Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гааскі трыбунал зоймецца расейска-грузінскай вайной


Грузінскі горад Горы пасьля расейскага авіяўдару 9 жніўня 2008 году.

Грузінскі горад Горы пасьля расейскага авіяўдару 9 жніўня 2008 году.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе гатовы расьсьледаваць канфлікт Расеі і Грузіі ў жніўні 2008 года як ваеннае злачынства.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Фату Бэнсуда адправілася ў Грузію для кансультацый з грузінскім кіраўніцтвам пра расьсьледаваньне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых у ходзе «пяцідзённай вайны» ў жніўні 2008 году.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, у Тбілісі не выключаюць, што міжнародны крымінальны суд можа запатрабаваць экстрадыцыі грузінскіх вайскоўцаў і палітычных кіраўнікоў, уключаючы экс-прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. Грузінскія ўлады гатовыя прадставіць суду доказы этнічных чыстак грузінскага насельніцтва ў ПаўднФёвай Асэтыі, аднак экспэрты прызнаюць, што з расейскага боку наўрад ці хто-небудзь можа быць рэальна прыцягнуты да адказнасьці, паколькі Расея, у адрозьненьне ад Грузіі, не прызнае юрысдыкцыю Гаагскага крымінальнага суду.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Фату Бэнсуда

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Фату Бэнсуда

Напярэдадні візыту ў Грузію пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Фату Бэнсуда распаўсюдзіла адмысловы відэазварот, патлумачыўшы прычыны, па якіх Гаагскі суд прыступіў да расьсьледаваньня падзей «пяцідзённай вайны» 2008 году. Заява ўтрымлівае некалькі важных пасылаў аб прыярытэтных кірунках будучага расьсьледаваньня і аб магчымым судовым працэсе над асобамі, падазраванымі ў злачынствах супраць чалавечнасьці альбо ваенных злачынствах у ходзе канфлікту ў Паўднёвай Асэтыі:

«Сытуацыя ў Грузіі пільна аналізавалася маім офісам пасьля жніўня 2008 году, калі адбыліся ўзброеныя сутыкненьні паміж Паўднёвай Асэтыяй і Грузіяй з удзелам Расейскай Фэдэрацыі. На аснове аналізу я прыйшла да высновы, што на працягу канфлікту зьдзейсьненыя злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы» — заявіла Фату Бэнсуда.

На яе думку, да злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў залічваюцца выгнаньне грузінскага насельніцтва з Паўднёвай Асэтыі, зьнішчэньне іх маёмасьці, а таксама напад грузінскіх і паўднёваасэтынскіх вайскоўцаў на прадстаўнікоў міратворчых сіл.

У гэтай сувязі пракурор нагадала пра забойства двух і раненьні пецярых грузінскіх міратворцаў 7 жніўня 2008 у грузінскім сяле Аўневі пасьля артылерыйскага абстрэлу з пазыцый паўднёваасэтынскіх узброеных фармаваньняў, а таксама аб гібелі семярых і раненьні больш за трыццаці расейскіх міратворцаў у выніку абстрэлу і зьнішчэньня іх базы грузінскай арміяй у першы дзень маштабных баявых дзеяньняў.

«Згодна з інфармацыяй, якой валодае мой офіс, сотні цывільных асобаў грузінскай нацыянальнасьці былі забітыя і дзясяткі тысяч выгнаныя ў кантэксьце магчымай кампаніі іх гвалтоўнага перамяшчэньня, арганізаванай дэ-факта ўладамі Паўднёвай Асэтыі» — падкрэсьліла Бэнсуда, відавочна пазьбягаючы пры гэтым тэрміну «этнічныя чысткі». Паводле яе, у працэсе «магчымай кампаніі гвалтоўнага перамяшчэньня» каля пяці тысяч грузінскіх дамоў было зьнішчана. Фату Бэнсуда таксама паведаміла, што грузінскае насельніцтва Паўднёвай Асэтыі ў выніку тых падзей скарацілася на 75 адсоткаў. Пракурор абяцае правесьці незалежнае расьсьледаваньне і прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых, «кім бы яны ні былі».

