Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч – «проста гісторыя», якая вярнулася


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Маладая польская журналістка абрала для сябе спэцыялізацыю – Беларусь. Хоча стаць прафэсіяналам у тэме, і пару гадоў разьбіраецца што да чаго ў нашай краіне.

Караліна нарадзілася адразу пасьля перамогі дэмакратыі ў Польшчы, і адсылкі да савецкіх часоў ёй даюцца зь цяжкасьцю ў разуменьні, бо для яе той пэрыяд – проста гісторыя. А ў Беларусі – жывы нэрв.

Караліна: – А што вы думаеце пра Сьвятлану Алексіевіч?

– Хто – мы?

– Ну вы, кола кнігарні «ЛогвінаЎ»…

– Творчыя людзі, для якіх важная беларуская нацыянальная ідэя?

– Так! – З удзячнасьцю пацьвярджае Караліна. Я дакладна сфармуляваў ейную думку.

Тлумачу, што год таму была жорсткая дыскусія вакол выказваньня Сьвятланы Алексіевіч пра беларускую мову. Многім развагі пісьменьніцы падаліся некарэктнымі. Многія асьцерагаліся, ці не нашкодзіць пісьменьніца іміджу беларускай ідэі ў краіне і сьвеце. Але пасьля нобэля Сьвятлана Алексіевіч вычарпальна пазначыла сваю пазыцыю што да Беларусі: «Я частка беларускага сьвету». І «ў джунглі прыйшоў мір». Бакі, што спрачаліся, практычна скончылі дыскусію. Нобэль – калясальны пазытыў для іміджу ўсёй краіны.

– Калі заходні эўрапеец чытае Алексіевіч, ён бачыць проста гісторыю, – малюе сваё бачаньне Караліна.

– Калі гэтыя гісторыі ўпершыню зьявіліся на сьвет у 1985, у СССР быў яшчэ таталітарызм. Тады ня тое што аспрэчыць, але паказаць іншы, адрозны ад афіцыйнай ідэалёгіі бок рэчаіснасьці – ужо было вельмі сьмелым учынкам.

Кантэкст. Гэтае слова паўтараю ня раз у размове. Калі б далей не пайшла «перабудова», наступныя «проста гісторыі» маглі б ня выйсьці. За дзесяць гадоў між 1985 і 1995 беларусы перажылі чатыры эпохі. Караліне цяжка ўявіць – за такі кароткі пэрыяд ажно чатыры!

Перабудова дае трыбуну многім, хто выкрывае адваротны бок мэдаля савецкай рэальнасьці. Разам з тым ня толькі ўнутры дзяржавы, але для ўсяго сьвету. Сьвет вывучае закрытую перад тым тэрыторыю, а знутры сыстэму пачынаюць актыўна раскачваць.

А пасьля трэцяя эпоха – незалежнасьць разам са свабодай. Свабода ня ў сэнсе зьмены сыстэмы, а ў тым, што дзяржава не замінае чалавеку, не цікавіцца ім, хоць яшчэ нядаўна ледзь не са сьвечкай залазіла пад коўдру да кожнага грамадзяніна. Незалежнасьць – магчымасьць пабудаваць новую краіну фактычна з нуля. Беларуская нацыянальная ідэя матэрыялізуецца пакуль на знакавым узроўні нацыянальных сымбаляў.

Падзеі разгортваюцца зь неверагоднай хуткасьцю. Тое, што зусім нядаўна было сьмеласьцю, робіцца нормай. Сьвятлана Алексіевіч працягвае займацца досьледам унутранага сьвету савецкага чалавека. У Беларусі вастрыня тэмы зьнікае. Але неўзабаве надыходзіць новы – ледавіковы – пэрыяд, у якім мы жывем дагэтуль.

Галоўным ворагам «ледавіка» робіцца якая заўгодна свабода, у тым ліку і Беларуская Ідэя. Яна першая трапляе пад рэпрэсіі.

– Але на Захадзе вельмі асьцерагаюцца нацыянальных ідэяў, – камэнтуе Караліна.

– Там бачацца штурмавікі ў карычневых кашулях?

– Ну так...

– Вось у гэтым адзін з прынцыповых пунктаў непаразуменьня між многімі інтэлектуаламі Захаду і былога СССР.

Задача якіх заўгодна «карычневых кашуляў» – раскатаць прастору вакол сябе катком аднастайнасьці, уніфікаваць пад свае погляды. Тое, чым займаліся адэпты савецкай ідэалёгіі, падфарбаваўшы свае кашулі чырвоным колерам. Гэта як дзьве спартовыя каманды гуляюць у адну гульню, але мусяць адрозьнівацца на полі колерамі формы. Кажу:

– Бачыш як шматлікія эўрапейскія інтэлектуалы сышліся ў меркаваньнях з Лукашэнкам. А ўсё таму, што слова «кантэкст» не прыгадалі. Толькі нацыянальныя ідэі на ўскрайках былой Расейскай/Савецкай імпэрыі – гэта барацьба за свабоду ад карычневых кашуляў, якімі б колерамі яны не падфарбоўваліся.

Парадокс у тым, што беларуская нацыянальная ідэя ў ХХІ ст. – гэта найперш ідэя права асобы. Базавае права чалавека быць свабодным – быць сабой. У тым ліку мець права вярнуць сабе нацыянальную самаідэнтыфікацыю. І больш – быць Кімсьці.

Далей ужо пайшлі нюансы, расшыфроўкі, мноства дэталяў і адценьняў: пра калянізацыю, пра дыктатуру, пра элемэнтарнае прыніжэньне годнасьці. Пра сыстэму, дзе няма месца чалавеку, якога можна перажаваць і выплюнуць. Усё тое, пра што ў тым ліку пісала Сьвятлана Алексіевіч.

Яшчэ нядаўна здавалася, што карычневыя кашулі засталіся толькі ў Беларусі як кунсткамэра ў целе Эўропы. І вось выходзіць «Час сэканд-хэнд». Здавалася б – проста гісторыя, як савецкія часы для журналісткі Караліны. А тут чырвона-карычневыя чалавечкі на Ўсходзе «падымаюцца з каленяў» і зноў пагражаюць усяму сьвету.

І эўрапейскі інтэлектуалы ў асобе Нобэлеўскага камітэту праз Сьвятлану Алексіевіч шлюць «вялікае прывітаньне» ўсім «устаюшчым з каленяў» незалежна ад лякалізацыі на постсавецкай прасторы.

Тым часам у Беларусі чалавечкі ў каляровых кашулях і пры ўладзе спрабуюць вонкава прысабечыць нацыянальную ідэю праз гульні з арнамэнтам у прыватнасьці, і гісторыяй наагул: «Вось вам ваша сымболіка і нацыянальная міталёгія, але бяз зьмены сыстэмы». Закручваецца новы ідэалягічны мікс.

На першы погляд заблытаны, а насамрэч вельмі просты. І тыя, хто нядаўна асьцерагаўся «нацыянальных», і «нацыянальныя», якія зь недаверам глядзелі на апанэнтаў як на патэнцыйных праваднікоў расейскай імпэрскасьці, усе разумеюць, што вось ён – рубікон. Ці ўсе вяртаюцца за рысу 1985 году – у таталітарызм. Ці ўсе разам адстойваем правы чалавека і дыскутуем міжсобку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG