Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі зьявіліся расейскія вайсковыя аб’екты


20 год таму ў Беларусі ўжо былі расейскія базы. На пачатку 1990-х гадоў тут заставаліся ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня і самалёты дальняй авіяцыі, што адносіліся да Расеі. Які быў іхні лёс і ці трэба чакаць, што ў нас зьявяцца новыя базы, высьветліла Свабода.

«На ядзерную зброю нават прэтэндавалі»

Павал Казлоўскі быў міністрам абароны ў 1992–1994 гадах, пры ім былі сфармаваныя Ўзброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Паводле дамовы з Расеяй да Беларусі пасьля распаду СССР адыходзілі ўсе войскі Беларускай вайсковай акругі: сухапутныя войскі, ваенна-паветраныя сілы, супрацьпаветраная абарона.

Частка войскаў, аднак, не была перададзена Беларусі. Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня (РВСП) і дальнюю авіяцыю расейскі ўрад пакідаў за сабой і абавязваўся вывесьці з тэрыторыі Беларусі.

Пасьля таго як Беларуская вайсковая акруга СССР спыніла існаваньне, ракетчыкі і дальняя авіяцыя перасталі падпарадкоўвацца Міністэрству абароны Беларусі, бо сталі расейскімі. Але беларускі бок працягваў забясьпечваць іх электрычнасьцю й прадуктамі.

За час кіраўніцтва Паўла Казлоўскага зь Беларусі былі выведзеныя часткі дальняй авіяцыі і ядзернае паліва. За гэта Беларусь нават атрымала грашовую кампэнсацыю. Самі РВСП выводзіліся ўжо адміністрацыяй Лукашэнкі ў 1996 годзе.

Павал Казлоўскі

Павал Казлоўскі

«Мы на іх нават не прэтэндавалі, — сказаў Казлоўскі. — Абслугоўваць ядзерную зброю было не пад сілу Беларусі».

Былыя аэрадромы, якія аказаліся непатрэбнымі нашаму міністэрству, сталі перадаваць мясцовым выканкамам. У Быхаве, напрыклад, аэрадром дальняй авіяцыі разабралі, і плітамі ўзьлётна-пасадачнай паласы выклалі тратуар у цэнтральнай частцы горада.

Вызваленыя ваенныя гарадкі, якія адносіліся да РВСП, спачатку перадалі Міністэрству абароны, а потым — мясцовым уладам. Іх перавялі на балянс ЖКГ і засялялі ўжо цывільнымі.

У Латвіі станцыю закрылі, таму расейцы пабудавалі новую пад Баранавічамі

Расейская ваенная база ў Вялейцы

Расейская ваенная база ў Вялейцы

Іншы быў лёс 43-га вузла сувязі Ваенна-марскога флёту Расеі пад Вялейкай і радыёлякацыйнай станцыі «Волга» ў Клецкім раёне. Асобным пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году яны пакідаліся на тэрыторыі Беларусі ў якасьці расейскіх вайсковых аб’ектаў. Самі станцыі й зямельныя ўчасткі перадаваліся Расеі ў бязвыплатнае карыстаньне на 25 год. То бок тэрмін арэнды заканчваецца ўжо ў 2020 годзе.

Станцыя пад Вялейкай пачала працу ў 1964 годзе. Яна забясьпечвае сувязь паміж Галоўным штабам ВМФ Расеі і атамнымі падводнымі лодкамі, якія нясуць баявое дзяжурства ў Атлянтычным, Індыйскім і частцы Ціхага акіянаў. Знаходзячыся за 7 км ад Вялейкі, яна займае плошчу 650 гектараў. Ня раз паведамлялася, што на станцыі служыць 350 афіцэраў і мічманаў ВМФ Расеі. Але пісалі і тое, што гэтая лічба ў некалькі разоў завышаная.

Таксама пагадненьнем 1995 году Расеі перадавалася й радыёлякацыйная станцыя «Волга» за 48 км ад Баранавічаў. На той час яна яшчэ не працавала. Будаваць яе пачалі ў 1986 годзе, а на баявое дзяжурства яна заступіла толькі ў 2003-м. Станцыя ўваходзіць у сыстэму папярэджаньня аб ракетным нападзе й адносіцца да касьмічных войскаў. Яна замяніла сабой закрытую ў 1998 годзе аналягічную станцыю ў Скрундзе (Латвія).

Баранавіцкая станцыя можа выявіць балістычныя ракеты й касьмічныя аб’екты на адлегласьці 4800 км. Да таго ж яна кантралюе раён патруляваньня падводных лодак НАТО ў Паўночнай Атлянтыцы і ў Нарвэскім моры.

Вілейская і Ганцавіцкая базы адразу перайшлі да Расеі з нашай згоды. Не было ніякіх супярэчнасьцяў з расейскім бокам

«Яны (Вілейская і Ганцавіцкая базы. — РС) — адразу перайшлі да Расеі з нашай згоды, — расказаў Казлоўскі. — Не было ніякіх супярэчнасьцяў з расейскім бокам».

Мы эканомім дзясяткі мільёнаў даляраў, карыстаючыся расейскімі палігонамі

Умовы, на якіх расейскія станцыі разьмяшчаюцца на тэрыторыі Беларусі, можна назваць бартэрнымі. Аналягічны аб’ект у Латвіі каштаваў Маскве 5 мільёнаў даляраў штогадова. Пры першай магчымасьці станцыю там дэмантавалі. А беларусы, відаць, і не заікаліся, каб спаганяць з «братоў» такія грошы.

Напрыклад, з Азэрбайджанам, дзе стаяла такая самая радыёлякацыйная станцыя, Расея не змагла дамовіцца пра кошт арэнды і мусіла ў 2013 годзе дэмантаваць усё абсталяваньне і закрыць станцыю.

За карыстаньне станцыямі Расея перадае Беларусі інфармацыю пра ракетна-касьмічную абстаноўку, нашых вайскоўцаў бясплатна навучаюць у вайсковых вучэльнях і акадэміях Расеі, а таксама даюць магчымасьць выкарыстоўваць палігоны для баявых стрэльбаў СПА.

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

«Нельга сказаць, што яны „халяўныя“, — расказаў Свабодзе Андрэй Паротнікаў, рэдактар Belarus Security Blog. — Нам даюць у карыстаньне свае палігоны і ўсю інфраструктуру для трэніровак супрацьпаветранай абароны. Гэта некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў на год».

На нас будуць ціснуць. Пуцін хоча захаваць свой твар

У Беларусі ўжо ёсьць расейскія вайскоўцы, а летась на ратацыйнай аснове па два месяцы ў Баранавічах дзяжурылі чатыры самалёты «Су-27». Але расейцы будуць дамагацца стварэньня паўнавартаснай базы на беларускай тэрыторыі, упэўнены Паротнікаў.

«Будуць ціснуць, — кажа экспэрт. — Пад базай ужо падпісаліся Сяргей Шайгу, Дзьмітры Мядзьведзеў, а цяпер і Ўладзімер Пуцін. І для іх гэта справа захаваньня твару, каб гэтая база хоць у нейкім выглядзе была».

Пра тое, што Беларусь усё ж такі рыхтуецца прыняць расейскія самалёты, ускосна сьведчыць тая акалічнасьць, што з канца 2016 году мае пачацца сумеснае баявое дзяжурства адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі.

Пагадненьне пра гэтую сыстэму падпісана было ў 2009-м, Беларусь яго ратыфікавала ў 2012-м, а перанос на 2016 год можа быць зьвязаны акурат з пэрспэктывамі разьмяшчэньня ў нас авіябазы. Яна павінна быць часткай гэтай сыстэмы.

«Ім трэба ў гэтую інструкцыю па сумесным дзяжурстве неяк упісаць гэтую базу, — лічыць Паротнікаў. — І таму яны чакаюць, калі будзе нейкае зацьвярджэньне зь беларускага боку колькаснага й якаснага складу гэтай авіябазы, каб папросту яе падагнаць пад інструкцыю».

Любое рашэньне па расейскай базе будзе дрэнным

У любым выпадку разьмяшчэньне ці неразьмяшчэньне гэтай базы будзе вельмі дорага каштаваць Беларусі, упэўнены Паротнікаў. Калі мы на яе пагодзімся, будзе падарвана абвешчаная Беларусьсю нэўтральнасьць.

«Па-першае, гэта будзе ўспрынята вельмі нэгатыўна суседнімі краінамі, фактычна падарве сыстэму даверу. Па-другое, гэта прывядзе да таго, што Лукашэнку будуць лічыць маскоўскай марыянэткай. А якія могуць быць перамовы ці камунікацыі з марыянэткай?»
Нью-Ёрк. Пратэст супраць плянаў расейскага ўраду збудаваць у Беларусі расейскую вайсковую авіябазу

Нью-Ёрк. Пратэст супраць плянаў расейскага ўраду збудаваць у Беларусі расейскую вайсковую авіябазу

Калі ж Беларусь будзе адмаўляцца разьмяшчаць у сябе базу, у ход можа пайсьці правераны сцэнар эканамічнага ціску: забарона на імпарт беларускіх харчовых прадуктаў.

«Гэта ўжо было, гэта адбываецца ўвесь час. Яны ня будуць нічога заяўляць, але ў нас ізноў пачнецца праблема з малочкай, зь мясам. А харчовая прамысловасьць — асноўны кармілец рэгіянальных бюджэтаў».

І нават выйсьця з гэтай пасткі Паротнікаў ня бачыць.

І адсутнасьць гэтай базы будзе вялікай эканамічнай праблемай, і ейная прысутнасьць будзе яшчэ большай праблемай з пункту гледжаньня палітыкі.

«Гэта вялікая праблема, насамрэч. І адсутнасьць гэтай базы будзе вялікай эканамічнай праблемай, і ейная прысутнасьць будзе яшчэ большай праблемай з пункту гледжаньня палітыкі. Тут можа быць толькі дрэннае рашэньне, прычым незразумела, якое зь іх горшае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG