Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 партыяў і рухаў падпісалі заяву пра сумленныя выбары. Пра кааліцыю гаворкі няма, — Лябедзька


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі дзевяці палітычных партыяў і рухаў падпісалі супольную заяву, якая ўключае ў сябе прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Яе мэта — вярнуць людзям права выбару, а ў Беларусь — свабодныя і сумленныя выбары.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды распавёў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Гэта палітычныя структуры, якія заяўляюць сваю пазыцыю па выбарчай кампаніі і па тым, што трэба зрабіць, каб вярнуць у краіну сумленныя выбары. Гэта аб’яднаньне па адным канкрэтным пытаньні, якое тычыцца выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Як яго памяняць такім чынам, каб у нас у 2016 годзе адбыліся выбары, а ня гэты выбарчы лахатрон. І мяне зьдзіўляе палітычная партыя, якую гэта не хвалюе, калі гэта, канечне, не Гайдукевіч, Улаховіч і астатнія.

Таму мы вырашылі, што мы робім асноўны націск на некалькі пунктаў, якія для нас надзвычай важныя. Яны зьвязаныя з фармаваньнем камісіяў, падлікам галасоў і датэрміновым галасаваньнем. Вось на чым мы робім факусіроўку, Гэта зварот да ўлады, міжнароднай супольнасьці і выбаршчыкаў», — распавёў Анатоль Лябедзька.

Ён зьняпраўдзіў паведамленьні ў сеціве пра тое, што ствараецца новая кааліцыя. Да прыкладу, Аляксандар Фядута напісаў, што ствараецца «новая пустышка».

«Калі чытаць Фядуту, то гэта будзе толькі пучыць мозг. Гэта, канечне ж, ніякая не кааліцыя. Гэта проста фіксацыя нашай пазыцыі па пытаньні выбарчых кампаніяў у Беларусі. І што трэба зрабіць, даць шанец зрабіць, каб у нас у наступным годзе была парлямэнцкая кампанія. Мы крыху сьпяшаемся, бо паводле заканадаўства за 6 месяцаў можна памяняць заканадаўства. Ну, і мы гатовыя ісьці на стварэньне супольнай працоўнай групы з уладамі, калі яны на гэта гатовыя. І такім чынам каб за 6 месяцаў да пачатку кампаніі зьмяніць заканадаўства. Таму мы сьпяшаемся і пачалі гэтую працу. 9 структураў адгукнуліся. Але гэта ніякая не кааліцыя, гэта не раздача партфэляў. Я думаю, тут ёсьць каму цяпер ствараць новыя кааліцыі. Хутчэй за ўсё, Фядута задумаўся, каб ствараць нейкую новую кааліцыю, а тут бабах...», — патлумачыў Лябедзька.

Пад супольнай заявай ужо ёсьць подпісы АГП, БХД, руху "За дзяржаўнасьць і незалежнасьць", аргкамітэтаў жаночай партыі «Надзея» і Партыі працоўных, Партыі «зялёных», БСДП (Народная грамада), БСДП (Грамада).

«Чакаем канчатковага рашэньня ад руху Мілінкевіча і „Справядлівага сьвету“. Гэта супольная заява, адкрытая для падпісаньня», — дадаў Анатоль Лябедзька.

Заява «Вярнуць людзям права выбару», прынятая па выніках пасяджэньня круглага стала, які адбыўся 14 кастрычніка ў офісе АГП. У ёй таксама прапануецца Захаду «напрамую зьвязаць пытаньне аб поўным зьняцьці візавых і фінансавых абмежаваньняў у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня са зьмяненьнем Выбарчага кодэкса і правядзеньнем сумленных, свабодных парлямэнцкіх выбараў Ў 2016 годзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG