Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ракеты будуць падаць на тэрыторыю Казахстану за паўмільёна даляраў


Казаскі стэп.

Казаскі стэп.

Сёньня ў Астане прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі пратакол аб унясеньні зьменаў у пратакол пагадненьня па разьмежаваньнi дна паўночнай часткі Касьпійскага мора ў мэтах сувэрэнных правоў на карыстаньне нетрамі.

Паводле Ўладзіміра Пуціна, гэтае пагадненьне аб Касьпійскім моры дазволіць кампаніям прыступіць да распрацоўкі буйнога вуглевадароднага радовішча.

Сярод падпісаных дакумэнтаў — пагадненьне аб парадку правядзеньня пускаў ракет з раёну Дамбароўскі. Раней расійскія СМІ паведамлялі, што для падзеньня адпрацаваных частак ракет, якія запускаюцца з тэрыторыі палігона ў Арэнбурскай вобласьці Расеі, згодна з праектам пагадненьня, будзе выкарыстоўвацца ўчастак зямлі ў Казахстане, за арэнду якога Масква мае намер плаціць Астане 460 тысяч даляраў на год.

Як адзначыў Назарбаеў, яны абмеркавалі магчымасьці выкарыстаньня трубаправоду ў Кітай, які праходзіць праз тэрыторыю Казахстану, пытаньні сумеснага асваеньня касьпійскіх радовішчаў, супрацоўніцтва ў галіне вугальнай прамысловасьці і транзыту праз новую дарогу ўздоўж Касьпійскага мора.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG