Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «віцебскіх Курапатах» распачаў працу пошукавы батальён


У "Віцебскіх Курапатах", архіўнае фота 28 красавіка 2015 году
У "Віцебскіх Курапатах", архіўнае фота 28 красавіка 2015 году

Пра гэта Свабодзе распавёў Ян Дзяржаўцаў, стваральнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы».

Ініцыятыву назвалі паводле найменьня вёскі ў Віцебскім раёне, каля якой знайшлі чалавечыя парэшткі — паводле сьведак-старажылаў, тут ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў 1937–38 гадоў.

Чалавечыя парэшткі ў лесе
Чалавечыя парэшткі ў лесе

Пра тое, што ў лесе каля вёскі Хайсы ляжаць непахаваныя чалавечыя косткі, віцебскія актывісты паведамілі ў міліцыю, пракуратуру і мясцовым уладам яшчэ 12 лістапада мінулага году. У некалькіх ямах знайшлі сотні костак, чарапы з кулявымі адтулінамі. Былі і шматлікія фрагмэнты абутку — мужчынскага, жаночага і дзіцячага. Старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна асабіста пабываў у тых мясьцінах і паабяцаў актывістам, што пакліча сюды 52-гі адмысловы пошукавы батальён — адзінае падразьдзяленьне, якое мае права на правядзеньне раскопак і базуецца ў вайсковай частцы Заслонава ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласьці.

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

Прайшоў амаль год, вайскоўцы прыехалі. На другі дзень іхнае працы Ян Дзяржаўцаў паразмаўляў з намесьнікам камандзіра пошукавай роты. Падобна, ён прыехаў сюды ўжо з гатовай вэрсіяй падзеяў, лічыць спадар Дзяржаўцаў:

«Намесьнік камандзіра пошукавай роты Сяргей Аляксандравіч сказаў, што тут ляжаць вайскоўцы і цывільнае насельніцтва і што ўсё здарылася ў час вайны. Што яны нібыта знайшлі фрагмэнты вайсковага абутку. А хіба ў вайсковых ботах не маглі хадзіць мірныя людзі? Раскапалі ў лесе ўжо шмат, жвіру навокал — як той экскаватар працаваў. І сказалі, што працаваць будуць яшчэ да канца месяца».

Паводле актывіста, намесьнік камандзіра адмысловай роты спасылаецца на архіўныя дадзеныя, кажучы, што каля Хайсоў ляжаць парэшткі вайскоўцаў, забітых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ян Дзяржаўцаў ня схільны верыць у гэтую вэрсію, ён больш давярае словам сьведак, якія распавядалі яму пра сталінскія расстрэлы ў гэтым лесе:

«Я ў тое, што яны кажуць, ня веру. Ня веру, што недзе засталіся нямецкія архівы — што ў гэтым лесе ў час вайны, на гэтым месцы і ў пэўны час кагосьці расстрэльвалі. Савецкіх архіваў пра нямецкія расстрэлы і быць ня можа. Мясцовыя жыхары мне казалі, што савецкіх войскаў у вайну тут зусім не было. І казалі, што тут людзей расстрэльвалі да вайны — пра гэта ў мяне ёсьць сьведчаньні мясцовых жыхароў».

Цяпер тут працуе пошукавы батальён
Цяпер тут працуе пошукавы батальён

Месца, дзе вайскоўцы праводзяць раскопкі, ачэплена ахоўнай стужкай, за якую заходзіць забаронена. Фатаграфаваць актывістам таксама забараняюць. Здалёк відаць, што байцы адмысловага батальёна раскопваюць адну зь ям, дзе косткі ляжалі ў некалькі слаёў. На доле — цырата, у яе і складаюць знойдзеныя косткі.

Ян Дзяржаўцаў кажа, што актывісты хочуць назіраць за ходам пошукавых работ. І што хочуць паразмаўляць ня толькі з вайскоўцам, але і з адмыслоўцам-археолягам, які мае прыехаць сюды для досьледаў. Ва ўдзельнікаў ініцыятывы «Хайсы» ёсьць меркаваньне, што праўду пра месца масавых сталінскіх расстрэлаў мясцовыя ўлады спрабуюць прыхаваць — нават вынікі экспэртызы, на якую парэшткі накіроўваў раённы сьледчы камітэт, актывістам упарта адмаўляюцца паведаміць.

Затое яшчэ задоўга да пачатку працы шукальнікаў у мясцовай раённай газэце «Жыцьцё Прыдзьвіньня» зьявіўся артыкул пра тое, што каля вёсак Хайсы і Дрыкольле, найверагодней, знаходзяць парэшткі жаўнераў Вялікай Айчыннай або вязьняў бліжэйшага канцлягеру. Аповеды сьведак, апытаных Янам Дзяржаўцавым, названыя ў артыкуле «недаставернымі», а захады актывістаў па ўшанаваньні памяці невядомых ахвяраў — супрацьзаконнымі.

Намесьніца старшыні Мазалаўскага сельсавету Кацярына Каралёва папярэдзіла ўдзельнікаў ініцыятывы «Хайсы», што яны ня маюць права займацца самастойнымі дасьледаваньнямі парэшткаў у лесе. Вакол ям з косткамі нават паставілі камэры відэаназіраньня, паведаміў актывістам мясцовы лясьнічы. Але хто ў верасьні гэтага году зьнішчыў крыжы, усталяваныя актывістамі ў памяць пра невядомых ахвяраў, так і застаецца нявысьветленым.

Гэтых крыжоў, усталяваных актывістамі 12 лістапада 2014 году, больш няма
Гэтых крыжоў, усталяваных актывістамі 12 лістапада 2014 году, больш няма

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG