Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырк Шубэль: Канчатковае рашэньне па санкцыях Эўразьвяз прыме ў лютым


Дырк Шубэль

Дырк Шубэль

Кіраўнік дэпартамэнту па краінах Усходняга партнэрства ў Эўрапейскай дыпляматычнай службе Дырк Шубэль выступіў у сераду 14 кастрычніка ў Эўрапейскім парлямэнце ў Бруселі з нагоды санкцый ў дачыненьні да Беларусі.

Эўрапейскі чыноўнік адзначыў, што «найперш уся праца, якую мы правялі апошнія паўтара года ў рамках дыялёгу па мадэрнізацыі, дэманструе таксама і беларускую волю разьвіваць больш цесныя дачыненьні з Эўрапейскім Зьвязам. І відавочна гэта тое, што мы хочам. Мы ня верым, што ізаляцыя зьяўляецца найлепшым спосабам уплыву на палітыку ў краіне, мы лічым лепшымі дыялёг і абмен».

Дырк Шубэль пацьвярджае, што «канечне, мы хочам уплываць на палітыку ў Беларусі. Мы хочам, каб былыя палітычныя зьняволеныя былі цалкам рэабілітаваныя. Мы хочам, каб свабода выказваньня ня мела абмежаваньняў у Беларусі. Мы хочам мець моцную і структураваную грамадзянскую супольнасьць, мы хочам бачыць свабоду аб’яднаньняў і, вядома, квітнеючую Беларусь, дзе можна бясьпечна інвэставаць у прадпрыемствы, і гэта азначае, што правы і абавязкі рэгулююцца толькі вяршэнствам права».

Дырк Шубэль кажа пра магчымасьці, якія гэта дае Беларусі. «Мы хочам палегчыць доступ Беларусі да міжнароднага фінансаваньня, у тым ліку праз Эўрапейскі інвэстыцыйны банк і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, і, вядома, таксама МВФ, куды Беларусь зьвярнулася. Мы хочам таксама падтрымаць ўступленьне Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, і тут мы хочам умацаваць нашы намаганьні, каб дапамагчы Беларусі, якая не была гэтак актыўная з розных прычынаў», — адзначае ён.

Кіраўнік дэпартамэнту па краінах Усходняга партнэрства Эўрапейскай дыпляматычнай службы тлумачыць, што «з аднаго боку, нам бы давялося падоўжыць санкцыі на тэрмін пасьля 31 кастрычніка 2015 году, бо гэта крайні тэрмін, калі яны скончаць дзеяньне, калі іх не працягнуць. Але ў той жа час мы прыпынім дзеяньне санкцыяў у тым выпадку, калі да 31 кастрычніка не адбудзецца пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. У лютым мы зробім ацэнку сытуацыі. Чаму ў лютым? Таму што тады мы атрымаем канчатковую справаздачу БДІПЧ АБСЭ па выбарах і мы зможам ацаніць сытуацыю ў Беларусі за больш доўгі пэрыяд, а ня толькі за пэрыяд перад выбарамі».

XS
SM
MD
LG