Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За лаянку на Плошчы Артура Жука аштрафавалі на 4 базавыя


Артур Жук

Артур Жук

Гэта складае 720000 рублёў.

Справа разглядалася ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы. Падчас абвяшчэньня прысуду судзьдзя Тацяна Матыль сказала: «Спадзяюся, вы зрабілі дакладныя высновы».

Перад агучваньнем пастановы карэспандэнт Свабоды сфатаграфаваў Артура Жука, але судзьдзя прымусіла яго выдаліць здымак.

Лідчаніна Артура Жука, маладога супрацоўніка менскага заводу колавых цягачоў, судзілі за нецэнзурную лаянку падчас акцыі 11 кастрычніка.

Пасьля суду цётка Артура Жука, якая прысутнічала на працэсе, забараніла свайму пляменьніку кантактаваць з карэспандэнтамі.

Журналіст Свабоды чакаў Артура Жука цягам гадзіны, але ні ён, ні яго цётка так і ня выйшлі з будынку суду.

Перад судом Артур апавёў Свабодзе, што прызнае сваю віну і спадзяецца на мяккі прысуд:

«Я выказаўся пару разоў нецэнзурна, і я гэта прызнаў. Тым больш што гэта ёсьць на відэа. Што будзе, я ня ведаю. На працы кажуць: „Працуй, усё нармальна“. Але амаль штодзень на нейкія перамовы водзяць, пытаюць, што, як, навошта, намякаюць, што кантракт наўрад ці працягнуць. Хвалююцца знаёмыя вельмі моцна, турбуюцца.

Я выказаў тое, што многія хацелі выказаць. Так, крыху перабольшыў у тым, што нецэнзурная лексыка вылецела, але сказаў тады тое, што думаў, тое ж думаю і цяпер. На акцыі нікога з палітыкаў не было, але яны і не патрэбныя ў прынцыпе: усё павінна быць у галовах у людзей, тады нешта будзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG