Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкая кампанія завершаная. Нават у тым выглядзе, як яна праходзіла ў Беларусі, яна дала нямала матэрыялу для аналізу. Зразумела, цяжка рабіць высновы, ацэньваць вынікі, ня маючы рэальных дадзеных. Бо вядома, што інфармацыя ЦВК, як і матэрыялы так званых «экзытполаў» праўладных арганізацый, маюць вельмі далёкае дачыненьне да рэальнасьці. Таму паспрабуем абапірацца на ўскосныя паказчыкі.

Галоўнае пытаньне, якое найперш цікавіць, можна сфармуляваць так: які ўзровень пратэставага патэнцыялу? Ці шмат тых, хто хоча перамен у краіне?

І тут, зразумела, галоўная ўвага на тое, які ўзровень падтрымкі Тацьяны Караткевіч, якая (адзіная з кандыдатаў) магла разглядацца як альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку. Нагадаю, што паводле верасьнёўскага сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД, праведзенага яшчэ да пачатку агітацыйнай кампаніі, за яе тады гатовыя былі галасаваць 17,9%. У часе кампаніі рэйтынгі ўсіх кандыдатаў растуць. Як перадаюць незалежныя назіральнікі, на тых участках, дзе адкрыта лічылі бюлетэні, за Караткевіч галасавала 25–30% выбаршчыкаў. Ёсьць кулюарная інфармацыя, што ў Менску быў загад галасы за Караткевіч пераводзіць у графу «супраць усіх». А так прагаласавала 20,6% менчукоў, якія прыйшлі на выбары.

Гэта пры тым, што ня менш за палову апазыцыйнага электарату не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. НІСЭПД даводзіў, што 15% выбаршчыкаў падтрымлівае байкот. 6,3% электарату прагаласавала «супраць усіх». Ня ўпэўнены, што гэтыя лічбы можна сумаваць. Тым ня менш, як ні круці, але атрымліваецца, што трошкі менш за палову выбаршчыкаў гатовыя былі прагаласаваць за альтэрнатыву.

Гэта пры тым, што апазыцыя расколатая. Грамадзтва цяжка траўмаванае «ўкраінскім сындромам». Было шмат прэтэнзій на адрас Тацяны Караткевіч. Маўляў, яна не зусім апазыцыянэрка, няма харызмы, няма біяграфіі, няма досьведу публічных выступаў, часам відавочна гублялася, жанчына. І вось нават такая ня самая моцная альтэрнатыва набрала ня менш за чвэрць галасоў.

Думаецца, і экспэрты, і мэдыі, і апазыцыя, дый само насельніцтва недаацанілі ўзроўню грамадзкага незадаволеньня

І я вось думаю: а калі б апазыцыя змагла аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата? А калі б заходнія спонсары дапамаглі? А калі б вылучылі трохі мацнейшага кандыдата, які меў бы хаця б больш прымальную для электарату біяграфію? Маю на ўвазе чалавека, які меў бы досьвед кіраваньня. Хоць бы нейкага былога дырэктара заводу. Каб не было расколу апазыцыйнага электарату, і ніхто не заклікаў да байкоту, каб наадварот, была яго мабілізацыя, заклік прыйсьці і прагаласаваць. Можна меркаваць, што гэта была б зусім іншая выбарчая кампанія.

Я кажу не пра нейкі зусім фантастычны праект. Усё гэта рэальна можна было зрабіць. Праблема палягае ў суб’ектыўным чыньніку, у якасьці лідэрства ў апазыцыі.

Можна, канечне, сказаць, што якая розьніца, Ярмошына ўсё роўна засьведчыла б традыцыйныя звыш 80% на карысьць Лукашэнкі. Усё так. Але калі сытуацыя фіфці-фіфці, то рабіць гэта было б значна складаней. Бо зусім іншы псыхалягічны стан грамадзтва.

Думаецца, і экспэрты, і мэдыі, і апазыцыя, дый само насельніцтва недаацанілі ўзроўню грамадзкага незадаволеньня. Лічылі, што на тле ўкраінскіх падзей усё безнадзейна, усё пад кантролем, схоплена, народ знаходзіцца ў летаргічным сьне, таму ня варта мітусіцца. У выніку апазыцыйныя лідэры палічылі, што падчас гэтай кампаніі застаецца толькі вырашаць свае ўласныя ці партыйныя задачы.

Вядома, што гісторыя, мінулы досьвед ніколі нікога ня вучыць. А шкада.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG