Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сяргей Шапран


Сяргей Шапран нарадзіўся ў Рызе (Латвія). Быў уласным карэспандэнтам у Беларусі латвійскіх газэтаў «Советская молодежь», «Суббота», «Час», карэспандэнтам агенцтва БелаПАН, аглядальнікам газэт «Знамя юности» (да 1994 г.), «Имя», «Белорусская деловая газета». Аўтар кнігаў: «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах» і «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным». Укладальнік кнігаў: «Гарадзенскі архіў. Невядомыя творы (1957-1972). Незавершанае. Нататнікі»; «„Мёртвым не баліць“. Без цэнзуры» і «„Ліквідацыя“. Без цэнзуры» Васіля Быкава; «Дажыць да зялёнай травы... Ліставаньне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960-2003)»; «Паслаў бы табе душу... Ліставаньне Рыгора Барадуліна з мамай (1954-1971)» (разам з Н. Давыдзенкай); «Перакуленае/Опрокинутое» і «У неба пехатою» Рыгора Барадуліна; «Нагаварыцца з зоркамі» Генадзя Бураўкіна; «Знакі прыпынку» Ўладзімера Някляева. Сябра рэдакцыйнай калегіі Поўнага збору твораў Васіля Быкава ў 14-і тамах. Уганараваны прэміяй «Bobrov Music Awards 2007» «за ўнёсак у разьвіцьцё беларускай рок-музыкі» і літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру за кнігу «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця...» (2010).


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для беларусаў. Тых, што ёсьць і што яшчэ будуць. І, канешне, для самога сябе, іначай сэнсу ў гэтым жыцьці значна менш.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Дома. Уначы.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Ніколі не лічыў сябе пісьменьнікам — у тым сэнсе, як гэта разумею. Да таго ж кнігі чытаю без зайздрасьці. Таму нават гіпатэтычна не магу прымераць на сябе чужое аўтарства.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Дакладна ня Ёзэф Швэйк.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Апошнім часам тыя, каго часьцей чытаю: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Някляеў.

6. Што вы цяпер чытаеце?

На выходныя зьяжджаў зь Менску, дык у дарогу ўзяў «Еду в Магадан» Ігара Аліневіча, а ўжо ў гасьцях вельмі зацікавіў том лістоў Льва Талстога.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Расейская для мяне якраз родная, а беларускую вывучыў, калі працаваў над кнігай пра Васіля Быкава і размаўляў з Рыгорам Барадуліным. Мо гэта гучыць непраўдападобна, але што зробіш — першы, зь кім не саромеўся «практыкавацца» ў беларускай мове, быў дзядзька Рыгор, бо бачыў, што расейская для яго, канешне, ня родная мова.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Кожная, да выхаду якой спрычыніўся.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Найперш цікавяць чатыры імя: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Някляеў.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі знаходжуся дома за пісьмовым сталом і яшчэ — у вёсцы, дзе пісьмовага стала няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG