Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народ гэтага не захоча», — магілёўцы пра Колю як пераемніка Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і яго малодшы сын Коля на выбарчым участку. 11 кастрычніка 2015 году

Аляксандар Лукашэнка і яго малодшы сын Коля на выбарчым участку. 11 кастрычніка 2015 году

Апытаньне Свабоды: «Многія ў Беларусі лічаць, што Лукашэнка рыхтуе сабе ў пераемнікі на прэзыдэнцкай пасадзе малодшага сына Мікалая. Ці лічыце вы такі сцэнар імаверным? Чаму?» Адказвалі жыхары Магілёва.

— Сто працэнтаў. Уладу баіцца ён перадаць у іншыя рукі, акрамя сваіх. Ну, а Мікалай — гэта адно зь ім цэлае.

— Мо мы столькі не пражывём, каб гэта ўбачыць. Хутчэй за ўсё, будзе нейкі пераемнік. Гэта будзе нехта зь ягонага атачэньня. Чалавек з досьведам, добры кіраўнік, якога мы прынамсі хоць ведаем.

— Калі Мікалаю будзе трыццаць пяць, тады пра гэта можна будзе і пагаварыць. Хоць у гісторыі былі аналёгіі. Па-мойму, Карл Вялікі гэтак жа сама вазіў і на сустрэчы да Папы Рымскага. Гэта было як пацьверджаньне таго, што сын — законны пераемнік. Людзі заўжды былі аднолькавыя, толькі мяняюцца дэкарацыі, а п’еса тая ж самая.

— Гэта цалкам можа быць. Чаму гэтая сытуацыя такая фантастычная? Яна цалкам можа быць рэальнай. Калі Лукашэнка страціць уладу, то, як бывае ў сьвеце, новыя кіраўнікі былых перасьледуюць. Прыгадваюць ім грахі.

— Немагчыма. Ён жа яшчэ задужа малады. Гэта ж трэба, каб трыццаць пяць гадоў было яму. А Лукашэнка на наступны тэрмін наўрад ці пойдзе сам.

— Няхай рыхтуе, але я ня веру, што Мікалай будзе прэзыдэнтам. Народ гэтага не захоча. Ён ужо і цяпер ня хоча, а калі яшчэ «бацька» паправіць, то пагатоў не захоча.

— Можа быць. Дарма што малады. Але я на месцы Лукашэнкі даўно б падумаў не балятавацца болей. Няёмка глядзець на нашага прэзыдэнта, калі ён цягае сына з сабою. Відаць, гэтак выглядае, што сына ён мусіць неяк падрыхтаваць.

— Гэта немагчыма. Гэтага дужа доўга чакаць. Гэта ўсё байкі. Кожны кажа пра тое, пра што хоча, у сілу свайго розуму. А як прэзыдэнт Лукашэнка нас задавальняе.

— Вядома ж, магчыма. І ёсьць прэцэдэнты ў сьвеце, калі правіцелі рыхтуюць сабе пераемнікаў са сваіх родзічаў. А тое, што ён малы, дык пачакае, пакуль вырасьце.

— Ды ня будзе ніхто нікога чакаць. Ён жа яшчэ хлапчук. Колькі яму — 12 год? Яшчэ дваццаць год. Хіба Лукашэнка будзе пры ўладзе столькі? Ён пабудзе яшчэ сэзон ды скажа: бывайце здаровы — дайце мне адпачыць.

— Лукашэнка будзе правіць, пакуль унукі ня вырастуць. Мікалай мо і не дачакаецца. Ну, у нас сёньня гэтак «сьцябаюцца», а заўтра гэта ўжо праўда. Вы ж паглядзіце, як у нас законы робяцца...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG