Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаргоні зьнікла амаль тысяча галасоў за Караткевіч


Ілюстрацыйнае фота. Падчас датэрміновага галасаваньня ў Менску, 8 кастрычніка 2015 году

Ілюстрацыйнае фота. Падчас датэрміновага галасаваньня ў Менску, 8 кастрычніка 2015 году

Незалежныя назіральнікі, якія прысутнічалі ў дзень галасаваньня на 8 выбарчых участках у Смаргоні, у шоку.

Дадзеныя ЦВК і выніковых пратаколаў з участкаў розьняцца амаль на тысячу галасоў. Праваабаронца Алесь Дзергачоў напісаў заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць вінаватых у фальсыфікацыі выбараў да крымінальнай адказнасьці.

Паводле Алеся Дзергачова, згодна з інфармацыяй Цэнтральнай выбарчай камісіі, зьмешчанай на сайце, у Смаргонскім раёне за кандыдатку Тацяну Караткевіч прагаласавалі 887 выбаршчыкаў. Але толькі на 8 выбарчых участках, на якіх прысутнічалі незалежныя назіральнікі, за Караткевіч прагаласавалі, паводле афіцыйных выніковых пратаколаў участковых выбарчых камісіяў, 1870 чалавек.

Алесь Дзергачоў

Алесь Дзергачоў

— Усе гэтыя лічбы былі агучаныя ў выніковых пратаколах выбарчых камісіяў. Мы іх нават сфатаграфавалі. Але тое, што зьявілася на сайце ЦВК, — мы ня можам паверыць. Напэўна, ніхто ня мог падумаць, што мы праверым гэтыя лічбы. Відавочна, што іх зьмянілі, толькі незразумела пакуль, на якім этапе. І гэта толькі на васьмі ўчастках, дзе дзяжурылі незалежныя назіральнікі. А ў раёне ўсяго 40 участкаў, зь іх 20 у горадзе.

Назіральнік Юры Кутузаў кажа, што на ўчастку, на якім ён дзяжурыў, Тацяна Караткевіч набрала найбольшую колькасьць галасоў. Лічбы былі афіцыйна паведамленыя, ён іх зафіксаваў. А таму цяпер у Кутузава няма ніякіх сумненьняў, што на сайце ЦВК зьявіліся сфальсыфікаваныя дадзеныя.

— У мяне на ўчастку агульная колькасьць бюлетэняў складала — 1925, выдадзена — 1488, за Караткевіч прагаласавалі — 401, за Лукашэнку — 877. Пасьля таго як я пабачыў лічбы на сайце ЦВК, у мяне дагэтуль не праходзіць шок. Я да пачатку выбараў разумеў, што будзе нешта падобнае, але што такім нахабным чынам... Гэта папросту адкрыты зьдзек зь людзей.

Назіральнік Уладзімер Шульжыцкі распавядае, што на ягоным участку галасавалі пераважна людзі старэйшага ўзросту, ён прыводзіць свае лічбы.

Уладзімер Шульжыцкі

Уладзімер Шульжыцкі

— У мяне на ўчастку 278 галасоў аддалі за Караткевіч і 1012 за Лукашэнку. Відавочна, што фальсыфікацыя агульнараённых дадзеных магчымая, паколькі толькі на маім участку, дзе пераважна людзі сталага веку, за Караткевіч прагаласавалі 278 чалавек. А каб па ўсім раёне толькі 887 чалавек за Караткевіч — лічбы нерэальныя.

Акрамя заявы ў пракуратуру раёну, Алесь Дзергачоў даслаў аналягічную па электроннай пошце ў ЦВК. Ён патрабуе высьветліць, на якім этапе (выбарчыя ўчасткі, раённая камісія, абласная ці ЦВК) зьдзейсьненая фальсыфікацыя, і разгледзець пытаньне аб прыцягненьні вінаватых да крымінальнай адказнасьці.

XS
SM
MD
LG