Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі заўзятар: «Фанаты — найбольшыя патрыёты і ўжываць родную мову для нас натуральна»


Віталь Будзько

Віталь Будзько

Віталь Будзько быў сярод затрыманых у Барысаве за нібыта лаянку і супрацьдзеяньне міліцыі падчас футбольнага матча «Беларусь — Македонія». Ён кажа, што насамрэч міліцыянты вывелі заўзятараў са стадыёна за тое, што яны адмовіліся здымаць шалікі з гербам «Пагоня».

Гарадзенец Віталь Будзько быў сярод затрыманых і асуджаных у Барысаве за нібыта лаянку і супрацьдзеяньне міліцыі падчас футбольнага матча зборнай Беларусі і Македоніі.

Ён кажа, што насамрэч міліцыянты вывелі заўзятараў са стадыёна за тое, што яны адмовіліся здымаць шалікі з гербам «Пагоня». Пасьля суду Віталь даў інтэрвію Свабодзе.

— Віталь, калі ласка, узгадайце, як гэта адбывалася і за што вас затрымалі?

Відавочна, яны сачылі за намі. Камэраў там шмат, і, магчыма, быў папросту дадзены загад.

— Прычына затрыманьня была адна — шалік з гербам «Пагоня». Відавочна, яны сачылі за намі. Камэраў там шмат, і, магчыма, быў папросту дадзены загад. Найперш усіх нас у перапынку затрымлівалі і папярэджвалі настойліва, каб мы гэтыя шалікі паздымалі. І тыя, хто сапраўды іх схаваў, пайшлі ізноў на трыбуны, а нас не пусьцілі. Канешне, мы не згаджаліся, прасілі даць нам пісьмовы дакумэнт, які забараняе ўжываць «Пагоню» на шаліку, паколькі нам добра вядома, што «Пагоня» не падпадае пад незарэгістраваную сымболіку.

— І ўсё ж вас павезьлі ў пастарунак...

— Я паказваў ім пашпарт, каб яны высьветлілі маю асобу, адмовіўся ісьці ў машыну, бо добра разумеў, што другі тайм ужо не паглядзіш, але тады мяне вывелі пад прымусам...

— А як з вамі абыходзіліся ў міліцыі?

— Нічога страшнага там не было, але адзінае, што яны склалі пратакол, у якім запісалі, што я нецэнзурна лаяўся і аказваў супраціў міліцыянтам.

— У вашую падтрымку выступілі Беларуская фэдэрацыя футбола і футбольны клюб «Нёман». У пісьмовай заяве гаворыцца, што ваш інтэлектуальны ўзровень не дазволіў бы вам сысьці да таго, каб ужываць мацюкі.

Тыя, хто прысутнічаў у судзе, таксама зразумелі, што я не ўжываў лаянкі. Гэтага не маглі пацьвердзіць міліцыянты, яны блыталіся ў паказаньнях, зь іх падчас сьмяяўся нават суддзя.

— Я, дарэчы, найперш удзячны усім людзям, якія заступіліся за нас у гэтай сытуацыі. Магчыма, таму я размаўляю з вамі, а не адбываю тэрмін на сутках. І тыя, хто прысутнічаў у судзе, таксама зразумелі, што я не ўжываў лаянкі. Гэтага не маглі пацьвердзіць міліцыянты, яны блыталіся ў паказаньнях, зь іх падчас сьмяяўся нават суддзя, але тым ня менш вырак — адзін мільён 800 тысяч штрафу...

— Віталь, а вы наагул у жыцьці часта ўжываеце мацюкі?

— Ніколі. Я яшчэ ў дзяцінстве вырашыў, што ня буду гэтага рабіць, але калі падчас хочацца вылаяцца, то дзеля гэтага маю іх заменьнікі. Ну вось, да прыкладу: блін-Клінтан — ну нешта кшталту такога.

— А вы ўпершыню сутыкнуліся з такой сытуацыяй?

— Мяне выводзілі са стадыёна ўпершыню, але вось гэты шалік з «Пагоняй» — некалькі гадоў таму маю жонку выводзілі зь ім са стадыёна. Я думаю, каб мы зараз падпарадкаваліся іх незаконным патрабаваньням, то нас бы пакінулі ў спакоі.

— А чаму вы вырашылі не здымаць шалік?

— Таму што хутка яны наагул залезуць на сьпіну, зьвесяць ногі і будуць паганяць цябе. Я лічу, што так быць не павінна. Хаця, ведаеце, калі будзе нейкая адказная гульня, то, магчыма, усё ж давядзецца браць на стадыён іншы шалік. Усё ж я хаджу на футбол не дзеля таго, каб пасядзець у пастарунку, але і прагінацца пад нашых міліцыянтаў зь іх незаконнымі патрабаваньнямі ня вельмі хочацца.

— Цяжка было перажыць суд, слухаць сьведкаў-міліцыянтаў...

Прыкра, канешне, але я добра разумею ў якой краіне жыву. Фананты наагул гатовыя да ўсіх падобных прыгодаў зь міліцыянтамі.

— Прыкра, канешне, але я добра разумею ў якой краіне жыву. Фананты наагул, асабліва актыўныя, гатовыя да ўсіх падобных прыгодаў зь міліцыянтамі. Канешне, мы ўсе таксама ня белыя і не пушыстыя, і большасьць з нас ходзіць на стадыён, каб выплеснуць эмоцыі. Але ў нас няма ніводнай крычалкі з мацюкамі.

— Будзеце абскарджваць рашэньне суда?

— Я пакуль раюся з адмыслоўцамі, праўда, ня веру, што маю скаргу нехта задаволіць. Аднак зь іншага боку ня хочацца быць хуліганам, паколькі пратакол складзены так, што судзілі мяне не за шалік з «Пагоняй», а за лаянку і супрацьдзеяньне міліцыі. Канешне, гэта непрыемна.

— У вас цудоўная беларуская мова, вы носіце на шаліку герб «Пагоня» — гэта ўнутранае патрабаваньне ці проста зьнешні знак?

Фанаты найбольшыя патрыёты — найперш свайго клюбу, гораду, краіны. І для іх ужываць родную мову — цалкам натуральна.

— Я лічу, што наш нацыянальны герб — «Пагоня». Я ня згодны з тым, што ў нашай дзяржаве іншыя сымбалі. Магчыма, і жыцьцё ад гэтага ў нас далёка не эўрапэйскае. Ведаеце, ёсьць такая старая прымаўка: як карабель назавеш, так ён і паплыве... Я не хачу ва ўсё паглыбляцца, бо гэта рэчы хрэстаматыйныя і не патрабуюць нейкіх адмысловых доказаў. Хачу вам сказаць, што фанаты найбольшыя патрыёты — найперш свайго клюбу, гораду, краіны. І для іх ужываць родную мову — цалкам натуральна. Усе нашы пэрфомансы мы імкнёмся праводзіць на роднай мове.

— Тым ня менш, у рэальнасьці на нашых стадыёнах адныя заўзеюць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, а іншыя пад чырвона-зялёнымі...

— На трыбунах фанаты імкнуцца палітыку ня ўмешваць, але тым ня менш існуюць правыя і левыя фанаты, паміж імі існуюць і спрэчкі, і бойкі, і ўсё астатняе. У свой час, калі мы арганізоўвалі падтрымку фан-сэктара зборнай Беларусі было вырашана аб’яднаць тых, хто зь бел-чырвона-белай, і тых, хто зь іншай сымболікай. І вырашылі ўжываць агульны для ўсіх — чырвоны колер. А прыватныя шалікі ўсе зазвычай выкарыстоўваюць тыя, якія хто хоча.

Віталь Будзько — індывідуальны прадпрымальнік, мае вышэйшую адукацыю, паводле спэцыяльнасьці інжынер-радыёэлектронік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG