Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская арганістка, якая выступіла ў Нотр-Даме: У Беларусі амаль згубілі культуру арганаў


Ксенія Пагарэлая

Ксенія Пагарэлая

Ксенія Пагарэлая, арганістка з полацкага Сафійскага сабору, стала першым грамадзянінам Беларусі, які выступіў з канцэртам у парыскім Саборы Нотр-Дам.

У інтэрвію Свабодзе Ксенія Пагарэлая распавяла, чаму ня хоча зьяжджаць за мяжу і дзе працуюць у Беларусі арганісты.

— Вы нарадзіліся і атрымалі музычную адукацыю ў Расеі. Якім чынам вы апынуліся ў Полацку?

— Я нарадзілася ў Краснадары, там вучылася ў музычнай школе і музычнай вучэльні. Пасьля скончыла Маскоўскую дзяржаўную кансэрваторыю як піяністка і арганістка. А ў 1985 годзе пабудавалі арган у полацкім Сафійскім саборы. Арганісткай там была мая знаёмая. У 1988 годзе яна зьехала з Полацку, а мяне ўзялі на яе месца. Я вельмі хацела трапіць у Полацак. Такім чынам, у Сафійскім саборы я працую ўжо 28-мы год. І хоць нарадзілася я ў Расеі, грамадзянства маё беларускае. І ўсюды, калі бываю за мяжой, то заўсёды прадстаўляю Беларусь, вязу беларускую музыку і распавядаю ўсім пра Беларусь, пра Полацак і пра наш Сафійскі сабор.

— Вы чакалі чатыры гады, перад тым як ваша заяўка на канцэрт у Парыжы была зацьверджаная. Чаму так прэстыжна для арганіста даць канцэрт у саборы Нотр-Дам?

— Там цудоўны арган, гістарычны інструмэнт, яму 450 гадоў. Але той стан, у якім ён знаходзіцца, — заслуга майстра аргана другой паловы ХIХ стагодзьдзя Арыстыда Кавайе-Коля. Гэты майстар распачаў новую эпоху ў арганабудаўніцтве, узбагаціўшы арган рэгістрамі, якія яскрава дэманструюць сымфанічныя магчымасьці інструмэнта. У аргане, які знаходзіцца ў саборы Нотр-Дам, 5 мануалаў, 121 рэгістар, больш за 10 тысяч труб.

— Наколькі строгія былі патрабаваньні да праграмы канцэрту, які вы прывезьлі ў Парыж? Ці была магчымасьць зайграць нешта беларускае?

— У 37-хвілінным канцэрце я грала твор беларускай кампазытаркі Ганны Кароткінай. Выканала яе «Малітву» зь сюіты «Фрэскі». На жаль, паводле ўмоваў сучасная музыка павінна складаць ня больш за 15% праграмы. Але тым ня менш гэты кароткі твор прагучаў вельмі ярка і эмацыйна. Я шмат грала арганныя творы Ганны Кароткінай, і цяпер магу сказаць, што на аргане Нотр-Даму яны гучаць найлепш.

Увогуле я атрымала вялізнае задавальненьне ад таго, што зайграла ў гістарычным месцы на гістарычным інструмэнце. Маімі слухачамі былі каля 2000 чалавек. Нотр-Дам — гэта вельмі папулярнае турыстычнае месца. Я б параўнала чэргі каля яго з чэргамі ў Маўзалей у савецкі час. Кожны дзень бясконцая плынь людзей.

— Цяжка было граць на новым інструмэнце?

— На шчасьце, перад канцэртам у мяне была магчымасьць зрабіць дзьве рэпэтыцыі. Гэта неабходна, бо ў сьвеце няма двух аднолькавых арганаў. Той, на якім я граю ў Сафіі, вельмі істотна адрозьніваецца ад таго, які месьціцца ў Нотр-Даме. Агулам я была тыдзень у Парыжы. І бачыла, што кожны дзень вельмі шмат турыстаў каля Нотр-Даму.

— А чаму чатыры гады таму вы падалі заяўку на канцэрт у Нотр-Даме? У вас была такая мара — сыграць у Парыжы?

Я даўно знаёмая з арганамі майстра Арыстыда Кавайе-Коля. Была мара сыграць на аргане гэтага майстра, ды яшчэ і ў саборы Парыскай Маці Божай. Мары спраўджваюцца.

— Гэта была цалкам мая ініцыятыва. Я даўно знаёмая з арганамі майстра Арыстыда Кавайе-Коля. Адзін зь іх быў у вялікай залі Маскоўскай дзяржаўнай кансэрваторыі, дзе я вучылася. Іншы ягоны арган я бачыла падчас сваёй першай вандроўкі ў Францыю — у Нармандыі. Таму можна сказаць, што была мара сыграць на аргане гэтага майстра, ды яшчэ і ў саборы Парыскай Маці Божай. Мары спраўджваюцца. Але давялося чакаць чатыры гады, пакуль маю заяўку разгледзелі і зацьвердзілі. У саборы працуе духоўная камісія, якая прымае прапановы ад арганістаў. Зразумела, што строгі адбор — трэба даслаць запісы свайго выкананьня, праграму, біяграфію. Так атрымалася, што 19 верасьня, калі быў мой канцэрт, быў дзень, калі шматлікія гістарычныя помнікі ў Францыі былі даступныя для бясплатнага наведваньня. Уваход на мой канцэрт таксама быў свабодны, усе ахвотныя маглі паслухаць.

— Дарэчы, ці значыць гэта, што вы не атрымалі ніякага ганарару за свой выступ у Францыі?

— Не, нічога мне не плацілі. Дый уся мая паездка была за асабістыя сродкі. Дзякуй маім сябрам у Парыжы — я жыла ў іх і не плаціла за гатэль. А дзякуючы таму, што квіткі да Парыжа я набывала за год да канцэрту, пералёт быў недарагі.

— А наколькі прэстыжна мець такую рэдкую прафэсію, як арганіст? І ці добра за гэта плоцяць у Беларусі?

Арганамі майстра Арыстыда Кавайе-Коля ў Нотр-Даме

Арганамі майстра Арыстыда Кавайе-Коля ў Нотр-Даме

— Арган — вельмі рэдкі інструмэнт, адпаведна і арганістаў у нас ня так шмат. Нехта зь іх прымае ўдзел у касьцёльных службах, нехта арганізуе канцэрты. Але ў любым разе арган — вельмі эксклюзіўны інструмэнт, таму і канцэртаў мала. Праўда, цікавасьць да арганнай музыкі вялікая — людзі з гатоўнасьцю езьдзяць на фэстывалі, слухаюць арган. Калі казаць пра фінансавы бок, то я магу толькі адзначыць, што культура ніколі не працуе дзеля грошай. Таму часам нешта аплочваецца, часам — не аплочваецца. Але галоўнае, што культурныя каштоўнасьці працягваюць існаваць. Я лічу, што мы павінны даносіць іх людзям. Асабліва ў наш час, калі матэрыяльнае выходзіць на першы плян.

— І ўсё ж ці не было жаданьня паехаць жыць у тую ж Францыю, дзе для вас як для арганісткі было б больш магчымасьцяў, дый праца ваша аплочвалася б на іншым узроўні?

— З 1994 году я часта выяжджаю за мяжу, удзельнічаю ў арганных майстар-клясах у розных эўрапейскіх краінах. Але зьехаць назаўсёды мне ніколі не хацелася. Я вельмі рада, што я працую ў Сафійскім саборы. Мае калегі, якія прыяжджаюць на фэстывалі ў Полацак, кажуць, што адчуваюць сьвятасьць гэтага месца, і захапляюцца нашым арганам. Таму я лічу, што маю магчымасьць рэалізоўвацца ў Беларусі. Але выяжджаю за мяжу, каб знаёміцца з арганнай культурай, з задавальненьнем. Усё ж у Эўропе захавалася нашмат больш інструмэнтаў і традыцыяў. У Беларусі шмат арганаў было зьнішчана, мы амаль страцілі гэтую культуру ў рэвалюцыйны час. Дагэтуль нічога зь яе ня ўзноўлена. Вельмі шкада... А ў Эўропе можна больш вывучыць і пайграць на вельмі цікавых старых інструмэнтах. Тым ня менш я задаволеная сваёй рольлю ў Сафійскім саборы, лічу сябе асьветніцай.

— Калі вас можна будзе пачуць у Беларусі?

— З 18 кастрычніка па 22 лістапада ў канцэртнай залі Сафійскага сабору пройдзе юбілейны XX Міжнародны фэстываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». Я буду граць і на адкрыцьці, і падчас усяго фэстывалю.

XS
SM
MD
LG