Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гігін — расейцам: У нас культывуецца ідэалёгія беларускага патрыятызму


На расейскім тэлеканале ТВЦ прайшло ток-шоў «Права голасу» пад назвай «Новы стары прэзыдэнт», прысьвечанае прэзыдэнцкім выбарам у Беларусі.

Зь беларускага боку ў ім узялі ўдзел намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч і галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка», вядучы ток-шоў на тэлеканале АНТ Вадзім Гігін.

Гасьцей у студыі вельмі турбавала, што ў Беларусі ўзмацняюцца антырасейскія настроі, якія могуць прывесьці да страты галоўнага саюзьніка. Аднак Вадзім Гігін параіў расейскім крытыкам падзяліць адказнасьць са сваімі ідэолягамі, якія недапрацоўваюць на беларускім напрамку:

Вадзім Гігін

Вадзім Гігін

«Нацыяналізм у Беларусі прысутнічае ва ўсіх узроставых групах. Але ва ўсіх гэтых групах ён абсалютна маргінальны. Расея павінна памятаць: перастаньце нас абвінавачваць. Расея павінна навучыцца несьці цяжар вялікай дзяржавы. Вы ў тым ліку несяце адказнасьць за тое, што адбываецца ва Ўкраіне, вы несяце адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі. Паглядзіце як выкарыстоўваюцца вашы адукацыйныя праграмы — гэта вашы навукоўцы прыяжджаюць да нас і расказваюць, што вайна 1812 году не была Айчыннай. Чаму вашы дырэктары архіваў заяўляюць, што не было панфілаўцаў, чаму ваша Акадэмія навук кажа, што Вялікая Айчынная вайна не была такой? Нам патрэбная агульная гуманітарная палітыка, агульная ідэалёгія з улікам інтарэсаў усіх бакоў».

З рэзкай крытыкай на адрас беларускага кіраўніцтва абрынуўся сябра рады па міжнародных адносінах пры прэзыдэнце Расеі Багдан Бяспалька. Па яго словах, улады прывучаюць беларусаў да памяркоўнага нацыяналізму, але як толькі паўстае патрэба ў крэдытах і рынках збыту, тады пачынаюцца размовы пра саюзную дзяржаву і роўныя правы:

«Калі гаворка пра авіябазу — згадваеце пра сувэрэнную незалежную дзяржаву. Каштоўнасьці культывуюцца ўсё больш эўрапейскія, а прэфэрэнцыяў просіце ў Расеі. Саюзная дзяржава ўсё больш ператвараецца ў заклінаньне, не напоўненае ніякім рэальным сэнсам», — падсумаваў Багдан Бяспалька.

На гэта Вадзім Гігін адказаў, што ў сувэрэннай краіне не абавязана прэваліраваць ідэалёгія заходнерусізму: «Цяпер у нас ідэалёгія беларускага патрыятызму», — сьцьвердзіў Гігін.

Цалкам дыскусію можна паглядзець тут:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG