Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакеіст распавёў, як яго прасілі не чапаць Пуціна


Пуцін закідвае шайбу ў свой дзень нараджэньня кастрычніка 2015 году

Пуцін закідвае шайбу ў свой дзень нараджэньня кастрычніка 2015 году

Падчас нядаўняга матчу Начной хакейнай лігі з удзелам Уладзімера Пуціна хакеістам не далі згуляць з расейскім прэзыдэнтам па-сапраўднаму, піша расейскае выданьне «Маскоўскі камсамолец».

Газэта прыводзіць словы чалябінскага хакеіста Яўгена Пяроўскага, які сьцьвярджае, што перад матчам былі рэкамэндацыі. «З Уладзімерам Уладзіміравічам папрасілі згуляць больш акуратна, прасілі перад ім не падаць, не ўторкнуцца ў яго выпадкова, асабліва да абаронцаў зьвярталіся. З астатнімі — далі „зялёнае сьвятло“, сказалі гуляць па-сапраўднаму», — распавёў Пяроўскі.

Гаворка ідзе пра гала-матч Начной хакейнай лігі (НХЛ), які прайшоў у дзень нараджэньня Пуціна 7 кастрычніка. Гульня праходзіла на лядовай арэне «Шайба» у Сочы. У матчы сышліся каманды «Зоркі НХЛ», за якую выступаў расейскі прэзыдэнт, і «Зборная НХЛ». Уладзімер Пуцін закінуў сем шайбаў. Сустрэча завяршылася зь лікам 15:10 на карысьць «Зорак».

Разам у Пуціным гулялі Вячаслаў Фяцісаў, Аляксей Касатонаў, Павал Бурэ, Валерый Каменскі, Аляксандр Магільны, Аляксей Жамноў, Аляксандр Якушаў, Сяргей Макараў, міністар абароны Сяргей Шайгу. Сярод тых, хто ўвайшоў у каманду «Зборнай НХЛ» былі бізнэсоўцы Генадзь Цімчанка, Аркадзь і Барыс Ратэнбэргі, губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў.

Агенцтва ТАСС адзначае, што для Пуціна, які традыцыйна грае ў Начной лізе пад нумарам 11, гэта быў ня самы выніковы матч. У траўні ў аналягічным паядынку ён закінуў 8 шайбаў.

Начная ліга была ўтворана 15 сьнежня 2011 году з ініцыятывы Ўладзімера Пуціна. НХЛ аб’яднала аматараў хакея, якія ў вольны ад асноўнай дзейнасьці час, як правіла, па вечарах, зьбіраліся для гульні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG