Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: манапалізацыя ўлады Лукашэнкам зьяўляецца непасрэднай пагрозай незалежнасьці Беларусі


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, архіўнае фота

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, архіўнае фота

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заявіла, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ня могуць лічыцца справядлівым і дэмакратычным волевыяўленьнем беларускага народу.

У заяве ад 14 кастрычніка Рада БНР зьвяртае ўвагу на тое, што падчас выбараў адсутнічалі раўнапраўныя ўмовы для вядзеньня кампаніі, выбарчыя камісіі былі непадкантрольныя і непадсправаздачныя грамадзтву, а працэс падліку галасоў быў цалкам непразрысты:

«Рада БНР робіць выснову, што грамадзянін Аляксандар Лукашэнка, які, паводле афіцыйных вынікаў, мае быць абвешчаны пераможцам «выбараў», якія адбыліся, надалей не зьяўляецца законна абраным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Спасылаючыся на сваю заяву ад 7 ліпеня 2015 году, Рада БНР канстатуе, што Рэспубліка Беларусь надалей застаецца недэмакратычнай дзяржавай, дзе адсутнічае інстытуцыяналізаваная палітычная канкурэнцыя, а ўлада незаконна манапалізаваная групай людзей на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Рада БНР паўторна зьвяртае ўвагу на тое, што ніводныя выбары і ніводзін рэфэрэндум, праведзеныя ў Рэспубліцы Беларусь ад 1994 году, не адпавядалі дэмакратычным нормам, таму прынамсі з 1996 году ў Беларусі «адсутнічаюць легітымна і законна сфармаваныя нацыянальныя заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя органы ўлады».

Рада БНР далей заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь гарантаваць грамадзянам дэмакратычныя правы і свабоды, стварыць у краіне перадумовы для правядзеньня паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў:

«Зважаючы на актуальную сытуацыю ў міжнароднай палітыцы і ў эканоміцы, Рада БНР заяўляе, што адсутнасьць дэмакратычнага палітычнага працэсу ў Беларусі і манапалізацыя ўлады ў краіне з боку групы на чале з А. Лукашэнкам зьяўляюцца непасрэднай пагрозай незалежнасьці Беларусі і дабрабыту беларусаў», — адзначаецца ў заяве.

Рада БНР таксама заклікае міжнародную супольнасьць спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і ажыцьцяўляць ціск на ўлады з гэтаю мэтай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG