Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў: Мы не засяроджваемся на мінулым і ідзем у наступныя кампаніі — парлямэнцкую і прэзыдэнцкую


Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч

Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч

Цэнтравыбаркам адмовіўся задаволіць скаргу кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч. У скарзе, на падставе шматлікіх парушэньняў заканадаўства, кандыдатка патрабавала прызнаць вынікі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах несапраўднымі па ўсёй краіне.

Кіраўнік выбарчага штабу Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў сказаў Свабодзе, што рашэньне, якое вынесла сёньня ЦВК, прадказальнае. Але паплечнікі Тацяны Караткевіч будуць працягваць свой удзел у палітычным жыцьці і пачынаюць рыхтавацца да наступных выбарчых кампаніяў, у тым ліку і да выбараў прэзыдэнта 2020 году:

«Згодна з законам гэтае рашэньне канчатковае. Мы ня можам ісьці ў вышэйшы суд, бо гэта немагчыма. Рашэньне ЦВК — прадказальнае, хоць фактаў, якія даюць падставу сумнявацца ў празрыстасьці выбараў і рэальнасьці лічбаў, якія ЦВК дала кожнаму з кандыдатаў, было прадстаўлена даволі шмат. Назьбіралі іх і назіральнікі кампаніі „Права выбару“, і незалежныя назіральнікі, і праваабаронцы. Цяпер мы бачым, што ў СМІ штодня зьяўляюцца матэрыялы, зь якіх дакладна вынікае, што насамрэч у Тацяны Караткевіч павінна быць істотна больш адсоткаў, таму што за яе прагаласавала істотна больш людзей, чым лічыць ЦВК.

Што тычыцца далейшых крокаў, то мы не зьбіраемся засяроджвацца на мінулым. Мы разумеем, што мы зрабілі ўсё, што маглі ў гэтай сытуацыі. І зараз мы павінны рыхтавацца далей. Мы ідзем далей — у парлямэнцкую і наступную прэзыдэнцкую кампанію».

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што ўпор у скарзе Караткевіч зроблены на дадзеныя назіральнікаў, а ў гэтых «актах», як яна выказалася, далёка ня ўсё бясспрэчна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG