Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адным зь мінулых артыкулаў я падзялілася сваім меркаваньнем наконт таго, ці варта харчавацца як нашы продкі? У працяг тэмы — некалькі назіраньняў наконт вельмі зараз папулярнай палеа-дыеты.

Што такое палеа-дыета?

Адметна, што «палеа» быў самым папулярным тэрмінам пошуку ў Google ў 2014 годзе. Палеа-дыета складаецца зь мяса, рыбы, птушкі, яек, гародніны, невялікай колькасьці садавіны, арэхаў і семак. Перавага аддаецца мінімальнай апрацоўцы прадуктаў і мінімальнай гатоўцы. То бок, гародніну пераважна ядуць сырой, мяса ці рыбу, па магчымасьці, хуценька абсмажыць.

Сёлета Амэрыканскі News and World Report апублікаваў рэйтынг 35 дыет. Рэйтынг гэты базіруецца на навуковых дадзеных і эфэктах ад дыет, якія можна нейкім чынам замерыць. Цікава, што палеа-дыета прызямлілася пад нумарам 35. То бок на самай апошняй пазыцыі. Калі коратка, дык група экспэртаў, што вывучала дыеты, прыйшла да наступнай высновы: доказаў таго, што палеа-дыета забясьпечвае доўгатэрміновыя выгады для пахудзеньня ці здароўя, няма.

Ежа тады і цяпер

Дыета нашых продкаў часоў Палеаліту (ад 2,6 млн. да 10 тыс. гадоў таму, то бок да зьяўленьня сучаснай сельскай гаспадаркі) значна адрозьніваецца ад нашай цяперашняй дыеты. Ці, больш дакладней, нашых дыетаў. Далёка ня кожны чалавек на Зямлі мае небясьпечны «традыцыйны заходні рацыён».

Як і сёньня няма адзінай дыеты, дык і падчас Палеаліту не было адзінай дыеты. Даступная ежа залежала тады выключна ад геаграфічнага разьмяшчэньня і клімату. Такім чынам, склад рацыёну нашых палеалітычных продкаў значна вар’іруецца. Так, археолягі адзначаюць шмат адрозьненьняў паміж доляй макраэлемэнтаў (белкоў-жыроў-вуглеводаў) у харчаваньні нашых продкаў, а таксама паміж суадносінамі расьлінныя-жывёльныя прадукты. Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што агульныя рысы ўсё ж былі. Так, рацыён нашых далёкіх продкаў, што жылі да сельскагаспадарчай эры, быў практычна пазбаўлены збожжа і малочных прадуктаў.

А як наконт таго, што пасьлядоўнікі палеа-дыеты эфэктыўна худзеюць?

Тое, што чалавек адчувае сябе фізычна лепш падчас палеа-дыеты, асабіста ў пачатку — зусім ня дзіўна. Адметнымі рысамі палеа-дыеты зьяўляюцца высокае ўтрыманьне бялку і вялікая колькасьць садавіны. Як і бялок, так і вялікая колькасьць садавіны вельмі добра насычаюць, і пры тым утрымліваюць мала калёрый. Гэта і ёсьць галоўнай прычынай чаму сучасны палеаліт эфэктыўна (асабліва ў пачатку) і хутка зьніжае вагу. Страта вагі аўтаматычна прыводзіць да таго, што вы адчуваеце сябе здаравей і энэргічней. Акрамя таго, вы (як большасьць людзей, што сядаюць на дыету), верагодна, пачынаеце больш рухацца, піць значна менш алькаголю і спажываць менш прамыслова апрацаваных прадуктаў. Усе гэта станоўча адбіваецца на самаадчуваньні.

Ну а як наконт пераваг для здароўя?

Прамоўтары палеа-дыеты часта спасылаюцца на тое, што гэтая дыета нібыта мае добры ўплыў на здароўе.

Група экспэртаў, якая састаўляла сьпіс-рэйтынг дыет, прааналізавала ўсе наяўныя навуковыя дасьледаваньні ў галіне так званага палеа-харчаваньня. Экспэрты прыйшлі да высновы, што няма доказаў таго, што палеа-дыета забясьпечвае доўгатэрміновыя выгады для здароўя.

Дарэчы, дагэтуль нняма прыкладу дыеты без пшаніцы і іншых збожжавых культур, якая б прыводзіла да больш працяглага і здаровага жыцьця. Вядома якраз-такі супрацьлеглае, а менавіта тое, што ў рацыёне доўгажыхароў (у тым ліку жыхароў Ікарыі і Сардыніі) суцэльныя збожжавыя культуры зьяўляюцца неад’емнай часткай. Цікава і тое, што дыеты доўгажыхароў (ізноў жа можна дзеля прыкладу ўзяць дыету Ікарыі і Сардыніі, а таксама дыету Акінавы і вэгетарыянскую дыету адвэнтыстаў са Злучаных Штатаў) маюць вельмі малую долю мяса. У палеа-дыеце мяса — адзін з асноўных кампанэнтаў. Таму палеа-рацыён мае лішкі жывёльных бялкоў. Дыеты зь вельмі высокім утрыманьнем бялку, асабліва калі прытрымлівацца іх доўга, могуць прывесьці да камянёў у нырках, остэапарозу, сардэчна-судзінных захворваньняў.

І яшчэ такое пытаньне: а чаму мы ўвогуле павінны харчавацца як нашы далёкія продкі? Гэта ж зусім ня так, што продкі нашы жылі даўжэй за нас. І ці было іх кароткае жыцьцё здаравей, гэта таксама яшчэ пытаньне.

Ну і апошняе маё асабістае меркаваньне. Палеа-дыета перадбачае занадта высокае ўжываньне мяса і рыбы, то бок яна ня ёсьць ўстойлівай. Асабіста я не лічу, што наша жаданьне быць здаровымі за кошт здароўя нашай плянэты сумленнае. Але кожны, зразумела, робіць свой выбар самастойна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG