Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскіх кантрактнікаў, якія адмовіліся ваяваць ва Ўкраіне, прысудзілі да калёніі


Прарасейскія сэпаратысты ў Данбасе.

Прарасейскія сэпаратысты ў Данбасе.

Расейскія кантрактнікі, якія адмовіліся ваяваць ва Ўкраіне, атрымалі рэальныя тэрміны зьняволеньня — ад паўгода да паўтара года ў калёніі-пасяленьня.

Такое рашэньне вынес Майкопскі гарнізонны ваенны суд. Усе асуджаныя служылі па кантракце ў Майкопскай частцы № 22179. Восеньню летась кантрактнікаў перакінулі на палігон Кадамаўскі ў Растоўскай вобласьці на мяжы з Украінай. З-за дрэнных пабытовых умоваў і боязі, што іх адправяць ваяваць ва Ўкраіну (іх спрабавалі завэрбаваць сэпаратысты), ваенныя падавалі рапарты аб звальненьні, але камандаваньне іх ня разглядала. Пазьней кантрактнікі сышлі з палігону самавольна.

Адвакат Тацяна Чарнецкая паведаміла, што ў дачыненьні да салдат, якія праходзілі службу на палігоне Кадамаўскі, распачата каля 30 крымінальных справаў па артыкуле 337. Раней ім пагражаў артыкул пра дэзэрцірства, які прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

13 кастрычніка Майкопскі гарнізонны ваенны суд прысудзіў пяцёх вайскоўцаў да рэальных тэрмінаў пазбаўленьня волі: адзін асуджаны на паўгода калёніі-пасяленьня, трое атрымалі па адным годзе. Аляксандр Яненка (ён больш за ўсіх меў зносіны са СМІ) атрымаў паўтара года калёніі-пасяленьня.

У ходзе расьсьледаваньня ваенныя скардзіліся на незаконныя мэтады вядзеньня сьледзтва — на іх аказвалі псыхалягічны ціск і пагражалі. Аднаго з асуджаных кантрактнікаў 21-гадовага Івана Шаўкунова да суду трымалі ў СІЗА — таму што адразу пасьля вяртаньня ў частку пачаў распавядаць пра тое, што яго і таварышаў па службе агітавалі ехаць ваяваць ва Ўкраіну.

Маці Івана Шаўкунова Сьвятлана Кімнатная распавяла Радыё Свабода пра тое, што да апошняга спадзявалася на ўмоўны прысуд для сына, але яе надзеі ня спраўдзіліся:

— Як ваш сын трапіў у войска?

— Адслужыў тэрміновую службу, з войска прыйшоў і пайшоў па кантракце. Служыў у Армэніі, там добрая была частка, іх ня крыўдзілі. Хацеў у Крым ісьці, але ў Крым не ўзялі яго па групе здароўя. Адправілі ў Майкопскую брыгаду, Краснадар яго накіраваў.

— Яго абвінавачваюць у тым, што ён самавольна пакінуў вайсковую частку, а што там здарылася, у Растоўскай вобласьці, на гэтым палігоне Кадамаўскі? Чаму салдаты вырашылі адтуль сысьці?

— Таму што там было агіднае стаўленьне з боку камандаваньня, ні харчаваньня чалавечага не было, ні пражываньня. Адразу, як толькі прыехалі хлопцы, усё было вельмі дрэнна. У іх адабралі ўсе дакумэнты, у тым ліку і ваенны білет, салдаты атрымлівалі толькі сухі паёк, спалі на матрацах і дошках, лекараў там не было. Не было электрычнасьці, нармальнага харчаваньня. У яго абвастрыўся гастрыт. Там побач стаялі нейкія добраахвотнікі, або апалчэнцы, яны ўвесь час звалі нашых хлопцаў ехаць ваяваць у Данбас, абяцалі па 400 долараў у суткі.

— Ваш сын не захацеў ехаць ваяваць ва Ўкраіну, на Данбас?

— Не, вядома! Ён адразу сказаў: «Я туды не паеду».

— Наколькі адэкватным вам здаецца прысуд?

— Я лічу гэта ўсё неадэкватным! І прысуд, і сьледзтва вялося пачварна. Яны вешалі на іх усіх сабак, майму сыну наогул артыкул «Дэзэрцірства» хацелі прыляпіць. Добра, што на судзе нам перакваліфікавалі гэты артыкул, пра гэта сам пракурор папрасіў. Там нейкія хадзілі сьведкі, якіх сын наогул ведаць ня ведае, а яны прадстаўляліся на судзе — нібыта яны сябры майго сына. А каму больш павераць? Натуральна, павераць больш афiцэрам, а ня нам. Маглі б даць умоўны тэрмін, я спадзявалася на гэта, таму што ён ніколі не прыцягваўся, нідзе ніколі ні ў бойках ня быў, ні ў крадзяжы і нікога ён не забіў, не абакраў — і такі тэрмін рэальны пазбаўленьня волі. Гэта ненармальна наогул!

— Як вы думаеце, чаму вашага сына вырашылі пакараць менавіта так — адправіць у калёнію?

— А гэта ня толькі майго сына, а наогул усіх хлапчукоў. Іх ужо асудзілі толькі за адно лета — каля 20 чалавек. Самы малодшы — мой сын, а так хлапчукам — 22, 23 гады, 27... Евенка Саша самы старэйшы — 36 яму. І да гэтага часу кожны дзень судзяць, кожны дзень ідуць суды. Самае малое даюць — 6 месяцаў у калёніі-пасяленьні, а так у асноўным год. Вось у іх пастаўлена мэта — год, паўтара, год, паўтара... Практычна ўсім так.

— Наогул Расея ўсюды заяўляе, што ніякіх расейскіх салдат ва Ўкраіне няма і не было ...

— Усе хлусяць. Нам кажуць адно, на справе ўсё па-іншаму.

— Ці будзеце вы абскарджваць прысуд? І ці зьбіраецца ваш сын вярнуцца ў армію пасьля калёніі?

— Прысуд мы абскардзіць ня будзем, таму што няма сэнсу, я зараз ужо не веру ніякім судам, не хачу нават верыць! І ў армію, натуральна, ён больш ніколі не вернецца. У мяне ёсьць яшчэ адзін сын, і я зраблю ўсё, Адкуплюся, толькі каб ён у армію ня трапіў.

Адвакат Тацяна Чарнецкая, якая прадстаўляе інтарэсы пяцёх асуджаных ваенных, распавяла аб прычынах іх нежаданьня ехаць у Данбас:

— Там цэлы шэраг прычын. Па-першае, вось гэтая настойлівая агітацыя з нагоды службы на тэрыторыі ДНР і ЛНР нібыта добраахвотнікамі. Яшчэ — кепскія ўмовы пражываньня на самай палігоне. Гарнізонная Навачаркаская пракуратура праводзіла праверку і, сапраўды, выявіла парушэньні ўмоваў жыцьця вайскоўцаў на гэтым палігоне. Пасьля чаго яна вынесла прадпісаньне на адрас вайсковай часьці 22179 аб ліквідацыі парушэньняў. Натуральна, хлопцы, якія там цяпер служаць, кажуць, што ўсё выдатна, але пракуратура такія парушэньні выявіла. Акрамя таго, з гутарак я зразумела, што там было жудаснае стаўленьне да служачых з боку камандаваньня, былі факты нестатутных узаемаадносін. Маё асабістае меркаваньне — я лічу, што ва ўсім вінавата камандаваньне дадзенай вайсковай часткі. Калі яны ня маюць дачыненьня да тых людзей, якія нібыта агітавалі хлопцаў ваяваць на тэрыторыі ДНР і ЛНР, атрымліваецца, што яны дазволілі гэтым людзям знаходзіцца на тэрыторыі рэжымнай установы, на тэрыторыі ваеннага палігону. Гэта значыць у наяўнасьці — нядбайнае стаўленьне да сваіх службовых абавязкаў.

— А гісторыя кантрактнікаў, якія адмовіліся ехаць на вайну з Украінай, як перасякаецца з вэрсіяй, што расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне няма і не было?

— Ну, афіцыйна іх судзяць не за гэта. Больш за тое, у нас Павал Тынчанка, якога мы абаранялі, першы пачаў даваць паказаньні і распавядаць, што іх клікалі ў ДНР. Мы тады і ня ведалі ўкраінскую тэму, як і іншыя адвакаты. Дык вось калі ў дачыненьні да Паўла была абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, ён стаў пра гэта распавядаць, даваць афіцыйныя паказаньні — у якой форме ўсё гэта было, чаму ён адмаўляўся выконваць злачынны загад. Але калі справа атрымала розгалас, на хлопца націснулі, ён адмовіўся ад сваіх паказаньняў і сказаў, што яму гэтую вэрсію навязалі абаронцы. Вось да гэтага часу Паша са мной мае зносіны, і ён кажа: «Тацьцяна Сяргееўна, да мяне прыходзілі ў ізалятар людзі з розных уладных структур, абяцалі мне пакараньне да 13 гадоў пазбаўленьня волі, калі я не адмоўлюся ад гэтых паказаньняў».

— А што яны вам неафіцыйна казалі, чаму не захацелі ехаць на гэтую вайну?

— Калі адбываецца канфлікт дзьвюх дзяржаў на афіцыйным узроўні, калі паступае загад ісьці на вайну, яны павінны туды паехаць. А калі афіцыйная вэрсія гучыць, што нашых вайскоўцаў на тэрыторыі іншай дзяржавы, у прыватнасьці Ўкраіны, няма, і наступствы могуць быць падпадаць пад крымінальнае пакараньне. Тое ж наёмніцтва, усё што заўгодна. Людзі не захацелі быць марыянэткамі у чыіхсьці руках. Вось вазьміце Аляксандра Евенку — для яго вайна не навіна, ён Чачню прайшоў, ён вэтэран баявых дзеяньняў у Чачэнскай рэспубліцы, служыў у АМАПе, у яго ёсьць узнагароды. Хлопец дастаткова дарослы ўжо, які склаўся. Ня сам факт вайны палохаў, ён не баяўся апынуцца ў рэальных баявых дзеяньнях. Яго палохаў факт нелегальнасьці, незаконнасьці гэтай прапановы, — сказала РС адвакат Тацяна Чарнецкая.

XS
SM
MD
LG