Грузінскае насельніцтва пакідае зону баявых дзеяньняў

Грузінскае насельніцтва пакідае зону баявых дзеяньняў

Адным зь першых на заяву пракурора Гааскага міжнароднага крымінальнага суду адгукнуўся экс-прэзыдэнт Грузіі, кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Міхаіл Саакашвілі. На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён напісаў, што пракурор Гаагскага суду «ня толькі абвяргае сьцьвярджэньне Масквы пра ўварваньне ў Грузію для абароны асэтынскага народу ад генацыду, але абвінавачвае рускіх і мясцовых калябарацыяністаў у этнічных чыстках і іншых злачынствах супраць чалавечнасьці». «Хто б мог падумаць, што ўсё сьцьвярджэньні пуцінскай прапаганды акажуцца хлусьнёй?!» — рытарычна пытаецца Міхаіл Саакашвілі. Заяву Фату Бэнсуды ён называе «ў цэлым задавальняючай».

Што тычыцца расстрэлу расейскіх міратворцаў, Саакашвілі перакананы, што яму «не складзе вялікай працы адказаць на ўсе пытаньні па гэтай справе». Раней многія паплечнікі экс-прэзыдэнта сьцьвярджалі, што грузінскія вайскоўцы «толькі душылі агнявыя кропкі», якія нібыта знаходзіліся ў месцах дысьлякацыі расейскіх міратворцаў. Гэта значыць, гібель расейскіх вайскоўцаў была выпадковасьцю, а не наўмысным злачынствам.

Ракетны ўдар грузінскіх войскаў па Цхінвалі

Ракетны ўдар грузінскіх войскаў па Цхінвалі

Апанэнты былога прэзыдэнта з такой лёгікай ня згодныя. Экс-кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі Пэтрэ Мамрадзэ перакананы, што артылерыйскі ўдар па горадзе Цхінвалі, як і расстрэл базы расейскіх міратворцаў — гэта злачынства, за якое Міхаіла Саакашвілі цалкам маглі б прыцягнуць да адказнасьці ў Міжнародным крымінальным судзе:

«Для гэтага ёсьць усе падставы, бо ўсё адбылося па асабістым рашэньні Саакашвілі. Ён сам загадаў і затым распавёў пра гэта парлямэнцкай камісіі, сьцьвярджаючы, што нібыта ў яго „не было іншага выйсьця“. Гэта, вядома ж, зьяўляецца поўнай хлусьнёй. Іншая справа, наколькі эфэктыўна змогуць дзейнічаць цяперашнія ўлады, якія пакуль што паказалі сябе вельмі непрывабна ў пляне расьсьледаваньня злачынстваў Саакашвілі. Але ў цэлым тое, што быў абстраляны мірны грузінскі горад Цхінвалі, дзе загінулі людзі, у тым ліку міратворцы — гэта злачынства асабіста Саакашвілі» — лічыць Мамрадзэ.

Калёна расейскіх вайскоўцаў на шляху ў Цхінвалі, 9 жніўня 2008 году

Калёна расейскіх вайскоўцаў на шляху ў Цхінвалі, 9 жніўня 2008 году

У Тбілісі лічаць расьсьледаваньне падзей «пяцідзённай вайны» вельмі важным з пункту гледжаньня ўстанаўленьня ісьціны, як і чаму пачалася вайна з-за Паўднёвай Асэтыі і ці сапраўды Грузія была агрэсарам у тым ваенным канфлікце. Былы рэктар грузінскай дыпляматычнай акадэміі Іосіф Цінцадзэ спадзяецца, што Гаагскі суд адназначна адкажа на гэтыя пытаньні:

«Расея не прызнае кампэтэнцыю Гаагскага суду. Так што для Расеі гэта „пусты стрэл“. Але для нас, для Грузіі мае прынцыповае значэньне змыць пляму, што нібыта мы агрэсары і менавіта мы пачалі вайну. Аднак апошняе слова ўсё ж такі не за пракурорам, а за судом. Гэта ж не грузінскі суд, дзе галоўная фігура — пракурор, а не судзьдзя. Зрэшты, грузінскія ўлады ўсё-ткі апынуліся ў далікатным становішчы, паколькі ўсяго тры гады таму яны ўскладалі ўсю віну за пачатак той вайны на Саакашвілі» — нагадаў Іосіф Цінцадзэ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG