрэсаваных, архіўнае фота

Прадстаўнікі райаддзелу міліцыі і сьледчага камітэту Віцебскага раёну распачалі праверку фактаў, выкладзеных у заяве актывіста Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Яна Дзяржаўцава.

Са словаў актывіста быў складзены пратакол, паводле якога ён разам з аднадумцамі ўсталяваў каля вёскі Хайсы пяць крыжоў у памяць пра невядомых ахвяраў, парэшткі якіх ляжаць у бліжэйшым лесе. Як сьведчаць мясцовыя жыхары, у гэтых мясьцінах у 1937–39 гадах праводзіліся «сталінскія расстрэлы» — тут масава зьнішчалі мірных грамадзянаў.

Зь лістапада мінулага году віцебскія актывісты ўсталявалі тут пяць крыжоў, а ў лесе зрабілі сымбалічную «брацкую магілу». Сёлета ў верасьні крыжы зьніклі, што і стала падставай для звароту ў міліцыю.

Хто гэта мог зрабіць, спадар Дзяржаўцаў ня ведае. Намесьніца старшыні Мазалаўскага сельсавету Кацярына Каралёва сказала актывісту, што мясцовыя ўлады таксама ня ведаюць, хто гэта мог зрабіць. Які адказ прадстаўнікі сельсавету далі супрацоўнікам міліцыі і сьледчага камітэту, актывіст ня ведае. Што да размовы зь ім, то на падставе агляду быў складзены пратакол, тлумачыць Ян Дзяржаўцаў:

«У мяне спыталі, хто гаспадар крыжоў, колькі яны каштавалі, колькі каштавала прывезьці іх на месца. Я распавёў гэта і падпісаў пратакол. Ці завялі па маёй заяве адміністрацыйную або крымінальную справу, мне ніхто не сказаў».

XS
SM
MD
LG