Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З атрыманьнем сяброўства ў Радзе бясьпекі ААН Украіна разьлічвае вярнуць акупаваныя тэрыторыі


Падчас пасяджэньня Рады бясьпекі ААН, архіўнае фота 2015 году

Падчас пасяджэньня Рады бясьпекі ААН, архіўнае фота 2015 году

Украіна абраная непастаянным сябрам Рады бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на 2016–2017 гады. За такое рашэньне прагаласавалі 177 краін са 193 сябраў Генэральнай асамблеі ААН.

Украіна ўжо тройчы абіралася ў склад непастаянных сябраў Рады бясьпекі, апошні раз у 2001–2002 гадах. З гэтай нагоды кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін заявіў, што пазыцыя Кіева «дакладна ня будзе прымірэнчай» у дачыненьні да Расеі, якая зьяўляецца пастаянным сябрам гэтага органу.

Павал Клімкін

Павал Клімкін

«Абраньне ў Раду бясьпекі зьяўляецца асабліва важным для нас на фоне расейскай агрэсіі. Упершыню мы атрымалі абсалютна ўнікальную сытуацыю, якую нельга было ўявіць, што пастаянны сябра Рады бясьпекі — гэта агрэсар, які вядзе гібрыдную вайну супраць Украіны», — заявіў Павал Клімкін.

У сваю чаргу, старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімер Гройсман выказаў сваю перакананьне, што сяброўства Ўкраіны ў Радзе бясьпекі дапаможа вярнуць часова акупаваныя тэрыторыі Крыму і Данбасу. У прыватнасьці, на сваёй старонцы ў Facebook ён напісаў, што сумеснымі намаганьнямі ў дзяржаве будзе адноўлены мір і спакой:

Уладзімер Гройсман

Уладзімер Гройсман

«Такая колькасьць галасоў дакладна сьведчыць аб падтрымцы Ўкраіны ўсясьветнай супольнасьцю. Гэта важная перамога на міжнародным фронце».

Акрамя Ўкраіны, статус непастаянных сябраў Рады бясьпекі ААН таксама атрымалі Японія, Эгіпет, Сэнэгал і Ўругвай. Новыя сябры Рады бясьпекі пачнуць выконваць свае абавязкі ад 1 студзеня 2016-га году, замяніўшы сабой Чад, Чылі, Ярданію, Літву і Нігерыю.

У Раду бясьпекі ААН уваходзяць 15 краін. Пастаяннымі сябрамі арганізацыі зьяўляюцца пяць зь іх: Вялікая Брытанія, Кітай, ЗША, Францыя, а таксама Расея як правапераемніца СССР. Яны таксама маюць права вэта падчас галасаваньня.

XS
SM
MD
LG