Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрэдэрык Форсайт — пісьменьнік і выведнік


У Вялікабрытаніі выйшла аўтабіяграфічная кніга сусьветна вядомага аўтара палітычных трылераў Фрэдэрыка Форсайта пад назвай «Аўтсайдэр. Маё жыцьцё як інтрыга» (The Outsider. My Life in Intrigue). Кніга імгненна стала бэстсэлерам. У ёй аўтар прызнаецца, што многія гады пад журналісцкім прыкрыцьцём супрацоўнічаў з брытанскай зьнешняй выведкай МІ6.

Фрэдэрык Форсайт — адзін з самых папулярных брытанскіх пісьменьнікаў. Быў пілётам Каралеўскіх ВПС. У 1960-я гады працаваў карэспандэнтам агенцтва Ройтэрс ў Парыжы. Узначальваў бюро агенцтва Ройтэрс ва Ўсходнім Бэрліне. Узнагароджаны ордэнам Брытанскай імпэрыі. Сярод яго раманаў «Дзень шакала», «Дасье ODESSA», «Псы вайны», «Чацьвёрты пратакол». Прададзена больш за 70 мільёнаў яго кніг, якія былі перакладзены на дзясяткі моваў. Многія яго трылеры былі экранізаваныя.

Зь пісьменьнікам пагутарыла карэспандэнтка расейскай службы Радыё Свабода Натальля Галіцына.

РС: Ваша аўтабіяграфічная кніга называецца «Аўтсайдэр». Ці значыць гэта, што вы сапраўды лічыце сябе аўтсайдэрам?

Фрэдэрык Форсайт: Так, лічу. Але гэта быў мой уласны выбар, мяне не прымушалі ім стаць, я сам палічыў за лепшае заставацца ў баку ад калектыўных аб’яднаньняў. Як толькі вы становіцеся сябрам якой-небудзь супольнасьці, братэрства, арганізацыі, вы аўтаматычна страчваеце частку свабоды, самастойнасьці, аўтаноміі, вы вымушаны падпарадкоўвацца большасьці; узьнікае адчуваньне знаходжаньня ў натоўпе. У большасьці людзей спрацоўвае статкавы інстынкт — ім камфортна ў натоўпе. Мне ж заўсёды было вельмі дыскамфортна ў ім, я імкнуўся за межы калектыўных зборышчаў. Калі натоўп імкнуўся ў адным кірунку, я інстынктыўна кіраваўся ў процілеглы бок. Я заўсёды знаходзіўся за межамі сацыяльнага мэйнстрыму, асабліва за межамі істэблішмэнту. Аднак заўсёды гэта быў мой уласны выбар.

РС: Цяпер зразумела, чаму кнігу, у якой распавядаецца аб працы на брытанскую выведку, вы прысьвяцілі не Яе Вялікасьці, на чыёй сакрэтнай службе вы фактычна знаходзіліся, а сваім сынам. Што гэта: яшчэ адна спроба сысьці ў прыватнае жыцьцё?

Фрэдэрык Форсайт: Неяк ня думаў пра гэта, але, магчыма, вы маеце рацыю. У мяне два сыны, якіх я люблю. Мне заўсёды здавалася, што тое, што апісана ў «Аўтсайдэры», можа дапамагчы станаўленьню іх асобы. Гэтае прысьвячэньне — хутчэй спроба сумясьціць грамадзкае і асабістае. Гэта не значыць, што маё жыцьцё ў гэтай кнізе павінна стаць для іх прыкладам для перайманьня. Мой ўласны бацька быў выдатным чалавекам, я пішу пра яго ў гэтай кнізе. Ён мяне заўсёды падтрымліваў ва ўсіх маіх пачынаньнях, і мне хацелася быць для сваіх сыноў такім жа бацькам. Мы шмат разам падарожнічалі па сьвеце, я імкнуўся пазнаёміць іх з нашай плянэтай. Цяпер гэта ўжо дарослыя людзі, і гэтым прысьвячэньнем я проста хацеў сказаць ім, што ў мяне быў выдатны бацька, і што я, спадзяюся, таксама быў для іх добрым бацькам.

РС: Вы пішаце, што выконвалі заданьні брытанскай выведкі. Але ці былі вы пры гэтым кадравым выведнікам, падобна Джону Ле Карэ?

Фрэдэрык Форсайт: Джон Ле Карэ служыў у выведцы. Аднак ён ніколі не працаваў на ўсход ад жалезнай заслоны, ён знаходзіўся ў Боне і Гамбургу і не пакідаў Заходняй Нямеччыны. У адрозьненьне ад мяне, ён ніколі не перасякаў мяжу з Усходняй Нямеччынай ці краінамі савецкага блёку. Але ён быў у штаце МІ6, я ж ніколі ня быў у штаце зьнешняй выведкі. Я проста выконваў яе асобныя просьбы і даручэньні, і пры гэтым ніколі не лічыў сябе шпіёнам.

РС: Тым ня менш можна сказаць, што вас завэрбавалі ў якасьці агента?

Фрэдэрык Форсайт: Можна сказаць, што мяне звычайна вэрбавалі толькі на вельмі кароткі тэрмін на асобныя апэрацыі, прычым толькі ў эпоху халоднай вайны. У тыя часы было звычайнай зьявай, калі выведка зьвярталася, скажам, да бізнэсмена, які выяжджаў за мяжу, з просьбай аб дапамозе: «Вы будзеце ў адным горадзе, дзе ў нас нікога няма. Да вас у гатэль будзе дастаўлены пакет, не пагодзіцеся вы пакласьці яго ў свой чамадан і даставіць у Англію?» І большасьць пагаджалася. Чаму не зрабіць нешта патрэбнае або карыснае для сваёй краіны?

РС: Адна шпіёнскае прыгода, пра якую вы пішаце, у Празе падчас халоднай вайны ўспрымаецца як прыгода Джэймса Бонда. Як і ён, вы там на службе Яе Вялікасьці атрымлівалі яшчэ і любоўныя перамогі. Ці былі ў вас у сувязі з гэтым праблемы ў Чэхаславаччыне?

Фрэдэрык Форсайт: Мая праца ў Празе, у прыватнасьці, палягала на супрацоўніцтве зь мясцовым інфармацыйным агенцтвам. Мне ўдалося ўзяць інтэрвію ў тагачаснага прэзыдэнта Чэхаславаччыны Людвіка Свабоды. Шмат часу я праводзіў у брытанскай амбасадзе, былі і іншыя клопаты. Тады я пазнаёміўся з чароўнай дзяўчынай. Успыхнуў раман. Мне было 25 гадоў. Памятаю, мы ляжалі на беразе возера, дзе займаліся каханьнем, і я сказаў ёй: «Падобна на тое, што цяпер вашы гэбэшныя „хвасты“ пакінулі мяне ў спакоі». — «Памыляесься, дарагі, — сказала мая каханая, — гэта я прыглядаю за табой ад нашай службы бясьпекі». — «Ну, калі ты — тайная паліцыя, — адказаў я, — тады, вядома, ніякіх праблем, такая сачэньне мяне задавальняе».

РС: У рэцэнзіі на вашу кнігу вас часта называюць шпіёнам, вы ж гэта катэгарычна адмаўляеце. Чаму?

Фрэдэрык Форсайт: Ніколі ня быў шпіёнам. Шпіён — гэта чалавек, які выкрадае сакрэтныя дакумэнты, зьбірае сакрэтную інфармацыю і перадае арганізацыі, на якую працуе. Людзі, якія, як і я, бралі нейкія дакумэнты і перапраўлялі іх на радзіму, былі проста пасыльнымі, хлопчыкамі на пасылках. Так, я некалькі разоў быў такім хлопчыкам на пасылках. Ня больш за тое.

РС: Вы пішаце, што журналісцкая праца за мяжой давала нагоду выкарыстоўваць вас у якасьці агента выведкі і што вы не падумвалі тады аб пісьменьніцтве. Не зусім зразумела, што заахвоціла вас пакінуць журналістыку і стаць пісьменьнікам?

Фрэдэрык Форсайт: У прынцыпе, прычынай стала жыцьцёвая сытуацыя, у якой я апынуўся, калі пасьля вайны паміж Біяфрай і Нігерыяй, якую я асьвятляў, я вярнуўся ў студзені 1970-га году ў Лёндан і апынуўся каля разьбітага карыта: ні грошай, ні кватэры, ні машыны, ні працы. Што рабіць? Вось тады і прыйшла думка зарабіць пісьменьніцтвам. Я, вядома, быў наіўным хлопцам... Я напісаў «Дзень шакала», кніга добра прадалася, я разьлічыўся з даўгамі і хацеў быў вярнуцца да журналістыкі. За сем гадоў да гэтага я працаваў у Парыжы, пісаў для агенцтва Ройтэрс. Мабыць, гэтая гісторыя пра замах на дэ Голя была ўжо ў той час у мяне ў галаве. Я стварыў вобраз іншага аўтсайдэра — Шакала, хоць мне было нялёгка гэта зрабіць: вопыту забойства ў мяне не было. На сваё зьдзіўленьне, раман ня толькі стаў бэстсэлерам і карыстаўся велізарным посьпехам, са мной тады заключылі кантракт яшчэ на тры раманы. Затым рушылі ўсьлед «Дасье ODESSA», «Псы вайны» і «Павадыр». Так я стаў пісьменьнікам. Жонка была зьдзіўленая ня менш мяне, і мы вырашылі, што будзем жыць на даходы ад майго пісьменьніцтва. Яна дабраславіла мяне, і так гэта пачалося.

РС: Ці не паўстаў у вас «сюжэтны голад» пасьля заканчэньня халоднай вайны?

Фрэдэрык Форсайт: Калі гэтая вайна завяршылася, у прыватнасьці, намаганьнямі Міхаіла Гарбачова, а затым калі ў 1991 годзе адбыўся развал СССР і дэмантаж камуністычнай сыстэмы, на Захадзе паўстала эўфарыя: здавалася, што ўсе пагрозы яго бясьпекі зьніклі. Аднак гэтая эўфарыя доўжылася ня больш за год. На гарызонце паўсталі новыя пагрозы: тэрарыстычная Ірляндзкая рэспубліканская армія ў Брытаніі, міжнародны ісламскі тэрарызм, Аль-Каіда. Тэрарыстычная хваля набірала сілу. У 1991 годзе мне давялося пазнаёміцца з дакладам аднаго з старэйшых афіцэраў выведкі, падрыхтаваным для Маргарэт Тэтчэр. Даклад называўся «Пагрозы нацыянальнай бясьпекі ў 1990-я гады». Галоўнай пагрозай Захаду ў ім называўся тэрарызм. Усё гэта пацьвердзілася ў далейшым. Так што «сюжэтнага голаду» я не адчуў. Уяўленьне, што пасьля заканчэньня халоднай вайны мы сталі жыць у сьвеце, свабодным ад пагроз, аказалася занадта аптымістычным. Гэтага не адбылося.


Цалкам інтэрвію чытаць тут.

XS
SM
MD
LG